ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),
аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер 3/4 або 3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням.нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.Бетховена — «ням. танец»), І.Брамс, А.Брукнер, Ф.Шуберт, Р.Шуман, Г.Малер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 103 да 4 103кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Трафім Дзянісавіч) (29.9. 1898, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна —20.11.1976),
савецкі вучоны-аграном. Акад.АН Украіны (1934), УАСГНІЛ (1935), АНСССР (1939). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Кіеўскі с.-г.ін-т (1925). У 1934—38 дырэктар Усесаюзнага селекцыйна-генет. ін-та, у 1940—65 — Ін-та генетыкі АНСССР. Прэзідэнт УАСГНІЛ у 1938—56 і 1961—62. Стваральнік псеўданавук. канцэпцыі спадчыннасці, зменлівасці і відаўтварэння. Адмаўляў класічную генетыку, сцвярджаў магчымасць наследавання набытых прыкмет. У 1930—64 дзейнасць Л. падтрымлівалася І.В.Сталіным, М.С.Хрушчовым. Вучэнне і практычныя рэкамендацыі Л. былі неабгрунтаваныя і ўкараняліся адміністрацыйна, што нанесла вял.эканам. шкоду. Былі разгромлены навук.генет. школы, рэпрэсіраваны многія вучоныя, што прывяло да дэградацыі с.-г. і біял. адукацыі, прыпынення развіцця біялогіі і сельскай гаспадаркі. Дзярж. прэміі 1941, 1943, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗДАКІ́ЦКІ РУХ,
народны рух у дзяржаве Сасанідаў у 490 — канцы 520-х г. Ідэалогіяй М.р. было рэліг.-філас. вучэнне маздакізм, якое ўзнікла ў канцы 3 ст. Гал. змест вучэння — ідэі барацьбы Святла (Дабра) і Цемры (Зла), усеагульнай роўнасці, падзелу маёмасці. Рух узнік ва ўмовах эканам. і паліт. крызісу, росту ўплыву арыстакратыі і аслаблення царскай улады, разарэння іранскіх сялян, многія з якіх з-за жорсткага шлюбнага заканадаўства не маглі стварыць сям’ю. Быў падтрыманы царом Кавадам I [488—496, 499—531]. Прыхільнікі маздакізму занялі важныя дзярж. пасады, кіраўнік М.р. Маздак стаў адной з першых асоб дзяржавы. Маздакісты захоплівалі маёмасць знаці і аддавалі яе бедным, было палегчана шлюбнае заканадаўства. Аслабіўшы арыстакратыю, Кавад I у канцы 520-х г. парваў з маздакізмам, а яго сын Хасроў задушыў М.р. Маздак быў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЕРЛА́ЎК (сапр.Фрыдфельд) Алексіс
(15.4.1866, г. Ікшкіле, Латвія — 19.4.1943),
латышскі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр; заснавальнік сучаснай лат. рэжысуры. З 1886 удзельнічаў у аматарскіх спектаклях ў Рызе. З 1890 акцёр, рэжысёр Рыжскага лат.т-ра. У 1909—11 і з 1914 кіраўнік Новага рыжскага, з 1915 у петраградскім Новым лат. т-рах, з 1919 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі, у 1919—38 у Нац. т-ры (да 1921 дырэктар). Паставіў спектаклі: «Ворагі» М.Горкага і «Адзін і многія» А.Упіта (абодва 1919), «Іосіф і яго браты» (1920) і «Іграў я і скакаў» (1921) Я.Райніса, «Купальшчыца Сусанна» Упіта (1922). Сцэн. вобразы адметныя эмацыянальнасцю, глыбокай тыповасцю, смеласцю ў выбары сродкаў акцёрскай выразнасці: Кленга, Кангар («У агні» Р.Блаўмана, «Агонь і ноч» Райніса), Атынгаўзен («Вільгельм Тэль» Ф.Шылера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],
1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗААПА́РК.
Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш.Многія жывёлы размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,
агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш.Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.
Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.
партыя ў Афганістане з сярэдзіны 1960—90-х г.Засн. 1.1.1965 групай афганскіх інтэлігентаў-марксістаў. З 1967 падзялілася на фракцыю «Хальк» («Народ»), якая стаяла на крайне левых пазіцыях, і больш памяркоўную «Парчам» («Сцяг»). У 1977 абедзве фракцыі аб’ядналіся, фактычна захаваўшы самастойнасць. Захапіўшы ў 1978 уладу, НДПА абвясціла Дэмакр. Рэспубліку Афганістан на чале з лідэрам «Хальк» Н.М.Таракі. У выніку міжфракцыённых супярэчнасцей у 1978—79 многія члены «Парчам» былі рэпрэсіраваны. Пасля ўводу ў Афганістан у снеж. 1979 сав. войск з іх дапамогай да ўлады ў НДПА і краіне прыйшоў лідэр «Парчам» Б.Кармаль, які ў 1986 быў адхілены М.Наджыбулой. Ў 1990 НДПА афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму і прыняла назву Партыя «Ватан» («Айчына»). Пасля захопу Кабула ў 1992 маджахедамі (гл.Муджахіды) спыніла існаванне.