СВІНАВО́Д,

рака ў Лельчыцкім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 511 км². Пачынаецца за 4 км на Пн ад в. Данілевічы Лельчыцкага р-на, вусце за 1 км на Пн ад в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага р-на. Цячэ па ўсх. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Даліна ў вярхоўі месцамі трапецападобная, вузкая, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная. Пойма ў верхнім цячэнні перарывістая, у сярэднім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім — зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча звілістае.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ТЦА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн. ускраіне г. Браслаў. Пл. 0,29 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 4,1 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн нізкія, пад забудовамі, часткова разараныя, месцамі змяняюцца балотамі, на Пд выш. да 15 м (камавыя ўзгоркі). Пойма шыр. 5—70 м. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. (акрамя 3) пясчаная. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Бярэжа.

т. 14, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРА́М,

востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕЙК (Snake), Змяіная рака,

рака на ПнЗ ЗША, левы прыток р. Калумбія. Даўж. каля 1670 км, пл. бас. 282,3 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, у межах Йелаўстонскага нац. парку, цячэ па ўсх. ускраіне Калумбійскага плато, месцамі ў каньёнах. На С. — самы глыбокі каньён Паўн. Амерыкі — Хелс (2410 м). Утварае вадаспады (Шашоні, выш. 65 м, і інш.). Разводдзе ў крас.—чэрвені. Сярэдні расход вады 1390 м³/с. ГЭС і вадасховішчы. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная для невял. суднаў ад г. Льюістан. На С. — гарады Айдаха-Фолс і Туін-Фолс.

т. 15, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́КЛЫ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 2 км на Пн ад г.п. Відзы. Пл. 1,01 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км, пл. вадазбору 9,4 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. да 3 м, на Пн да 9 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Пойма шыр. 10—20 м. Дно выслана сапрапелем, месцамі каля берагоў пясчанае. Зарастае. Злучана пратокай з Відзскім возерам, выцякае ручай у р. Дрысвята.

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЯРУ́СКАЕ УЗВЫ́ШША У Расійскай Федэрацыі, часткова на ПнУ Украіны, на Усх.-Еўрапейскай раўніне, ад шыротнага адрэзка даліны р. Ака на Пн да Данецкага кража на Пд. Даўж. каля 1000 км, шыр. 500 км, выш. да 293 м. Паўд.-ўсх. частка — Калацкае ўзвышша. Складзена з вапнякоў, мелу і мергелю, перакрытых пясчана-гліністымі і лёсавымі адкладамі. Пераважае ўзгорыста-лагчынны рэльеф; месцамі развіты карст. Буйныя рэкі: Ака, Дзясна, Сейм, Псёл, Дон. Шыракалістыя лясы на Пд пераходзяць у стэп, які амаль цалкам разараны. Запаведнікі: Цэнтральначарназёмны і Галічча Гара.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Аляксандраўка, Лутна і Чорнае. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі сожскага гарызонту. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, з лінзамі карычнявата-бурага, ажалезненага, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру 12,5—55,7%. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 8,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—14,6 м, ускрышы (пяскі гліністыя, супескі тонкія) 0,2—5,5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́ДСКА-ПСКО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА Гдоўскае,

Пейпсі. У Эстоніі і Пскоўскай вобл. Расіі. Пл. 3,5 тыс. км². Глыб. да 15 м. Складаецца з Чудскога возера, Пскоўскага возера і праліва, што іх злучае (Цёплае возера). З’яўляецца рэліктам вял. ледавіковага вадаёма. Берагі пераважна нізінныя, тарфяныя, затапляюцца ў паводку; на плоскім дне магутная тоўшча ілу. Уздоўж паўн. і ўсх. берагоў Чудскога воз. цягнецца пясчаны бар, месцамі парослы хвояй. Шмат астравоў, найбуйн. — Пірысар (Порка). Упадае каля 30 рэк (найбольшыя Вялікая і Эмайыгі), выцякае р. Нарва. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Згонна-нагонныя з’явы. Суднаходства. Рыбалоўства.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., каля г.п. Астравец і хутара Янава. Створана ў 1955 плацінай на р. Лоша (бас. р. Вілія). Пл. 1,1 км², даўж. 7,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 7,5 м. Аб’ём вады 2,3 млн. м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 92 млн. м³. Берагі высокія, месцамі да 10 м. Ёсць 2 залівы, востраў пл. 0,2 га. Каля берагоў зарастае. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 0,1 м. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Янаўская ГЭС), арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і рэкрэацыі.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)