ХАРЧА́РМІЯ, Харчова-рэквізіцыйная армія Наркамхарчу РСФСР,

спецыяльнае ўзбр. фарміраванне, з дапамогай якога сав. дзяржава ажыццяўляла харчовую дыктатуру ў 1918—21. Створана ў маі—чэрв. 1918 пры Наркамаце харчавання, з мая 1919 у складзе Войск унутр. аховы з захаваннем падпарадкавання Наркамхарчу. Складалася са створаных пры мясц. органах Наркамхарчу харчатрадаў, з якіх на ваен. ўзор фарміраваліся харчбатальёны і харчпалкі. Іх абавязкі: атрыманне харчавання ад сялян, падаўленне антысав. выступленняў, ахова харч. грузаў і інш. Камплектавалася з добраахвотнікаў, з 1919 і за кошт мабілізаваных. Колькасны склад у чэрв. 1918—2863, у кастр. 1919—45 440, у вер. 1920—77 550 чал. Спыніла існаванне з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТАМІ́ Сеед Махамад (н. 29.9.1943, Ардакан, Іран),

дзяржаўны дзеяч Ірана. Скончыў тэалагічныя ф-ты Ісфаханскага і Тэгеранскага ун-таў. За ўдзел у апазіцыі рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві быў арыштаваны. У 1978—79 кіраўнік Ісламскага культ. цэнтра ў г. Гамбург (Германія). Пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 дэп. іранскага парламента (меджліса), кіраўнік выд-ва «Кейхан», міністр культуры і ісламскай арыентацыі. З 1992 дырэктар Нац. б-кі і саветнік прэзідэнта Ірана. З мая 1997 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Выступае за лібералізацыю паліт. рэжыму Ірана, за большую яго адкрытасць для свету.

Літ.:

Казеев К. Президент ИРИ Сейед Мохаммад Хатами // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ КП(б)Б [ЦБ КП(б)Б],

вышэйшы кіруючы орган Кампартыі Беларусі паміж з’ездамі са снеж. 1918 да сак. 1919 і з вер. 1920 да лют. 1924. З сак. 1919 да вер. 1920 КП(б)Б была аб’яднана з КП(б) Літвы і Беларусі. Выбіралася з’ездам для ажыццяўлення паліт., гасп. і культ. кіраўніцтва ў рэспубліцы, рэалізацыі рашэнняў з’ездаў РКП(б) і КП(б)Б. Мела Сакратарыят і Прэзідыум, з лют. да мая 1924 у сувязі з правядзеннем узбуйнення БССР замест ЦБ існавала Часовае Беларускае Бюро ЦК РКП(б). VIII з’езд КП(б)Б (12—14.5.1924) выбраў ЦК КП(б)Б (гл. Цэнтральны Камітэт КПБ).

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛКО́ВА-ШЭЛЕГАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Смерць фашызму» з ням. фашыстамі ў вёсках Шалкова і Шэлегаўка Полацкага р-на Віцебскай вобл. 10.5.1943 у Вял. Айч. вайну. У час падрыхтоўкі да карнай аперацыі супраць партызан 624-ы ахоўны батальён гітлераўцаў выселіў з названых вёсак усіх жыхароў і размясціўся ў іх. Кіраўніцтва партыз. брыгады (камандзір У.​В.​Мельнікаў) распрацавала план знішчэння карнікаў. У ноч на 10 мая штурмавыя групы партызан атакавалі фаш. гарнізоны ў гэтых вёсках. У выніку баёў партызаны знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, іх склады з боепрыпасамі і харчаваннем, захапілі штабныя дакументы, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, амуніцыю, коней і інш.

У.​С.​Ласэ.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕД Віктар Мікітавіч (н. 23.3.1925, в. Мора Падляскага ваяв., Польшча),

бел. паэт. Засл. дз. культ. Польшчы (1971). Скончыў Бел. ліцэй у Бельску-Падляскім (1946), Акадэмію паліт. навук у Варшаве (1951), аддз. журналістыкі (1955) і бел. філалогіі (1969) Варшаўскага ун-та. Чл. літ.-маст. аб’яднання «Белавежа». Друкуецца з 1957. Піша на бел. і польскай мовах. У паэт. зб-ках «Жыццёвыя сцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Мая зялёная Зубровія» (1990), «Вясёлка», «Родны схоў» (абодва 1991) і інш. тэма вернасці роднай зямлі і мове. Піша для дзяцей. Перакладае з бел., рус., укр. моў на польскую, з польскай — на бел. мову. Некат. яго вершы пакладзены на музыку.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 17, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУГА́ЕЎ Мікалай Аляксандравіч (1912, г. Сомава Ніжагародскай вобл., Расія — 26.4.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. У пач. 1930-х г. у ліку 25-тысячнікаў накіраваны на Беларусь. Працаваў пам. нач. палітаддзела саўгаса «10-годдзе БССР» Любанскага р-на, інструктарам ЦК КП(б)Б, у апараце Наркамата паліўнай прам-сці БССР. З першых дзён акупацыі ўключыўся ў падп. барацьбу супраць ням.-фаш. захопнікаў, стварыў і ўзначаліў дыверсійную групу ў Варашылаўскім р-не г. Мінска. З мая 1942 сакратар Варашылаўскага падп. райкома КП(б)Б. Пры яго ўдзеле створана партыз. брыгада «Штурмавая». Арыштаваны і закатаваны ў мінскай турме. У Мінску яго імем названа вуліца.

т. 17, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́СЦЕР (Schuster) Рудольф (н. 4.1.1934, г. Кошыцы, Славакія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Славакіі. Д-р эканам. н. (1997). Скончыў Славацкую вышэйшую тэхн. школу ў Браціславе (1959). Да 1962 у розных НДІ Браціславы, потым на кіруючых пасадах у гаспадарцы і чыг. транспарце г. Кошыцы; з 1986 мэр Кошыц. З 1987 старшыня Усходнеславацкага краявога нац. к-та, з 1989 — Славацкага Нац. Савета (парламент). У 1990—92 пасол Чэхіі і Славакіі ў Канадзе, потым у МЗС Славакіі. З 1994 зноў мэр Кошыц. Заснавальнік і лідэр (з 1998) Партыі грамадз. згоды. Прэзідэнт Славакіі з мая 1999. Прыхільнік паскоранай інтэграцыі краіны ў НАТО і Еўрап. Саюз.

Н.​А.​Царук.

Р.Шусцер.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮКАТА́Н (Yucatán),

паўвостраў у Цэнтр. Амерыцы, паміж Мексіканскім зал. і Карыбскім м., пераважна ў Мексіцы (штат Юкатан), паўд.-ўсх. ч. ў Гватэмале і Белізе. Пл. каля 180 тыс. км². Берагі на Пн і З нізкія, лагунныя; на У абрывістыя, з бухтамі, акаймаваныя каралавымі рыфамі. Б.ч. паверхні — нізінная раўніна, на ПдУ горы Мая (выш. да 1122 м). Развіты карст. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў на Пн да 500 мм, на Пд да 2000 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, рэдкалессі; у цэнтр. ч. і на Пд вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі агавы-хенекена, цытрусавых, бавоўніку, кукурузы. Парты: Кампечэ, Прагрэса (Мексіка). На Ю. шмат помнікаў культуры народа майя.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́МНАЕ ВО́ЗЕРА У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 1 км на ПдЗ ад пас. Першае Мая, за 16 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 2,28 км², даўж. 2,3 км, найб. шыр. 1,31 км, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 6,49 км. Пл. вадазбору 9 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з Пн на Пд, размешчана сярод вярховага балота. Схілы катлавіны слабавыразныя, на Пн выш. 3—8 м, супясчаныя. Берагі выш. 0,4—0,7 м, тарфяныя, абрывістыя, на Пн пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, участкамі пясчанае. Зарастае. Шыр. прыбярэжнай паласы трыснягу і чароту 50—100 м. Бяссцёкавае.

т. 18, кн. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)