горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс.ж., з прыгарадамі 686 тыс.ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр.прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл.мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАК ((Braque) Жорж) (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАС ((Grass) Гюнтэр) (н. 16.10.1927, г. Данцыг, цяпер г. Гданьск, Польшча),
нямецкі пісьменнік. У 1948—49 вучыўся ў Маст. акадэміі ў Дзюсельдорфе, у 1953 — у Ін-це выяўл.мастацтваў (Зах. Берлін). У раманах «Бляшаны барабан» (1959, экранізаваны ў 1979), «Сабачыя гады» (1963), «Пад мясцовым наркозам» (1969), «З дзённіка смаўжа» (1972), «Камбала» (1977), «Пацучыха» (1986), аповесцях «Кошка і мыш» (1961), «Сустрэча ў Тэльгце» (1979) разглядае праблемы пасляваен. рэчаіснасці ў Германіі, асэнсоўвае паходжанне фашызму і інш. таталітарных рэжымаў. Яго творам уласцівы прытчавасць, насычанасць гіст. і міфалагічнымі алюзіямі, спалучэнне сатыры і гратэску з паэтычнасцю. Пісаў п’есы, вершы, літ.-крытычныя артыкулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ДЗЮЎ ((De Duve) Крысціян Рэнэ) (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),
бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг.АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,
нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводле інш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДЗЬКА (Генадзь Браніслававіч) (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-тмастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.Купалы), Драгун («Парог» А.Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Звон — не малітва» І.Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АЛАМБЕ́Р ((D’Alembert) Жан Лерон) (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),
французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех.сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».