МАРКС ((Marx) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),
мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.
Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.
Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л.Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.І.Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл.Марксізм, Марксізм-ленінізм).
Тв.:
Бел.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1951—52;
Рус.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч.Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.
Літ.:
Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;
Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;
Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;
Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.Маркса и Ф.Энгельса. Мн., 1991;
Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КАў Маскве,
нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.
Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр. рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічная б-ка імя У.І.Леніна, з 1925 Дзярж.б-каСССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн.экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.С.Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.І.Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.Буднага, А.Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.Зізаніяў, П.Бярынды, М.Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697, напісаныя мазырскім дзякам В.Г.Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.Каніскага, копіі з выданняў Ф.Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.Гарабурды, П.Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.
Літ.:
Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;
История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.И.Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;
Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;
Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.Й.Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;
Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л.кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі