МА́НУС (Manus),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у архіпелагу Адміралцейства астравы. Тэр. дзяржавы Папуа—Новая Гвінея. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 36 тыс. чал. (1980). У цэнтры вострава горы, выш. да 719 м. Клімат субэкватарыяльны, вільготны. Вечназялёныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы. Гал. г. Ларэнгау.

Да арт. Манументальны жывапіс. Мікеланджэла. Сівіла Кумская. З размалёўкі столі Сіксцінскай капэлы. Паміж 1508—12. Рым. Ватыкан.
Да арт. Манументальны жывапіс. К.​Д.​Гескі. Размалёўка скляпенняў трансепта ў інтэр’еры касцёла езуітаў у Нясвіжы. 18 ст.
Да арт. Манументальны жывапіс. Фрэска ў інтэр’еры касцёла кармелітаў у Магілёве. 18 ст.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭН (Maine),

гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі. На яе тэр. дэпартаменты Маен, Орн, Эр і Луар, Сарта, часткова Луар і Шэр. Пл. 16 тыс. км². Нас. каля 1,5 млн. чал. (1997). Гал. горад — Ле-Ман. Займае ўзвышшы Перш і Нармандскае, плато Бос, навакольныя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Прам-сць: харч. (масла, сыр камамбэр, інш. малочныя прадукты), тэкст., гарбарна-абутковая. Горад Ле-Ман — цэнтр аўтамабіле- і авіябудавання. Выраб карункаў і саф’яну. Здабыча азбесту. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, коні). Вырошчваюць збожжа, цукр. буракі, фуражныя культуры. Вінаградарства і садоўніцтва. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

востраў у Атлантычным ак., каля ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі (Канада, ч. правінцыі Ньюфаўндленд). Пл. 111 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. чал. (1996). Ад мацерыка аддзелены пралівам Бел-Айл. Паверхня — плато з асобнымі кражамі і масівамі (найб. выш. 814 м). Берагі пераважна скалістыя, высокія. Клімат умераны, вільготны. Ападкаў 750—1500 мм за год. Рэкі кароткія, парожыстыя. Шмат азёр і балот. Радовішчы жал., медных і свінцовых руд. Да выш. 350—400 м хвойныя лясы, вышэй — участкі тундравай расліннасці. Рыбалоўства. Кансерваванне рыбы. Лесанарыхтоўкі, цэлюлозна-папяровая вытв-сць. Гал. горад і порт Сент-Джонс.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДАС,

пустыннае плато на ПнЗ вял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс. км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля ​1/2 тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),

устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЁХА, Ла-Рыёха (La Rioja),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі. Пл. 5 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Лагроньё. Размешчана ў перадгор’ях Пірэнеяў (на Пн) і Іберыйскіх гор (на Пд); у цэнтр. ч. даліна р. Эбра. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. Захаваліся ўчасткі вечназялёных дубовых лясоў з удзелам хваёвых лясоў і хмызнякоў. У гарах дубовыя лясы. Раён вінаградарства і вінаробства. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, гародніну. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць пераважна харч., тэкст., дрэваапрацоўчая. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Турызм.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЎЕ́РА (Riviera),

паласа ўзбярэжжа Міжземнага (на З) і Лігурыйскага (на У) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца на франц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн. еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВО́Я (Savoie),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, у Савойскіх Альпах. Уключае дэпартаменты Савоя і Верхняя Савоя. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (2000). Гал. горад — Шамберы. Рэльеф горны. У гарах лясы з дубу і каштану, вышэй — хвойныя лясы і альпійскія лугі. Клімат умераны, вышэй за 2000 м — халодны. Раён развітой прам-сці (ГЭС, электрахім. і электраметалургічная, дрэваапр., папяровая, станкабуд., гарбарная) і турызму (базы зімовага спорту, курорты Шамані, Эвіян-ле-Бэн і інш.). Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Выраб сыроў. У далінах пасевы пшаніцы, бульбы, фуражных культур, сады і вінаграднікі.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЫ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У сумежных раёнах Сірыі, Іарданіі, Ірака і Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1 млн. км². Вапняковае плато і лававыя палі выш. 500—800 м, астраўныя горы выш. да 1100 м, многа бяссцёкавых катлавін і сухіх рэчышчаў, паніжэнні з саланчакамі і такырамі, участкі пясчаных і камяністых пустынь. Паверхня зніжаецца да даліны р. Еўфрат і Месапатамскай нізіны. Клімат субтрапічны кантынент., сухі, з цёплай зімой і гарачым летам. На паўн. ускраіне сярэдняя т-ра студз. 6,9 °C, ліп. 29,2 °C. Ападкаў 100—150 мм за год. Разрэджаная эфемерная і палынова-кусцікавая расліннасць, па далінах часовых вадацёкаў зараснікі тамарыску. Качавая жывёлагадоўля.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц. — г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага узв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)