ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксандравіч [1867 (паводле інш. даных 2.1.1868),

Маскоўская губ. — 1937 (?)], расійскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). У 1898—1907 чл. (з 1904 старшыня) Маскоўскай губ. земскай управы. У 1904—05 старшыня бюро земскіх і гар. з’ездаў. Адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў (1905), чл. яе ЦК. У 1907 старшыня 2-й Дзярж. думы, беспаспяхова імкнуўся да згоды паміж рознымі паліт. сіламі ў Думе і дзелавых кантактаў з урадам. У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 удзельнічаў у рабоце Усерас. саюза гарадоў (гл. «Земгор»). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Часовага ўрада па мін-ве двара. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 працаваў у сав. установах.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДКО́Ў Дзяніс Аляксандравіч (23.6.1904, г.п. Круглае Магілёўскай вобл. — 23.3.1948),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1935). Скончыў БДУ. З 1931 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Ін-це гісторыі АН БССР, БДУ, Мінскім пед. ін-це. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Аўтар прац па гісторыі Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Даследаваў развіццё капіталізму, рабочы і сял. рух і інш.

Тв.:

Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Мн., 1931;

Аб развіцці капіталізма ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст. Мн., 1932.

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’ЭСТУРНЕ́ЛЬ ДЭ КАНСТА́Н (d’Estournelles de Constant) Поль (22.11.1852, Шато-дэ-Клермон-Крэан, дэпартамент Сарта, Францыя — 15.5.1924),

французскі дзярж. дзеяч. Барон. Юрыст. З 1876 на дыпламат. службе. З 1895 чл. палаты дэпутатаў, з 1904 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1907) Гаагскіх мірных канферэнцый, канферэнцыі Міжпарламенцкага саюза (1921), чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе (з 1907). У 1905 заснаваў Асацыяцыю міжнар. прымірэння, пазней узначаліў Аддзяленне Фонду Карнегі ў Еўропе. Аўтар кн. «Французская палітыка ў Тунісе» (1891, прэмія Франц. акадэміі), «Амерыка і яе праблемы» (1913), а таксама кнігі пра Стараж. Грэцыю. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з А.Беернарам).

П.Д’Эстурнель дэ Канстан.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),

назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАБЫВА́ННЕ КО́РАНЯ,

алгебраічнае дзеянне, адваротнае ўзвядзенню ў ступень.

Здабыць корань n-й ступені з ліку a — значыць знайсці такі лік (корань) x, n-я ступень якога роўна a. Матэм. запіс x = a . Задача З.к. n-й ступені з ліку a раўнасільная рашэнню ўраўнення xn − a = 0 , якое мае роўна n каранёў. Калі a — сапраўдны дадатны лік, то 1 з каранёў таксама будзе сапраўдным дадатным лікам (арыфм. корань); пад задачай З.к. часта разумеюць знаходжанне менавіта арыфм. кораня. Напр. 81 4 = +3 (арыфм. корань 3), таму што (±3) 4 = 81 ; сярод уяўных лікаў (гл. Камплексны лік) ёсць яшчэ 2 карані: 81 4 = ±3i .

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,

археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ЛЕВАЛА»

(«Kalevala»),

карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.​Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).

«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.​Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.​Сіпакоў.

Публ.: Бел. пер. — Калевала. Мн., 1956.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)