НАРАЧНІ́ЦКІ (Аляксей Лявонцьевіч) (16.2.1907, г. Чарнігаў, Украіна — 14.6.1989),
савецкі гісторык. Акад.АНСССР (1972), правадз.чл.АПНСССР (1968), д-ргіст.н., праф. (1956). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1946 у Ін-це гісторыі АНСССР (у 1974—79 дырэктар), адначасова выкладаў у ВНУ Масквы, гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1962—74). Зрабіў значны ўплыў на арганізацыю і развіццё навук. даследаванняў па ўсеагульнай гісторыі ў СССР, у т. л. на Беларусі. Працы па гістарыяграфіі, гісторыі міжнар. адносін, знешняй палітыкі Расіі і СССР, у т. л. «Каланіяльная палітыка капіталістычных дзяржаў на Далёкім Усходзе, 1860—1895» (1956). Адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; Дзярж. прэмія СССР 1942), інш.калект. прац, у т. л. падручнікаў для ВНУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап.дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НШЭР ((Genscher) Ганс Дзітрых) (н. 21.3.1927, г. Гале, Германія),
палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ, дыпламат. Адвакат. У 1945 служыў у вермахце, быў у амер. і брыт. палоне. З 1946 чл. Ліберальна-дэмакр. партыі Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскім (да 1949) і Гамбургскім ун-тах. Пасля расколу Германіі (1949) жыў у ГДР, у 1952 перасяліўся ў ФРГ. З 1952 чл. Свабоднай дэмакр. партыі (СвДП), у 1974—85 яе федэральны старшыня. У 1969—74 міністр унутр. спраў ва ўрадзе В.Бранта. У 1974—92 міністр замежных спраў і нам. федэральнага канцлера (віцэ-канцлер) ва ўрадах Г.Шміта і Г.Коля. Дыпламатычна садзейнічаў палітыцы разрадкі ў адносінах паміж Усходам і Захадам, аб’яднанню Германіі ў 1990, прызнанню ў 1991—92 новых незалежных еўрап.дзяржаў (краін Балтыі, б. рэспублік Югаславіі) і інш.Дэп. бундэстага (з 1965). Ганаровы старшыня СвДП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,
нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап.дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.
Літ.:
Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПУТА́Т (ад позналац. deputatus упаўнаважаны),
асоба, выбраная ў прадстаўнічы орган дзяржавы ці орган мясц. самакіравання; паўнамоцны прадстаўнік пэўнай часткі насельніцтва — выбаршчыкаў свайго выбарнага органа або ўсёй нацыі. Д. працуе ў адпаведным прадстаўнічым органе на прафес. (у большасці дэмакр.дзяржаў) або непрафес. аснове, г. зн. не парываючы з асн. дзейнасцю. Статус Д. ўстанаўліваецца канстытуцыяй і спец. законамі. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў органах дзярж. улады з’яўляюцца Д. Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Д. мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яго паўнамоцтвы пачынаюцца з дня выбрання і заканчваюцца ў дзень выбрання Д. новага склікання або датэрмінова ў адпаведнасці з заканадаўствам. Д. забяспечваюцца ўмовамі для бесперашкоднага і эфектыўнага ажыццяўлення сваіх правоў і абавязкаў, маюць пэўныя льготы і карыстаюцца дэпутацкай недатыкальнасцю (гл.Імунітэт). Пры неабходнасці Д. можа быць адкліканы сваімі выбаршчыкамі. Адкліканне Д. ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРАЗВЕ́ДКА,
спец. орган разведвальнай службы для аховы краіны ад пранікнення агентуры замежных разведак і для ліквідацыі іх падрыўной дзейнасці. На Беларусі контрразведвальную дзейнасць у адпаведнасці з законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997 ажыццяўляюць органы ўпраўлення ваеннай К. КДБ Рэспублікі Беларусь. Падставамі для ажыццяўлення контрразвед. дзейнасці з’яўляюцца: наяўнасць інфармацыі аб прыметах развед. і інш. дзейнасці спец. службаў, арг-цый і асоб замежных дзяржаў, накіраванай на прычыненне ўрону бяспецы Беларусі; неабходнасць забеспячэння бяспекі аб’ектаў абароннага комплексу, транспарту, сувязі і інш.стратэг. аб’ектаў, а таксама бяспекі прыярытэтных навук. распрацовак, абароны звестак, што складаюць дзярж. тайну, і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Парадак правядзення контрразвед. дзейнасці рэгламентуецца заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю К. ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і ўрад, нагляд за законнасцю дзейнасці — органы пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.
Літ.:
Хрущев К. Военной контрразведке — 80 лет // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),
бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).
Літ.:
Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМЕ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Адзін са стваральнікаў і гал. мастак (з 1995) выд-ва «Панграф». Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Якуба Коласа» (1982), «Песня травы» (1996), рэльефы «Напалм» (1976), «Беларускія спартыўныя гульні» (1979), трыпціх «Свет Міколы Гусоўскага» (1980).
Аформіў інтэр’еры будынкаў бел. аддзялення рас.інфарм. агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), б.ЦККПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; паркеты, люстры, дэкар. агароджы), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979; манум. размалёўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы»). Стварае дызайн каштоўных папер, манет, марак, памятных медалёў. Працуе таксама ў жывапісе («Партрэт Казіміра Малевіча», «Гарадскі раманс», абедзве 1992). Аформіў кн. «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі XVII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996, абедзве з Дз.Бяліцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.