БЭ́КАН ((Bacon) Роджэр) (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),

англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).

Ф.Бэкан.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР ((Adler) Фрыдрых) (9.7.1879, Вена — 2.1.1960),

адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў і тэарэтыкаў аўстрамарксізму. Па адукацыі фізік. У 1911—16 сакратар аўстр. с.-д. партыі. 21.10.1916 застрэліў аўстр. прэм’ера К.​Шцюргка; прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення). У час рэвалюцыі ў Аўстрыі амнісціраваны (1918), кіраваў рабочымі саветамі (да 1919). Дэпутат аўстр. парламента (1919—23). Ген. сакратар 2 ½ Інтэрнацыянала (1921—23) і Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). У 1940 эмігрыраваў у ЗША, з 1946 жыў у Цюрыху.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРАПІДО́З пчол, акароз, акарыёз,

кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАХАБА́Д,

горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.

Алахабад. Рэлігійны фестываль «Кумбх-мела».

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБАТРО́СЫ (Diomedeidae),

сямейства птушак атр. Буравеснікападобных. 2 роды, 13 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.

Даўж. 0,85—1,4 м, маса да 8 кг. Апярэнне шэра-белае, крылы вузкія, доўгія, у размаху да 4,25 м. Узнімаюцца ў паветра толькі з грэбеня хвалі або берагавога абрыву. Нястомныя летуны, добра плаваюць. Гняздуюцца калоніямі на акіянічных астравах. Размнажаюцца ва ўзросце 5—10 гадоў. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Альбатрос беласпінны (Diomedea albatrus) занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.

Альбатросы: 1 — чарнаногі; 2 — беласпінны.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМЯ́Н (Харэн Бабкенавіч) (н. 1.4.1930),

армянскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1969), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1951). Артыст, рэжысёр, у 1980—85 гал. рэжысёр Дзярж. акад. т-ра імя Г.​Сундукяна. Сярод роляў: Арам («Шэсцьдзесят гадоў і тры гадзіны» А.​Араксманяна), Пэпо («Пэпо» Сундукяна), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Пастаноўкі: «Аджы Пайлак» Г.​Тэр-Грыгарана (1973), «Ацван» паводле Н.​Зарана (1980). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія Арменіі 1979. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),

скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.​Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́С,

язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,

умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоўпрэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАДУ́ (Kakatoeinae),

падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.

Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.

Э.​Р.​Самусенка.

Какаду: 1 — жаўтачубы; 2 — чорны.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)