ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),
выкапнёвы прымат (гл.Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫ́ДЫ,
падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.
Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІКІ,
катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст.без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНЫЯ СІСТЭ́МЫ выдавецкія, спецыялізаваныя прыкладныя праграмыЭВМ для падрыхтоўкі і афармлення паліграф. выданняў (кніг, газет, часопісаў і інш.). Асн. іх функцыя — вёрстка (размяшчэнне тэксту, ілюстрацый, розных выяўл. эфектаў і інш.) па старонках выдання. Дазваляюць паказваць падрыхтаваны дакумент (без раздрукоўкі, напр., на паперы) з дапамогай камп’ютэра (на маніторы вял. памераў ці спец. дэманстрацыйнай панэлі). Зыходныя матэрыялы (тэксты, малюнкі, формулы і інш.) папярэдне апрацоўваюцца з дапамогай адпаведных рэдактараў дакументаў (тэкставых, графічных, формульных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНА́ЗЫ, фосфатрансферазы,
ферменты класа трансфераз, што каталізуюць рэакцыі пераносу фасфарыльнага астатку ад адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ), радзей ад інш. нуклеазідтрыфасфатаў, на субстраты. Удзельнічаюць у фасфарыліраванні нізкамалекулярных злучэнняў (глюкоза, вітаміны) і бялкоў. Рэакцыі пераносу К.
ажыццяўляюць з затратай энергіі АТФ (неабарачальныя рэакцыі) і без затраты (абарачальныя рэакцыі). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў. Вядома каля 200 К. Вызначэнне актыўнасці крэацінкіназы ў сываратцы крыві выкарыстоўваюць у дыягностыцы інфаркту міякарда і міяпатый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫ́ЎДА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЙБА,
у беларусаў хадавое пласкадоннае судна з ветразем, завостранымі носам і кармой, без палубы і даху. Вядомы з 15 ст., напачатку — лёгкія ўстойлівыя лодкі. З цягам часу ўдасканалены і павялічаны ў памерах (даўж. 25—30 м, шыр. 4—5 м, грузападымальнасць 24—80 т). З сярэдзіны 19 ст. паступова выцяснялі інш. віды суднаў. Хадзілі на Л. па Зах. Дзвіне, Віліі і ў верхнім цячэнні Дняпра. Шырока выкарыстоўваліся да пач. 20 СТ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭСПА́Н,
вялізная пячора на ПдЗ Францыі, у перадгор’ях Пірэнеяў (дэпартамент Верхняя Гарона) з рэшткамі культуры позняга палеаліту. Адкрыта ў 1923 франц. археолагам Н.Кастэрэ. Ва ўнутр. частках пячоры выяўлены выгравіраваныя на сценах выявы бізонаў і коней, а таксама вылепленая з гліны фігура мядзведзя без галавы (замест яе да фігуры мацаваўся мядзведжы чэрап). На глінянай падлозе пячоры захаваліся сляды ног старых людзей і падлеткаў. М. была месцам культавых і магічных абрадаў (магчыма, і абрадаў ініцыяцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗІЛЬ (Мікалай Ігнатавіч) (26.11.1839, Чэсмены пад Масквой —9.7.1906),
рускі акцёр. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1903). Ў 1865 дэбютаваў у Малым т-ры. З гумарам выконваў ролі амплуа «прасцяка» ў вадэвілях і аперэтах. Пазней характарны акцёр. Найб. вызначыўся ў п’есах А.Астроўскага, у многіх — першы выканаўца: Гаўрыла («Гарачае сэрца», 1869), Пётр («Лес», 1871), Платон («Праўда — добра, а шчасце лепш», 1876), Рабінзон («Беспасажніца», 1878), Нарокаў («Таленты і паклоннікі», 1881), Шмага («Без віны вінаватыя», 1884) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́СНІКІ,
у беларусаў тонкія бліны з пшанічнай мукі. Муку, часам з крухмалам, перамешваюць з узбітым малаком або вадой з яйкамі. На патэльню цеста наліваюць тонкім слоем, каб толькі закрыць яе дно. У Н. загортваюць тварог, мак, мятыя ягады, скваркі, фарш з варанага мяса. Часта Н. спажываюць без начынкі: перагінаюць у 4 столкі і складваюць у макацёр або каструлю, заліваюць маслам або смятанай і ставяць у печ; ядуць з мёдам, варэннем.