РАБО́ЧАЯ СІ́ЛА,

1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).

2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (1909, Смаленшчына — 25.11.1985),

бел. кампазітар. У 1920-я г. пакінуў Беларусь. Тэорыі кампазіцыі вучыўся на Украіне. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі, спачатку ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым пераехаў у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. грамадскіх арг-цый, з 1952 кіраваў хорам пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. Аўтар 60 муз. твораў, сярод іх оперы «Вешчы Алег» паводле А.​Пушкіна, «На край святла» паводле М.​Сяднёва, «Прывіды» паводле І.​Тургенева, 5 сюіт для тэатра, 5 сімфоній, 8 царк. твораў, 2 санаты для раяля, канцэрт для трубы, каля 20 песень на словы М.​Кавыля, Сяднёва, А.​Змагара, П.​Глагольскага, А.​Валошкі, Н.​Арсенневай і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,

крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,

дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводле выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.​Ж.​Русо (1778), А.​Г.​Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.​Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).

Літ.:

Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.

Ж.Гудон. Вальтэр у крэсле. 1781.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Раіса Мікалаеўна) (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),

дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял. Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).

М.​М.​Міцкевіч.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,

дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)