ПО́ЛАЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Дзейнічала ў 1787—1820 у г. Полацк Віцебскай вобл. Створана пры Полацкім езуіцкім калегіуме
(з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Кіраўнікі: Б.Шыркевіч, А.Лянкевіч, Я.Заранек і інш. Шрыфты атрымлівала з Пецярбурга і Варшавы. Выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польск. і лац., часткова на рус., італьян., ням., франц. мовах. Пры друкарні была словалітня. Сярод кніг: падручнікі для вучняў па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1788),
па граматыцы лац. мовы (1790, 1794), рыторыцы (1790, 1799), слоўнікі і інш., творы пісьменнікаў І.Беніслаўскага, М.Карыцкага, Я.Каханоўскага, І.Красіцкага, Н.Мусніцкага, А.Нарушэвіча, філосафа В.Бучынскага і інш., пісьменнікаў-палемістаў 16—17 ст. П.Скаргі, І.В.Руцкага, рым. пісьменнікаў Вергілія, Гарацыя, Плінія і інш., літургічная л-ра. З канца 18 ст. выдавала «Каляндар полацкі», дзе змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы (у т. л. пра Полацк), звесткі па гуманітарных і фіз.-матэм. навуках, крытыка-бібліягр. агляды, пераклады, апісанні падарожжаў у Сібір і на Каўказ; з 1818 да лют. 1820 (з перапынкам у 1819) — час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Маст. афармленне выданняў сціплае, гравюр мала, для аздаблення выкарыстоўваўся наборны арнамент, ксілаграфічныя застаўкі.
Літ.:
Мальдзіс А. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Умецкая Е.С. «Месенчник Полоцкий» — первый журнал дореволюционной Белоруссии // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),
горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сцьэл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-тПаўд. Афрыкі, Паўд.-Афр.акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.
Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр.дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв.акадэмія навук і л-ры. Дзярж.акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАТА́ (Bogotá),
Санта-Фе-дэ-Багата, горад, сталіца Калумбіі. Размешчана ў горнай катлавіне, на зах. схіле Усх. Кардыльераў, на выш. больш за 2500 м. Адм. ц. дэпартамента Кундынамарка; утварае самастойную адм. адзінку — сталічную акругу. 5026 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Эльдарада. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Тэкст., харч., гарбарна-абутковая, паліграф., эл.-тэхн., аўтазборачная, фармацэўтычная прам-сць. Каля Багаты здабыча ізумрудаў. 14 дзярж. і прыватных ун-таў і ін-таў, у т. л.Нац.ун-т Калумбіі. Калумбійская акадэмія. Музеі: Нац.; Нац.археал. і этнаграфіі; калан. мастацтва; золата (стараж.-індзейскіх вырабаў).
Засн. ў 1538 ісп. канкістадорамі ў раёне, які быў цэнтрам стараж. цывілізацыі індзейцаў чыбча. З 1598 сталіца ісп. генерал-капітанства, з 1739 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. У 1819 вызвалена ад іспанцаў С.Баліварам, які зрабіў Багату сталіцай рэспублікі Вялікая Калумбія. Пасля яе распаду з 1831 сталіца Новай Гранады (з 1863 — Калумбіі).
Сетка вузкіх вуліц Багаты цягнецца ўздоўж гор. На гал. плошчы Пласа Балівар — помнік С.Балівару (1842), сабор (засн. ў 17 ст., перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1807—23). Цэрквы калан. перыяду з інтэр’ерамі, багата ўпрыгожанымі разьбой і размалёўкамі (Санта-Дамінга, пачата ў 1577; Сан-Франсіска, 1569—1622; Сан-Ігнасіо, 1625—35); палац Сан-Карлас (канец 16 — пач. 17 ст.). У 19—20 ст. узведзены буйныя грамадскія, дзелавыя, прамысл. будынкі (Нац. капітолій, 1847—1926; атэль «Тэкендама», 1950—53; ф-ка «Кларк», 1953), новыя раёны («Антоніо Нарыньё», «Крысціяна», 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РСК,
горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс.ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас.АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.І.Сурыкава, маст. імя В.І.Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».
Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед.акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙНЦ (Mainz),
горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.
У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн.ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц.франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням.Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл.Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц.акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у г. Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУс.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш.спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш.навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў, С.С.Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Літ.:
Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;
Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТМАНДУ́,
горад, сталіца Непала, на р. Багхматы, у Гімалаях на выш. 1360 м. 535 тыс.ж. (1993). Вузел аўтадарог і караванных шляхоў. Міжнар. аэрапорт. Асн.эканам. цэнтр краіны. Разнастайная маст.-рамесніцкая вытв-сць (прадметы хатняга ўжытку, прыкладнога мастацтва). Цэм., фармацэўтычныя, гарбарныя, тэкст., рамонтна-мех., ганчарныя прадпрыемствы. Здабыча мармуру. Ун-т. Каралеўская акадэмія, Асацыяцыя прыгожых мастацтваў. Нац.т-р і музей. Нумізматычны музей. Рэліг. цэнтр будызму. Быў моцна разбураны землетрасеннем (1934).
Засн. ў 724 непальскім правіцелем пад назвай Кантыпур. У час праўлення дынастыі Мала (13—15 ст.) паліт. цэнтр Непальскай даліны. З 1593 наз. К. (ад назвы стараж. драўлянай пагады Кастамандап). У 1482—1769 цэнтр аднайм. удзельнага княства. З 1769 сталіца Непала.
Над сярэдневяковымі кварталамі вузкіх вулачак з 2—3-павярховымі драўлянымі і цаглянымі дамамі ўзвышаюцца сучасныя будынкі грамадскіх, культ., гандл. устаноў. Сярод помнікаў: палац-пагада Катх Мандыр (Кастамандап; 1596), комплекс каралеўскіх палацаў і храмаў «Хануман Дхака» (15—18 ст.) з палацам каралёў дынастыі Мала, 3-яруснай капліцай-пагадай Таледжу (1549) і палацам Васантпур Дарбар (2-я пал. 18 ст.); Сінгха Дарбар (Палац Ільвоў; б. палац уладароў з сямейства Рана; пач. 20 ст.) і каралеўскі палац Нараянхіты Дарбар (пач. 20 ст.) — абодва ў неакласічным стылі. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: будынкі Вярх. суда, Горнага бюро, аэрапорта, шпіталя (1960—62, арх. К.С.Матаян), помнік змагарам рэвалюцыі 1951. Каля К. ступа Бадхнатх і арх.-скульпт. комплекс Сваямбхунатх з каменнымі буд. рэльефамі 6—8 ст. (абодва 3 ст. да н. э., перабудаваны ў 8—9 ст.), комплекс індуісцкіх храмаў Пашупатынатх (закладзены ў 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШТ (Budapest),
горад, сталіца Венгрыі. У цэнтры краіны на берагах Дуная. Адм. ц. медзье Пешт. 1995,7 тыс.ж. (1993). Гіст.ч. горада — Буда (правы ўзгорысты бераг Дуная) і Пешт (левы раўнінны) злучаны 8 аўтамаб. і 2 чыг. мастамі. Трансп. вузел краіны — рачны порт, вузел 10 чыгунак і 8 шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт Ферыхедзь. Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прадпрыемствы горада выпускаюць каля 1/3прамысл. прадукцыі Венгрыі, у т. л. каля 60% прадукцыі машынабудавання: вытв-сць аўтобусаў, дызельных цягнікоў, трактароў, матацыклаў, энергет. абсталявання, суднаў, гумава-тэхн. вырабаў. Развіты металургія (выплаўка каляровых металаў, пракату), хімія (мінер. ўгнаенні, кіслоты), буд. індустрыя. У прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны — электроніка і электратэхніка, складанае прыладабудаванне, оптыка, тонкая хімія, мед. абсталяванне, фармацэўтычныя вырабы, тэлефонная і мікрахвалевая апаратура, тэлевізары і інш. Развіты лёгкая (тэкст., швейная, абутковая і інш.), паліграф. і харч. (мукамольная, кандытарская, мясакансервавая, піваварная, плодаагароднінная, вінаробчая і інш.) галіны. Старэйшы на еўрап. кантыненце метрапалітэн (1896).
Як горад Будапешт утвораны ў 1872 пасля аб’яднання гарадоў Пешт, Буда і Абуда (упершыню ўпамінаюцца ў 1148). На месцы Буды ў старажытнасці было пасяленне кельтаў, у 1—4 ст.рым. крэпасць Аквінк. З 1242 Буда — сталіца Венгрыі, з 1350 рэзідэнцыя венг. каралёў. На тэр. Пешта да 10 ст. існавалі слав. паселішчы. У 1541—1686 Буда і Пешт пад уладаю туркаў, з пач. 18 ст. ў складзе імперыі Габсбургаў. У 1848—49 і 1918—19 цэнтр рэв. руху. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45). Цэнтр Венгерскага паўстання 1956.
Вузкія вулачкі сярэдневяковай Буды кантрастуюць з прасторнымі кварталамі Пешта, шырокія радыяльныя магістралі якога перасякаюць 3 паўкальцы вуліц. Над Будапештам узвышаецца гара Гелерт (на правым беразе), укрытая садамі і паркамі, з помнікам Вызвалення (1947, скульпт. Ж.Кішфалудзі-Штробль). Сучаснае аблічча горада вызначаюць пераважна парадныя збудаванні канца 19—20 ст. У раёне Абуды — рэшткі стараж.-рымскага паселішча Аквінк (1—4 ст., 2 амфітэатры, храмы, тэрмы, т.зв. віла Геркулеса з мазаічнай падлогай, раннехрысц. базілікі). На ўзгорку ў раёне Буды — рэшткі замка (13 — пач. 20 ст.) з каралеўскім палацам (цяпер музей замка, уключае памяшканні Венг.нац. галерэі), жылыя дамы 13—18 ст., маўзалей Гюль-Баба і тур. лазні (16 ст.), гатычныя і барочны цэрквы і інш. У раёне Пешта — царква Бельвараш (15—18 ст.), Цэнтр. ратуша (1727—47, барока), Нац. музей (1837—47, арх. М.Полак, класіцызм), канцэртная зала «Вігада» (1858—64, нац. рамантыка), Оперны тэатр (1875—84, арх. М.Ібль, неарэнесанс), Музей прыкладнога мастацтва (1896, арх. Э.Лехнер, мадэрн), парламент (1884—1904, псеўдаготыка) і інш. 8 мастоў, якія звязваюць берагі Дуная, пераходзяць у магістралі Пешта. Пасля 2-й сусв. вайны пабудаваны Нар. стадыён (1948—53), Дом прафсаюзаў (1948—50), атэлі «Будапешт» (1968), «Дуна Інтэркантыненталь» (1970), «Форум» і «Атрыум» (пач. 1980-х г.). Былыя ўскраіны Будапешта забудаваны добраўпарадкаванымі жылымі раёнамі.
У Будапешце — Венг.АН (з 1825); Будапешцкі універсітэт (з 1635), Нац.венг.муз.акадэмія імя Ф.Ліста, мед.акадэмія і інш.ВНУ. Б-кі: Дзярж.б-ка імя Ф.Сечэньі (з 1802), Гар.б-ка імя Э.Саба (з 1904), універсітэцкая (з 1635), акадэмічная (з 1826) і інш. Музеі: Нац. музей (з 1802), Нац. галерэя (1957), Нац. музей натуральнай гісторыі (з 1802), Музей выяўл. мастацтваў (з 1896) і інш. Тэатры: оперны, нацыянальны (драматычны), аперэты і інш.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Будапешт. Набярэжная Дуная.Да арт.Будапешт. Панарама цэнтральнай часткі горада.