сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелі — шырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30′; 10′; 1′. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°11′03″; Ly, = 32°45′36″ і шыротамі Bпд = 51°15′35″; Bпн = 56°10′22″. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню
, дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДАсвіней.
Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
акт дзейнасці індывід. і калект. суб’екта па пераўтварэнні наяўных грамадскіх адносін у інш.адпаведна яго інтарэсам і мэтам. Дыферэнцыруюцца на эканам., грамадска-паліт., пазнавальныя, камунікатыўна-ідэалаг. (рэліг., эстэт., маральныя і інш.). Вылучаюць Дз.с. рэв., рэфармісцкія, прагрэс., рэакцыйныя, стыхійна-імпульсіўныя, арганізаваныя, дэструктыўныя, навацыйныя і інш. Прадстаўнікі зах. сацыялогіі засяроджваюць увагу на асобасным аспекце Дз.с., дзе ў якасці суб’ектаў разглядаюцца індывіды, якія знаходзяцца ў кантактных міжасобасных адносінах (інтэракцыях). Па асобасных крытэрыях яны падзяляюць Дз.с. на мэтарацыянальныя, каштоўнаснарацыянальныя, афектыўныя, традыцыйныя (М.Вебер), інтэлектуальныя, экспрэсіўныя, маральныя (Т.Парсанс), тэлеалагічныя, нормарэгулюючыя, драматургічныя, камунікатыўныя (Ю.Хабермас). Сацыёлагі А.Гідэнс, А.Турэн, П.Штомпке і інш. прапаноўваюць размежаваць дзейнасць структур (цывілізацый, дзяржаў і г.д.) і сац. індывіда, лічаць, што праблема Дз.с. павінна вырашацца з улікам супярэчлівага ўзаемапранікнення яго структурнага і асобаснага аспектаў, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага момантаў грамадскага развіцця. Марксісцкая тэорыя звязвае калект. Дз.с. з аналізам зместу актыўнасці сукупнага суб’екта, яго патрэб і інтарэсаў, мэт ідэалогіі, а таксама сродкаў, спосабаў і вынікаў гэтых дзеянняў.
Літ.:
Социальное действие. Мн., 1980;
Штомпке П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БАў мовазнаўстве,
катэгорыя дзеяслова, якая паказвае адносіны вытворцы дзеяння да таго, хто гаворыць. Вызначаюць 3 асобы і адпаведна ім 3 асабовыя дзеяслоўныя формы адзіночнага і множнага ліку. Формамі 1-й асобы абазначаюць дзеянне (стан) таго, хто гаворыць («чытаю, чытаем»); формамі 2-й асобы — дзеянне (стан) таго, да каго звяртаюцца ў гаворцы («чытаеш, чытаеце»); формамі 3-й асобы — дзеянне (стан) таго, пра каго (пра што) гавораць («чытае, чытаюць»).
Сродкі афармлення катэгорыі асобы ў розных мовах розныя: у германскіх і раманскіх — адначасова асабовыя займеннікі і канчаткі, у семіцкіх — асабовыя канчаткі, займеннікі і прыстаўкі. У слав. мовах, у т. л. і беларускай, асабовыя формы дзеяслова перадаюцца праз канчаткі (у цяперашнім і будучым часе: «чыта-ю, прачыта-ю; чыта-ем, прачыта-ем; чыта-еш, прачыта-еш, чыта-еце, прачыта-еце; чыта-е, прачыта-е; чыта-юць, прачыта-юць»), асабовымі займеннікамі разам з асабовымі канчаткамі («я чыта-ю, я прачыта-ю; ты чыта-еш, ты прачыта-еш» і гэтак далей) ці асабовымі займеннікамі і назоўнікамі (у прошлым часе: «ён чытаў, вучань чытаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЛЕ́Я ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ,
пераўтварэнні каардынат і часу рухомай часціцы пры пераходзе ад адной інерцыйнай сістэмы адліку (ІСА) да іншай у класічнай механіцы.
Для дзвюх ІСА K (x, y, z) і K′ (x′, y′, z′), якая рухаецца адносна K з пастаяннай скорасцю уздоўж восі Ox, Галілея пераўтварэнні маюць выгляд:
,
,
,
, дзе x, y, z і x′, y′, z′ — каардынаты, t і t′ — моманты часу ў сістэмах K і K′ адпаведна. Такім чынам, у класічнай механіцы прамежкі часу паміж пэўнымі падзеямі і адлегласці паміж фіксаванымі пунктамі аднолькавыя ва ўсіх ІСА. З Галілея пераўтварэнняў вынікае закон складання скарасцей
, а таксама аднолькавасць паскарэнняў
ва ўсіх ІСА. Апошняе з улікам пастаянства масы прыводзіць да інварыянтнасці ўраўненняў класічнай механікі ва ўсіх ІСА, што і з’яўляецца матэм. абгрунтаваннем Галілея прынцыпу адноснасці. Пры скарасцях руху, блізкіх да скорасці святла ў вакууме, Галілея пераўтварэнні замяняюцца Лорэнца пераўтварэннямі.
А.І.Болсун.
Да арт.Галілея пераўтварэнні. Інерцыяльныя сістэмы адліку K і K′.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт.Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,
афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на У Азіі, паміж Японскім м. на У, пралівамі Карэйскім і Чэджу на Пд і Жоўтым м. на З. Злучаны з мацерыком Карэйскім перашыйкам. Пл. каля 150 тыс.км². Даўж. каля 600 км, пераважная шыр. 200 км. Усх. ўзбярэжжа стромкае, слабарасчлянёнае; на З і Пд берагі моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў. Рэльеф пераважна гарысты, на У і ПдУсх.-Карэйскія горы (выш. да 1915 м, г. Чырысан); восевая ч. нізкагорная; на З прыбярэжныя ўзгорыстыя раўніны, нізіны. Рэкі паўнаводныя, найб. Амнакан (Ялуцзян), Туманган (Тумыньцзян), Тэданган, Кымган і інш. Радовішчы вальфраму, графіту, магнезіту. Клімат умераны мусонны, на Пд — субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. ад -21 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп.адпаведна ад 22 °C да 26 °C. Ападкаў 900—1500 мм за год. Лістападныя шыракалістыя лясы змяняюцца на Пд субтрапічнымі вечназялёнымі, вышэй за 900 м — мяшанымі лясамі з карэйскім кедрам. Нац. паркі: Ханро, Чырысан, Сараксан і інш. (Рэспубліка Карэя); рэзерваты Хвангпо, Янгам і інш. (КНДР). Раўніны апрацаваны (рыс, соя, бавоўнік). На К.п. дзяржавы: асн.ч. КНДР і Рэспубліка Карэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РКІ (англ. quark),
спецыфічныя састаўныя часткі элементарных часціц, якім уласцівы моцныя ўзаемадзеянні (гл.Адроны). Напр., барыёны складаюцца з 3 К., мезоны — з К. і антыкварка. Гіпотэза К. прапанавана амер. фізікамі М.Гел-Манам і Дж.Цвейгам у 1964 для тлумачэння ўласцівасцей адронаў і заканамернасцей у іх спектраскапіі.
Маюць спін 1/2, эл. зарад +2/3 ці -1/3 ад зараду пратона, барыённы зарад 1/3, а таксама спецыфічныя квантавыя лікі — «водар», «колер» і інш. Вядома 6 «водараў» К., якія маюць розныя назвы і пазначаюцца лац. літарамі u, d, s, c, b, t (масы спакою 5, 8, 100 МэВ і 1,5, 5, 175 ГэВ адпаведна), адпаведныя антыкваркі — , , , , , . Пры гэтым К. u і d утвараюць звычайнае ядз. рэчыва, астатнія нараджаюцца ў якасці кароткажывучага штучнага ядз. рэчыва на паскаральніках зараджаных часціц. К. існуюць толькі ў ядз. рэчыве; эксперыментальна ўскосна выяўлены ў доследах па сутыкненні адронаў, электронна-пазітроннай анігіляцыі ў струменях адронаў і рассеянні лептонаў на нуклонах. Гл. таксама Квантавая хромадынаміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.