ГЕАХІМІЯ
На Беларусі геахімічныя даследаванні заснаваў К.І.Лукашоў у БДУ (1953) і АН Беларусі (з 1957). Ён стварыў бел. геахімічную школу, дзе пад яго кіраўніцтвам і з яго ўдзелам распрацаваны кірункі геахім. даследаванняў гіпергенезу, покрыўных адкладаў і ландшафтаў. У 1960-я г. вылучаны геахім. правінцыі і дадзена іх комплексная характарыстыка (К.І.Лукашоў і інш.), распрацаваны геахім. паказчыкі для пошукаў нафты, мінеральных солей і інш. карысных выкапняў (В.А.Лапуць, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач і інш.). У 1970-я г. развіваліся кірункі геахім. даследаванняў: геахімія гіпергенезу, геахімія генет. тыпаў асадкавага літагенезу і парод крышталічнага фундаменту; павысілася роля геахім. даследаванняў у адкрыцці радовішчаў нафты, газу, расолаў; пашырылася выкарыстанне геахім. метадаў у вырашэнні праблем засалення глеб, гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, земляробства і аграхіміі, медыцыны, стварэння водна-мінеральнай базы для лячэбна-прафілактычных устаноў. — курортаў, санаторыяў, прафілакторыяў і інш. (Л.Ф.Ажгірэвіч, Л.А.Дземідовіч, У.А.Кузняцоў, В.А.Лапуць, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, А.М.Пап і інш.). З 1980-х г. у галіне геахіміі гіпергенезу развіліся асобныя кірункі даследаванняў — геахімія азёрных, алювіяльных і ледавіковых адкладаў, геахімія глеб, геахімія тэхнагенезу (Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, В.Б.Кадацкі, У.А.Кузняцоў, Л.І.Лосева, К.І.Лукашоў, Н.Н.Петухова, Т.М.Сімуткіна і інш.). Наступствы Чарнобыльскай катастрофы вымусілі больш увагі звярнуць на размеркаванне і міграцыю радыенуклідаў у сістэме мацярынская парода — глеба, глеба — расліннасць, у грунтавых і падземных водах (Я.І.Аношка, В.А.Генералава, В.Б.Кадацкі, В.П.Кальнянкоў, А.В.Кудзельскі, У.А.Кузняцоў, В.І.Пашкевіч, Н.Н.Петухова, А.М.Шпакаў і інш.). Створаны атлас геахім. карт (выд. ў 1990) і даведнік па геахіміі Беларусі (выд. ў 1995; К.Ц.Альхавік, Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, Л.І.Матрунчык, М.Д.Міхайлаў і інш.). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі развіваюцца кірункі: геахімія парод крышталічнага фундаменту, асадкавых парод, радыеізатопаў, гідра- і літагідрагеахімія, экагеахімія і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі атрымала развіццё экагеахімія, у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» — геахімія глеб, у БДУ — радыегеахімія. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінеральна-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Лукашев К.И., Лукашев В.К. Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967;
Геохимические провинции покровных отложений БССР. Мн., 1969;
Лукашев В.К. Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992;
Геохимия ландшафтов Припятского Полесья. Мн., 1997;
Техногенные радиоактивные изотопы в ландшафтах Беларуси. Мн., 2000.
Я.І.Аношка.
т. 18, кн. 2, с. 558