АБДАРАХМА́Н I
(каля 734—788),
заснавальнік Кардоўскага эмірата ў Іспаніі і дынастыі Амеядаў. З-за ганенняў Абасідаў у 750 уцёк з Сірыі ў Іспанію, дзе ў 756 стварыў незалежны эмірат са сталіцай у Кордаве. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, паспяхова змагаўся з араба-берберскай плем. знаццю. Адбіў нападзенні хрысц. правіцеляў Паўн. Іспаніі і франкаў Карла Вялікага.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС (Gonźalez Marquez) Феліпе
(н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),
палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл. Ісп. сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).
Літ.:
Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.
т. 5, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАДАФЭ́
(партуг. auto-de-fé літар. акт веры),
абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТУ́РЫЯ
(Asturias),
аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі ўздоўж Біскайскага заліва, у Кантабрыйскіх гарах. Пл. 10,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1981). Адм. ц. — г. Аўеда. На тэр. Астурыі — сучасная правінцыя Аўеда. Вырошчваюць кукурузу, садавіну; жывёлагадоўля. Здабыча вугалю (50% ад патрэб Іспаніі), цынку, жалеза.
У старажытнасці — вобласць рассялення астураў. У 1 ст. да нашай эры заваявана рымлянамі, у 216 разам з ч. Галісіі вылучана ў асобную правінцыю. У Астурыі пачалася Рэканкіста. Пасля перамогі над арабамі ў бітве 718 Астурыя — незалежнае каралеўства, з 924 наз. Леон, у 1230 далучана да Кастыліі. З 15 ст. ў складзе Іспаніі. У 1808—13 Астурыя — цэнтр узбр. супраціўлення франц. агрэсіі. З 19 ст. адзін з гал. прамысл. раёнаў Іспаніі. У 1934 адбылося паўстанне рабочых у абарону рэспублікі. У час грамадз. вайны 1936—39 захоплена франкістамі, адзін з асн. цэнтраў партыз. барацьбы. З 1981 мае статус аўт. Абшчыны.
т. 2, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ТА
(Aneto),
Піка-дэ-Анета, самая высокая вяршыня Пірэнеяў, у Іспаніі. Выш. 3404 м. Размешчана ў гранітным масіве Маладзета. Снежнікі і невял. ледавікі.
т. 1, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЁНСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1808,
канстытуцыя, «падараваная» Іспаніі Напалеонам І. Прынята 7 ліп. картэсамі, скліканымі па загадзе Напалеона ў г. Баёна (Францыя). Абвяшчала Іспанію канстытуцыйнай манархіяй з сенатам, дзярж. саветам, картэсамі, правы якіх дакладна не вызначаліся; дапускала толькі каталіцкую рэлігію; адмяняла ўнутр. мытні, феад. судаводства, абмяжоўвала маярат; уводзіла адзіныя сістэму падаткаў, цывільнае і крымінальнае заканадаўства для Іспаніі і яе калоній. Мела на мэце замаскіраваць фактычнае панаванне Напалеона і схіліць іспанцаў на яго бок.
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЕ́Н (Bazaine) Ашыль Франсуа
(13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),
ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.
т. 2, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАА́Л, Балу,
Ваал, у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.
т. 2, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАНА́ДА (Arconada) Сесар Муньёс
(5.12.1898, Астудыльё — 10.3.1964),
іспанскі пісьменнік. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 жыў у СССР. Выдаў зб-кі сюррэалістычных вершаў «Смага» (1921), «Горад» (1928). У раманах «Турбіна» (1930), «Беднякі супраць багацеяў» (1933), «Падзел зямлі» (1934) карціны жыцця іспанскай вёскі 1920—30-х г. Тэме грамадз. вайны ў Іспаніі прысвяціў раман «Рака Таха» (1938). Аўтар паэмы «Далорэс» (1949), трагедыі «Мануэла Санчэс» (1949).
Тв.:
Рус. пер. — Река Тахо. М., 1941;
Испания непобедима: Сб. рассказов. М., 1943.
т. 1, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А (Altamira y Crevea) Рафаэль
(10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),
іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)