КАШМІ́Р, кашамір (па назве інд. гіст. вобласці Кашмір),

тонкая мяккая шарсцяная, паўшарсцяная або баваўняная тканіна з косымі рубчыкамі. З К. шыюць жаночыя і дзіцячыя сукенкі і інш.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНКО́Р (ад франц. calencar інд. ці перс. баваўняная тканіна),

баваўняная, моцна праклееная тканіна аднаколернай афарбоўкі. Атрымліваюць з міткалю шляхам прамочвання яго крухмальным апрэтам (гл. Апрэтаванне) і фарбавальнікам. Выкарыстоўваюць пераважна для кніжных пераплётаў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд. нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп. Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.

Літ.:

Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;

Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.

І.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАТЫ ((Zubatý) Іозеф) (20.4.1855, Прага —21.3.1931),

чэшскі мовазнавец. Акадэмік (з 1904) і прэзідэнт (з 1928) Чэш. АН. Праф. Карлава ун-та (з 1891), ген. сакратар Каралеўскага чэш. т-ва навук (1911—16). Буйны індолаг — аўтар даследаванняў па пытаннях стараж,інд. фанетыкі і граматыкі, інд. л-ры; пераклаў на чэш. мову 2 драмы Калідасы. Займаўся навук. вывучэннем індаеўрап. моў — класічных, балт. і слав. («Параўнальны сінтаксіс індаеўрапейскіх моў», 1901, і інш.); зрабіў значны ўклад у развіццё багемістыкі. У 1910—22 апублікаваў шэраг даследаванняў, прысвечаных этымалогіі рэдкіх слоў з розных моў, у т. л. беларускіх («азярод», «досыць», «льга», «латвы» і інш.).

Тв.:

Studie a články. Sv. 1—2. Praha, 1945—54.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НСКІ ПРАХО́Д,

горны праход у Пакістане, на стыку гор Мекран і Сулейманавых. Выш. 1792 м. Злучае ўнутр. раёны Іранскага нагор’я з далінай р. Інд. Праз Баланскі праход да мяжы з Афганістанам пракладзены чыгунка і шаша.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СЦІН ЯР,

касмадром і палігон у Архангельскай Астраханскай вобл. Расіі. Засн. ў 1946. З К.Я. здзейснены запускі геафіз. ракет «Вертыкаль», ШСЗ з серый «Космас» і «Інтэркосмас», інд. ШСЗ «Арыябхата» і «Бхаскара», франц. ШСЗ «Снег-3» і інш.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КШМАНА,

герой стараж.-інд. эпасу «Рамаяна», сын цара Дашаратхі, зводны брат і адданы сябар Рамы, якога часам падмяняе сабой. Лічыцца, што ў Л. ўвасобілася восьмая доля боскай прыроды Вішну. Паводле аднаго з міфаў, ён памёр, ратуючы Раму.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КШАСЫ (стараж.-інд. «тыя, хто ахоўвае» або «тыя, ад каго хаваюцца»),

у старажытнаіндыйскай міфалогіі адзін з гал. класаў дэманаў. У адрозненне ад дэманаў асураў — сапернікаў багоў — Р. выступаюць пераважна ворагамі людзей. У эпасах «Рамаяна» і «Махабхарата» Р. і іх цара Равану перамагаюць богападобныя героі Рама і Лакшмана.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́РУ (Джавахарлал) (14.11.1889, г. Алахабад, Індыя — 27.5.1964),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Юрыст. Сын М.Нэру. Бацька І.Гандзі. Скончыў школу ў Хараў і Кембрыджскі ун-т. Чл. Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК, з 1912). З 1916 актыўны ўдзельнік інд. нац.-вызв. руху. Бліжэйшы паплечнік М.К.Гандзі. Адзін з арганізатараў масавых кампаній грамадз. непадпарадкавання брыт. уладам. За сваю дзейнасць 9 разоў быў арыштаваны брыт. ўладамі, правёў у турмах больш за 10 гадоў. Неаднаразова быў выбраны старшынёй ІНК (1929—30, 1936—37, 1946, 1951—54). Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Індыі (1947—64). Вял. ўплыў на яго грамадска-паліт. погляды зрабілі сацыяліст. ідэі; быў прыхільнікам пабудовы ў Індыі некапіталіст. грамадства, адначасова стаяў за шматукладнасць у эканоміцы і падтрымку нац. вытворцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы 5 гадовых планаў развіцця інд. гаспадаркі. У знешняй палітыцы — адзін з аўтараў пяці прынцыпаў мірнага суіснавання, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху і ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955. Шмат зрабіў для стварэння і ўмацавання ў Індыі прадстаўнічай дэмакр. сістэмы, ін-таў інд. федэралізму, ажыццяўлення аграрнай рэформы.

Тв.:

Рус. пер. — Автобиография. М., 1955;

Внешняя политика Индии: Избр. речи и выступления, 1946—1964. М., 1965;

Взгляд на всемирную историю: Письма к дочери из тюрьмы, содержащие свободное изложение истории для юношества. Т. 1—3. М., 1989;

Открытие Индии. Кн. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Насенко Ю.П. Джавахарлал Неру и внешняя политика Индии. М., 1975;

Вафа А.Х., Литман А.А. Философские взгляды Джавахарлала Неру. М., 1987;

Мартышин О.В. Политические взгляды Джавахарлала Неру. М., 1981.

Дж.Нэру.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрца вярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)