у старажытнасці назва М. Азіі. Уваходзіла ў склад Хецкай дзяржавы, з 4 ст. да н.э. — у імперыю Аляксандра Македонскага, з 2 ст. да н.э. ў Рым.імперыі, потым да 11 ст. ў Візантыі, у 11—14 ст. у дзяржаве сельджукаў. У 14—15 ст. заваявана туркамі асманамі. У Асманскай імперыі Анатолія — правінцыя на З М. Азіі з цэнтрам у г. Кютах’я. З 1920-х г. Анатоліяй называецца ўся азіяцкая частка Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСПАТЫ́Я,
тое, што дэспатызм, адна з форм дыктатуры. Была пашырана ў стараж.-ўсх. (Асірыя, Вавілонія, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай і інш.) і сярэдневяковых краінах — Багдадскім (Абасідаў) халіфаце (8—9 ст.), Візант.імперыі (да 12 ст.), Асманскай імперыі (14—16 ст.), дзяржаве Вялікіх Маголаў у Індыі (16—17 ст.) і інш. У цяперашні час у пераносным сэнсе ўжываецца вытворнае ад Д. слова «дэспат», якім пазначаюць самаўладнага, бязлітаснага чалавека, які не лічыцца ні з чыімі думкамі і жаданнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас.імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́ЙКА (ад скарочанай назвы манеты 16 ст. дзенга капейная, на якой была выява вершніка з кап’ём),
манета ў Вял.кн. Маскоўскім, Царстве Маскоўскім, Рас.імперыі, СССР і дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рас.імперыі, СССР, Рэспубліцы Беларусь.
У Маск. дзяржаве і Рас.імперыі 2-й трэці 16 — пач. 18 ст. манета зборнага наміналу ў 2 дзенгі (драцяная і на высечаных з бляхі кружках). У 17 ст. паступова выцесніла як манету дзенгу і стала асн. наміналам у складзе грашовай масы Маск. дзяржавы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 медныя драцяныя К. пранікалі і на Беларусь. К. сустракаецца ў бел. скарбах 2-й пал. 17 ст. — пач. 18 ст. 2) У Рас.імперыі з 1720-х г. і ў СССР пасля грашовай рэформы 1924 — манета, намінал якой адпавядаў дапаможнай грашова-лікавай адзінцы ў 1/100 рубля. Па крыніцах, вядомых у пач. 18 ст. на Беларусі, пасля далучэння Беларусі да Рас.імперыі афіцыйна ўвайшла ў грашовае абарачэнне бел. губерняў.
3) Адзін з «наміналаў» залатых або залачоных сярэбраных драцяных «манет» для жалавання (узнагарод) войску ў Маск. дзяржаве 2-й пал. 15—17 ст., якія выконвалі функцыю ўзнагародных медалёў.
4) Адзін з наміналаў металічных вайсковых бонаў (марак) рас. арміі канца 19 — пач. 20 ст. 5) У Рас.імперыі ніжэйшы намінал недатаваных папяровых казначэйскіх марак-грошаў 1915, у 1917 — Часовага ўрада Расіі.
6) Ніжэйшы намінал бонаў з жалеза германскіх акупац. войск 1916.
7) Ніжэйшы намінал некаторых мясц. эмісій бонаў 1914—15 у Польшчы, Латвіі, Літве і часоў грамадз. вайны ў Расіі. 8) У СССР ніжэйшы намінал казначэйскіх бонаў 1924, якія часова ўжываліся з-за дэфіцыту разменнай манеты. 9) Дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рэспубліцы Беларусь з моманту дэнамінацыі 20.8.1994 да зняцця з абарачэння 1.3.1995 разліковага білета ў 50 К. узору 1992. 10) Манета і грашова-лікавая адзінка Расійскай Федэрацыі з 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,
саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),
апошні імператар [475—476] Зах.Рым.імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх.Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах.Рым.імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГА́РЫЯ (грэч. angareia),
1) у Рымскай імперыі, Візантыі, дзяржавах сярэдневяковай Еўропы (імперыі Каралінгаў, Балгарыі, Польшчы і інш.) дзярж. ямская павіннасць — пастаўка ўючнай жывёлы для дзярж. перавозак. У 13—14 ст. у Візантыі і Балгарыі ангарыя ўключала і інш. павіннасці (работа на буд-ве дарог, мастоў, крэпасцяў).
2) У Візантыі, феад. Італіі і некаторых інш. краінах Еўропы паншчына і інш. павіннасці на карысць землеўладальніка.
3) У міжнар. праве захоп дзяржавай, якая ваюе, у сваіх портах гандл. суднаў нейтральных краін для выкарыстання ў ваен. мэтах (перавозкі войскаў, узбраення і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.
Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.Хорам і спец. упаўнаважаным А.Гітлера І.Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт.імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.