сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл.Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГА́С (лац. Pegasus),
экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянт метэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й (лац. Perseus),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі П. — α (Мірфак) і β (Альголь), 1,8 і 2,2—3,5 візуальнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Зорка β П. — адна з найб. вядомых зацьменных пераменных зорак. У П знаходзіцца візуальна бачнае падвойнае рассеянае зорнае скопішча χ і η Персея. На тэр. Беларусі відаць увесь год, акрамя позняй вясны. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ВА, Панна (лац. Virgo),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Самая яркая зорка — Спіка (L Дз., 1-й візуальнай зорнай велічыні) разам з 3 менш яркімі зоркамі ўтварае фігуру ромба, бачную простым вокам. У сузор’і 95 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні; выяўлена скопішча (2,5 тыс.) галактык спіральнай структуры, сярод якіх размешчана магутная крыніца радыёвыпрамянення — радыёгалактыка Дз.-А. У Дз. знаходзіцца пункт асенняга раўнадзенства. На тэр. Беларусі сузор’е відаць у канцы зімы і вясною.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел.нар. назва Малы Воз),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл.Зорнае неба. Іл.гл. да арт.Вялікая Мядзведзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́Н (лац. Draco),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
Да арт.Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.