«Лянсей», бел.нар. танец-кадрыля. Муз. памер, як правіла, 2/4, тэмп хуткі. У пач. 19 ст. пашыраны ў краінах Зах. Еўропы пад назвай «Лансье». 3 пач. 20 ст. шырока вядомы на Беларусі. Дзякуючы прастаце рухаў і разнастайнасці кампазіцыйных пабудоў асіміляваў рысы бел.нар. харэаграфіі і стаў народным. Бытуе і як самаст. танец, які адрозніваецца ад кадрылі павольным характарам выканання (адсюль лакальная назва «Лянівы»), Выконваецца цотнай колькасцю пар, мае да 12 фігур («кола», «пераходы», «здароўканне», «сварацца», «барыня», «полька» і інш.). У структуры «Л.» характэрныя для бел.танц. фальклору малюнкі, калены, хады, рухі. Часта ўключае асобныя фігуры традыцыйных ці гар.быт. танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУПНЫ РАБО́ЧЫ, сукупны работнік,
паняцце, якое характарызуе якасць і ўзровень развіцця рабочай сілы; сукупнасць працаўнікоў, грамадская камбінацыя індывід. рабочых сіл, якія непасрэдна ці апасродкавана ўдзельнічаюць у вытв. працэсе, ствараючы пэўныя спажывецкія вартасці. У С.р. адрозніваюць 2 бакі: па змесце ён — элемент прадукц. сіл грамадства, які гістарычна абумоўлены пэўным характарам працэсу працы (рамесным, машынным і інш.), узроўнем падзелу працы, характарам і памерам выкарыстаных сродкаў вытв-сці; па форме ўключае ў сябе сістэму вытв. адносін, у якія ўступаюць члены С.р. з уласнікам сродкаў вытв-сці. Дае магчымасць рацыянальна размяркоўваць работнікаў па вытв. і дапаможных функцыях у залежнасці ад іх здольнасцей, эканомна выкарыстоўваць іх працу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне), спадчынны фактар,
структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), якіўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, якіўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),
нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл. каля 13 тыс.км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, якіўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар.НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.Гржымека.
Да арт.Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, якіўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НГЕЙМ (Mannheim) Карл (27.3. 1893, Будапешт — 9.1.1947),
нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл.Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключаеграфемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ПО́ШУК,
працэс адшукання дакументаў (кніг, артыкулаў, патэнтаў і інш.) у базе даныхінфарм. сістэмы; раздзел інфарматыкі, якіўключае метады і сродкі збору, перапрацоўкі і захоўвання інфармацыі для забеспячэння наступнага доступу да яе.
Бывае рэтраспектыўны (па разавых запытах) і выбіральны, ці адрасны (па пастаянных запытах карыстальнікаў, напр., аб новых паступленнях; праводзіцца перыядычна). Працэдура І.п. складаецца з перакладу дакументаў і запытаў на ўнутр.інфармацыйную мову сістэмы і ўстанаўлення паміж перакладамі семантычнай адпаведнасці. Важны навук. кірунак тэорыі І.п. — даследаванне мадэлей інтэлектуалізацыі працэсаў пошуку (праблемы мадэлявання структур даных, семантычнага аналізу і сінтэзу тэкстаў, навігацыі ў гіпертэкставых базах даных вял. аб’ёму) з мэтай павышэння яго эфектыўнасці за кошт больш глыбокага пранікнення ў сэнс інфармацыі.
Літ.:
Михайлов А.И., Черный А.И., Гиляревский Р.С. Основы информатики. 2 изд. М., 1968;
Липницкий С.Ф., Ярмош Н.А. Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,
раздзел фізікі плазмы, які вывучае дынаміку плазмы і плазменных патокаў, калі радыяцыйныя працэсы істотныя для іх энергетыкі. Як самастойны навук. кірунак даследаванняў пачала фарміравацца з сярэдзіны 1970-х г.
Р.п. ўключае: эксперым. і тэарэт. даследаванні радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў узаемадзеянняў цеплавога і кагерэнтнага выпрамяненняў і магутных ударных хваль з рэчывам у розных агрэгатных станах; дыягностыку, лікавае мадэліраванне і тэорыю радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў у розных умовах; вывучэнне тэрмадынамічных і аптычных уласцівасцей выпрамяняльнай плазмы; плазмадынамічныя крыніцы выпрамянення высокай спектральнай яркасці і генератары магутных ударных хваль; радыяцыйна-плазмадынамічныя сістэмы прамысл. прызначэння.
На Беларусі даследаванні Р.п. вядуцца з 1970-х г. на аснове работ па фізіцы і дыягностыцы імпульсных плазменных паскаральнікаў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН і інш.