генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв.фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-ртэхн.н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц.ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац.АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерныхэнергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,
кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.
І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, у якім даследуюцца структура высокаўзбуджаных станаў атамных ядраў (нейтронныя рэзанансныя станы) і механізм працякання ядз. рэакцый на павольных нейтронах (састаўное ядро, прамыя працэсы, механізм уваходных станаў).
Тэарэт. асновай Н.с. стала мадэль працякання ядзерных рэакцый з утварэннем доўгажывучага прамежкавага састаўнога ядра (прапанавана Н.Борам). Матэм. апарат мадэлі састаўнога ядра грунтуецца на формуле Брэйта—Вігнера, якая апісвае рэзанансы ў сячэнні ўзаемадзеяння павольных нейтронаў з ат. ядрамі. Метадамі Н.с. вызначаюць поўныя і парцыяльныя сячэнні ўзаемадзеяння нейтронаў з ат. ядрамі. Даследаванні вядуцца на ўзорах з прыроднай сумессю ізатопаў і на раздзеленых узорах. Даныя Н.с. складаюць навук. аснову рэактарабудавання, ядз. энергетыкі, шэрагу дастасаванняў нейтроннай фізікі ў радыебіялогіі, медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Buffalo),
горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс.ж., з прыгарадамі 1,19 млн.ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш.прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»
(E.I. Du Pont de Nemours and Company),
буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),
навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл.Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел.НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,
агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерныхэнергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.