АДЫТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. additivus які прыбаўляецца),

уласцівасць велічыні, значэнне якой адпаведнае цэламу аб’екту, роўна суме значэнняў велічыняў, адпаведных яго часткам, пры адвольнай разбіўцы аб’екта на часткі. Напр., адытыўнасць аб’ёму азначае, што аб’ём цэлага цела роўны суме аб’ёмаў яго частак.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРУ́НА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі бог неба і воднай стыхіі, захавальнік ісціны і справядлівасці, разам з Індрай найвялікшы з багоў ведыйскага пантэона. Варуну падуладныя неба і зямля, яго адзенне — ноч і дзень, яго вока — сонца, сам ён тысячавокі.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́Й З КАРЭ́ЛІЧ, Матэвуш,

бел. скрыпач сярэдзіны 18 ст. Нарадзіўся ў г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. Прыгонны М.К. Радзівіла Рыбанькі, першая скрыпка яго прыдворнай капэлы. Адукацыю атрымаў у італьян. музыкантаў (паводле слоў магната, «яго навука дорага каштавала»).

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння Г.Гегеля і развівае яго ідэі. Узнікла ў Германіі ў 1830—40-х г. У спрэчках па рэліг. пытаннях унутры гегелеўскай школы вылучылася некалькі кірункаў. Т. зв. правагегельянства трактавала Гегеля ў духу пратэстанцкай артадоксіі, разглядала яго філас. сістэму як рацыянальную форму багаслоўя (К.​Гёшэль, Г.​Гінрыхс, Г.​Габлер); радыкальнае левае гегельянства (младагегельянства) адмаўляла яго рэліг. матывы, падкрэслівала вырашальную ролю асобаснага, суб’ектыўнага фактару ў гісторыі ў процівагу гегелеўскаму «сусветнаму духу» (А.​Руге, Б.​Баўэр і інш.). Прамежкавае становішча займала «артадаксальнае» гегельянства, імкнучыся захаваць вучэнне Гегеля ў яго «чысціні» (К.​Міхелет, К.​Розенкранц і інш.). Адраджэнне цікавасці да Гегеля ў філасофіі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выклікала з’яўленне ў розных краінах плыней, у т. л. неагегельянства.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.​Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.

М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць аднаго ліку (ці алг. выразу) дзяліцца на другі (гл. Дзяленне). Напр., адзін цэлы лік кратны другому, калі ў выніку дзялення першага (дзеліва) на другі (дзельнік) атрымліваецца таксама цэлы лік.

Уласцівасці П. залежаць ад таго, якія сукупнасці лікаў разглядаюцца. Лік наз. простым, калі ў яго няма дзельнікаў, адрозных ад яго самога і адзінкі (напр., лікі 2, 3, 5, 7), і састаўным у процілеглым выпадку. Любы цэлы састаўны лік можна адназначна раскласці ў здабытак простых лікаў, напр., 72 = 2∙2∙2∙3∙3. Існуюць прыкметы, па якіх лёгка вызначыць, ці дзеліцца зададзены лік на просты. Напр., лік дзеліцца на 2, калі яго апошняя лічба цотная; лік дзеліцца на 3 (ці 9), калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3 (ці 9).

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫДЭТАНА́ТАР,

хімічнае злучэнне, якое дабаўляюць у маторнае паліва для прадухілення яго дэтанацыі ў цыліндрах рухавікоў. Найб. пашыраны тэтраэтылсвінец (ТЭС — «этылавая вадкасць»), яго канцэнтрацыя ў паліве менш за 1%. Маторнае паліва з ТЭС (этыліраванае) таксічнае, пры рабоце з ім патрэбны меры перасцярогі.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́КСАЛЬНАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,

працэс руху вэксаля ад моманту эмісіі (выпуску) да пагашэння. Вэксальнае абарачэнне простага (непераводнага) вэксаля ўключае яго эмісію, захаванне, улік (пагашэнне). Вэксальнае абарачэнне пераводнага вэксаля ўключае таксама працэс яго перадачы (індасамент), што азначае перадачу правоў ад адной асобы да другой.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕ́РА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог багацця. Яго ўяўляюць з вял. шарападобным жыватом, двухрукім, трохногім, васьмізубым, аднавокім. За набожнасць Брахма прыраўняў К. да багоў, зрабіў яго вартавым падземных скарбаў і захавальнікам (адным з лакапалаў) Поўначы. Блізкім сябрам і апекуном К. лічыцца Шыва.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР-ТРАГАНТЭ́РЫЙ (Trogontherium cuvieri),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. бабровых атр. грызуноў. 5 відаў. Жылі ў Еўразіі ў канцы пліяцэну, раннім і сярэднім плейстацэне. Вядома 20 месцазнаходжанняў яго рэшткаў, у т. л. на Беларусі ў Баранавіцкім раёне ў адкладах ранняга плейстацэну.

Вонкава нагадваў сучаснага бабра, але амаль удвая большы за яго. Будова і пастаноўка разцоў сведчаць, што гэта рыючы грызун. Верагодна, жыццё яго не было цесна звязана з каляводнымі біятопамі, мог жыць і ў засушлівых раёнах. Рэшткі маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.

Бабёр-трагантэрый.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)