вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз.рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НІКІ,
гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),
цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАПАТЭ́НА (Atropatēnē),
старажытнагрэчаская назва вобласці Паўд. Азербайджана, якая ўключала зону Талышскіх гор, р. Аракс і воз. Урмія. Паводле ант. аўтараў, Атрапатэна — раннерабаўладальніцкая дзяржава са сталіцай у г. Газака, адзін з асн. цэнтраў зараастрыйскай рэлігіі. У 3 ст. да нашай эры Атрапатэна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе супраць захопніцкай палітыкі Селеўкідаў, а ў апошнія стагоддзі да нашай эры — супраць рым. экспансіі. У 7 ст. Атрапатэна заваявана Араб. халіфатам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір I, Камбіс I (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый I (522—486), Ксеркс I (486—465), Артаксеркс I (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),
1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯГА́РА (Niagara),
рака ў Паўн. Амерыцы, служыць мяжой паміж ЗША і Канадай. Даўж. 56 км, пл. басейна 665 тыс.км². Выцякае з воз.Эры, упадае ў воз.Антарыо (узровень вады ў воз.Эры на 99 м вышэйшы. чым у воз. Антарыо). У сярэднім цячэнні ўтварае парогі і Ніягарскі вадаспад (суднаходства па абводным канале Уэленд на тэр. Канады). Сярэднегадавы расход вады 5,9 тыс.м³/с. Буйнейшая ГЭС Роберт-Мозес. На Н. гарады Буфала і Ніягара-Фолс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРАСІЯ́Б,
гарадзішча стараж. Самарканда (Мараканда; Узбекістан) на ўскраіне сучаснага горада. Першыя ўмацаванні (гліняны вал) пабудаваны ў канцы 8—7 ст. да нашай эры; у 6—4 ст. да нашай эры Афрасіяб — буйнейшы горад пл. 219 га. Раскопкамі выяўлены рэшткі жылых і рамесніцкіх кварталаў, мячэць і палац 7—8 ст. з насценнымі размалёўкамі. Сярод шматлікіх знаходак — асуарыі ў форме статуй, тэракотавыя статуэткі і пліткі, паліваная кераміка і інш. У 1220 Афрасіяб разбураны манголамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫ́ДЫ, Багратуні,
царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045. Паходзілі з аднайм. княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да нашай эры), уладаннем якога з 4 ст. нашай эры была вобласць Кагавіт. У 8—9 ст. Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфата і Візантыі (гл.Анійскае царства). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II, Ашот III, Гагік I [990—1020]. Дынастыя спыніла існаванне пасля заваявання краіны Візантыяй (1045).