«НАВІ́НЫ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,

штотыднёвая газета Нац. АН Беларусі. Выдавалася з кастр. 1979 да ліст. 1997, да 1990 наз. «За передовую науку». Выходзіла на бел. і рус. мовах, з 1994 — на бел. мове. Асн. кірункі публікацый: навук. дасягненні, нац. праблемы, экалогія, пошук рэсурсаў, сац. праблемы навукі. З 28.11.1997 наз. «Веды».

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АХО́ВА ПРА́ЦЫ»,

навуковы, грамадска-вытворчы ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах. Адлюстроўвае стан і ўзровень аховы працы на Беларусі і за яе межамі. Аналізуе вопыт пошукаў эфектыўных шляхоў прафілактыкі траўматызму і аварый на вытворчасці. Дае практычныя арганізац., тэхн., эканам. і юрыд. парады. Мае пастаянныя рубрыкі «Юрыдычныя старонкі», «Экалогія», «А як за мяжой?», «Увага — небяспека», «Чарнобыль — агульны боль» і інш.

т. 2, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГА́Т»,

навукова-вытворчае аб’яднанне на Беларусі. Створана ў 1986. Уключае НДІ сродкаў аўтаматызацыі (галаўное прадпрыемства), НДІ «Агат», электрамех. з-д (усе ў Мінску), доследны з-д «Нёман» (г. Ліда). Спецыялізавана на выпуску аўтаматызаваных інфарм.-выліч. і кіравальных сістэм і праграмна-тэхн. сродкаў для розных сфер дзейнасці (транспарт, энергетыка, экалогія, ахова здароўя, адукацыя, адм. кіраванне, банкаўская і праваахоўная справа і інш.). Вырабляе таксама тавары нар. ўжытку, мед. тэхніку, тэхнал. прадукцыю для аграпрома.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ Мікалай Сяргеевіч (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖКО́Ў Леанід Мікалаевіч (н. 20.2.1940, г. Магілёў),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (2002), праф. (2003). Скончыў Бел. тэхнал. ун-т (1962), дзе і працуе (з 1983 дэкан). Навук. працы па пытаннях рэкрэацыйнага лесаводства, лясной экалогіі і інш.

Тв.:

Основы природопользования. Мн., 1980 (у сааўт.);

Экалогія з асновамі метэаралогіі. Мн., 1995;

Асновы экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання. Мн., 1999 (у сааўт.);

Основы теории и практики рекреационного лесоводства. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Прохар Іванавіч (н. 17.1 1915, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне іхтыялогіі і аховы прыроды. Д-р біял. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Усесаюзны зоатэхн. ін-т пушнасыравіннай гаспадаркі (1937). У 1967—77 дырэктар Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі. Навук. працы па іхтыялогіі, рыбнай гаспадарцы, ахове прыроды.

Тв.:

Рыбы Белоруссии. Мн., 1965;

Рыбные ресурсы Белоруссии. Мн., 1983;

Справочник по экологии пресноводных рыб. Мн., 1988;

Карп: Экалогія і гасп. значэнне. Мн., 1994.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕНУКЛІ́ДЫ,

радыеактыўныя атамы (нукліды) хім. элементаў. Бываюць прыродныя і штучна атрыманыя (тэхнагенныя). Адрозніваюць паводле тыпу радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць). Большасць Р. з’яўляюцца крыніцамі рэнтгенаўскага ці гама-выпрамянення. У адпаведнасці з нормамі радыяцыйнай бяспекі паводле таксічнасці падзяляюцца на Р. асабліва небяспечныя для чалавека і Р. высокай, сярэдняй і малой радыетаксічнасці (гл. Радыеактыўнае рэчыва). Значная колькасць тэхнагенных Р. утвараецца пры рабоце ядз. рэактараў, пераважна атамных электрастанцый. Уздзеянне прыродных і тэхнагенных Р. навакольнага асяроддзя на жывыя арганізмы вывучае радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. radiatio ззянне, бляск),

электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне. Узнікае пры ядз. пераўтварэннях (гл. Радыеактыўнасць), выпрамяненні Сонца (сонечная радыяцыя), астрафіз. працэсах у Сусвеце (касмічныя прамяні). Пашырана разуменне Р. як радыеактыўнага — іанізавальнага выпрамянення, калі ўзаемадзеянне патокаў элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў з пэўным асяроддзем вядзе да іанізацыі яго атамаў і малекул. Характарызуецца дозамі выпрамянення, вымяраецца дазіметрычнымі прыладамі. Уплывае на жывыя арганізмы (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў), выкарыстоўваецца для кансерватыўнага лячэння злаякасных пухлін і інш. (гл. Прамянёвая тэрапія). Пра небяспеку радыяцыйнага забруджвання біясферы і метады барацьбы з непажаданымі наступствамі Р. гл. ў арт. Радыяцыйная бяспека, Радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл. Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл. Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл. Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмы глабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар. біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)