хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),
жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.
Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МАЯ СО́ЎКА (Agrotis segetum),
насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.
Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікі с.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЯЎШЧЫ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Дуляўшчына. Лінзападобны паклад звязаны з адкладамі шклоўскага міжледавікоўя. Гліны шэрыя, шчыльныя, з рэдкімі праслоямі і гнёздамі гліністага пяску, месцамі пераходзяць у суглінкі і тонкія супескі. Разведаныя запасы 6,7 млн.м³, перспектыўныя 0,8 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—12,4 м, ускрышы (розназярністыя пяскі, марэнныя супескі) 0,2—7,5 м. Гліны прыдатныя для вытв-сці цэменту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў,
у Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Каратышкі. Пластападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жаўтавата-шэрыя, месцамі бураватыя, абжалезненыя, пераважна дробназярністыя, палевашпатава-кварцавыя, участкамі жвірыстыя і гліністыя. Разведаныя запасы 5,66 млн.м³, перспектыўныя — 17,1 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 11,8—17,4 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.
У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Леніна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі палеаген-неагену. Пяскі белыя, шэрыя, месцамі жаўтаватыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, кварцавыя, месцамі гліністыя, з лінзамі буйназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 36,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,3—16,3 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,2—9 м. Карысная тоўшча падсцілаецца алеўрытамі і тонказярністымі пяскамі. Пяскі прыдатныя як фармовачныя і на выраб шкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЬ (Tinca tinca),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца ўсюды, пераважна ў азёрах і поймавых вадаёмах.
Даўж. да 60 см, маса да 1 (рэдка да 7,5) кг. Цела шырокае і тоўстае з кароткім хваставым сцяблом, укрыта дробнай луской і густым слоем слізі. Спіна цёмна-зялёная, бакі бурыя з залацістым бляскам, плаўнікі цёмна-шэрыя. Корміцца доннымі беспазваночнымі і раслінамі. Аб’ект развядзення і промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДЗВІ́ЛАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.
У Любанскім р-не Мінскай вобл., каля в. Мардзвілавічы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, шэрыя, дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з праслоямі і лінзамі жвірыстага пяску і марэннага супеску. Разведаныя запасы 10,5 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—14,3 м, ускрышы (тонкія пяскі, супескі) 0,2—5,9 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону. Распрацоўваецца Любанскім камбінатам будматэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн.м³, перспектыўныя 2,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЁРНАЕ,
радовішча даўсанітавых руд у Ельскім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., за 8 км на Пн ад г. Ельск. 2 рудныя паклады прымеркаваны да тоўшчы каалінітавых глін ніжняга карбону. Руды светла- і буравата-шэрыя, бурыя, складаюцца з каалініту, гібсіту, даўсаніту, бяліту; змяшчаюць кварц, кальцый, сідэрыт, гідраслюды. Прагнозныя запасы каля 80—120 млн.т. Залягаюць на глыб. 415—900 м. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,5—6 м. Сыравіна для вытв-сці гліназёму (вокіс алюмінію) і кальцыніраванай соды.