КАМО́ЛАСЦЬ, бязрогасць,
прыроджаная адсутнасць рагоў у жывёл. У некат. парод с.-г. жывёл К. — спадчынная прыкмета (напр., у абердзін-ангускай пароды буйн. раг. жывёлы, гемпшырскай, шропшырскай і інш. парод авечак). У асобных парод авечак (мерыносавая, рамбулье) бязрогія толькі маткі. У буйн. раг. жывёлы К. — дамінантная прыкмета. Пры скрыжаваннях жывёл камолых парод з рагатымі атрымліваюцца мяшанцы першага пакалення пераважна камолыя. Выкарыстоўваюць таксама штучнае выдаленне рагоў у жывёл для спадручнай гадоўлі.
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРА́ЦЫЯ (лац. castratio лягчанне),
штучнае выдаленне палавых залоз у жывёл і чалавека. У чалавека пры некат. хваробах палавых залоз (туберкулёз, злаякасныя пухліны) робяць хірург. К. ці выключаюць палавую функцыю гарманальным або прамянёвым метадам. У жывёл праводзяць хірург. К. з эканам. ці лек. мэтамі. Пасля яе палягчаецца групавое ўтрыманне жывёлы, яны лепш адкормліваюцца, мяса больш пажыўнае. У раслін К. — выдаленне няспелых пыльнікаў з двухполай кветкі з мэтай прадухілення самаапладнення.
т. 8, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛУЖЭ́ННЕ,
зарастанне зямельных участкаў травяністай расліннасцю. Адрозніваюць прыроднае (самазарастанне травяністай расліннасцю высечак, закінутай раллі і інш.) і штучнае З. (засяванне поля шматгадовымі злакавымі і бабовымі травамі ці травасумесямі для стварэння культ. пашы ці сенажаці для паляпшэння прыродных кармавых угоддзяў). На забалочаных мінер. і тарфяных глебах З. праводзяць пасля выканання меліярац. і культуртэхн. работ. Праводзяць З. таксама пры азеляненні населеных пунктаў, буд-ве стадыёнаў, аэрадромаў, замацаванні адхонаў дарог, дамбаў, для барацьбы супраць эрозіі глебы.
т. 6, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,
штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану 235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэнне ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт. Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.
т. 4, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ВЕНДЫШСКАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ Кембрыджскага універсітэта,
адзін з сусветна вядомых цэнтраў эксперым фізікі, біялогіі і інш. фундаментальных даследаванняў канца 19—1-й пал 20 ст. Названа ў гонар Г.Кавендыша і заснавана ў 1874 на сродкі яго нашчадкаў, Навук. кіраўнікамі К.л. былі Дж.Максвел, Дж.Рэлей, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард і інш. У К.л. адкрыты электрон (1897), штучнае расшчапленне атамнага ядра (1919), нейтрон (1932), прапанавана мадэль структуры ДНК (1953), створаны камера Вільсана (1912), мас-спектрограф (1913), лінейны паскаральнік зараджаных часціц (1932) і інш.
т. 7, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́НАЯ СЛЕПАТА́, начная слепата,
парушэнне зроку ў чалавека пры слабым асвятленні (змярканне, ноч, штучнае зацямненне). Бывае ад арганічных або функцыянальных змен у зрокавым пурпуры, пры парушэннях утварэння і распаду зрокавага пігменту радапсіну ў палачках сятчаткі вока.
Адрозніваюць сімптаматычную К.с. (пры арган. хваробах вока і хваробах зрокавага нерва, пры глаўкоме), функцыянальную (пры нястачы вітамінаў A, B2, PP) і прыроджаную (пры пігментнай дэгенерацыі сятчаткі). Лячэнне: прэпараты вітамінаў A, B1 B2, C, PP, харчаванне, багатае на гэтыя вітаміны. карацін.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),
ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.
т. 4, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,
штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.
т. 6, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)