ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),
адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.
т. 12, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,
сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Hawaii Volcanoes National Park),
на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШТО́НКАЯ СТРУКТУ́РА,
рас шчапленне ўзроўняў энергіі (а таксама спектральных ліній) атама на некалькі падузроўняў, выкліканае гал. чынам узаемадзеяннем магн. момантаў атамных ядраў з магн. полем электронаў. Адлегласць паміж падузроўнямі З.с. прыкладна ў 1000 разоў меншая, чым паміж узроўнямі тонкай структуры. З.с. спектральнай лініі можа ўскладняцца з-за адрознення частот розных ізатопаў хім. элемента (ізатапічнае зрушэнне). Назіраецца таксама ў спектрах малекул і крышталёў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́ВАРАЦЕНЬ,
фантастычны персанаж нар. павер’яў і казак; чалавек, ператвораны ці здольны сам дзівосным чынам ператварыцца ў звера, расліну, камень. У слав., у т. л. ў бел. міфалогіі найчасцей набываў аблічча воўка (гл. Ваўкалак). Уяўленне пра П. ўзнікла на аснове татэмізму, звязана з вераю ў чараўнікоў, адлюстравалася ў фальклоры — былічках, баладах (напр., у бел. купальскай песні — баладзе «Пойдзем, сястра, у лясок а скінемся травіцай»).
т. 13, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВОРАПО́МПА,
стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.
т. 13, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,
грамадска-эканам. і с.-г. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 3(15).1.1898 да 21.3(2.4). 1899 у Віцебску на рус. мове 2 разы на тыдзень Віцебскім т-вам сельскіх гаспадароў. Закранала гал. чынам праблемы памешчыцкай гаспадаркі і гандлю с.-г. прадуктамі, будаўніцтва дарог. Друкавала звесткі пра кан’юнктуру мясц. рынку. Асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць мясц. культ. устаноў і інш.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (ням. Lot),
1) стараж. адзінка масы (вагі); спачатку, са з’яўленнем у 11 ст. маркі, роўная 1/16 яе (вагі) або 1/24 фунта (15,288 г). Пасля ўвядзення кёльнскай маркі, абавязковай для ўсёй «Свяшчэннай Рымскай імперыі», Л. складаў 14,619 г. 2) Мера абазначэння колькасці высакароднага металу (звычайна серабра) у сплаве або вырабе. Чыстае серабро адпавядала 16 Л. Такім чынам, 1 Л. роўны 1/16 колькасці чыстага серабра.
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).
т. 12, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,
адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.
т. 3, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)