ПСАЛО́МШЧЫК, дзяк, чытальнік, прыготнік,

ніжэйшы служыцель у правасл. царкве, т.зв. царкоўнаслужыцель, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне Св. пісання і спевы на клірасе, царк. справаводства. Назва ўведзена ў 1885 як агульная для ўсіх членаў царк. прычта.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАНО́СЦЫ, крыжакі (ад польск. Krzyżacy),

пашыраная ў бел. гіст. л-ры назва ўдзельнікаў крыжовых паходаў і членаў сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнаў (у т. л. Тэўтонскага, або Нямецкага, і Інфлянцкага), якія звычайна насілі выяву крыжа на верхняй вопратцы.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ ФО́НДЫ СПАЖЫВА́ННЯ,

форма размеркавання часткі нац. даходу (прыбытку), якая прызначаецца для ўздзеяння на структуру спажывання з мэтай усебаковага фіз. і духоўнага развіцця асобы. Як правіла, грамадскія фонды спажывання размяркоўваюцца паміж працоўнымі па-за прамой сувяззю з іх прац. укладам. Як спецыфічны від размеркавання грамадскія фонды спажывання выконваюць наступныя функцыі: задавальняюць найб. прыярытэтныя для грамадства і асоб патрэбы ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, жыллі, адпачынку; выраўноўваюць рэальныя даходы сем’яў з рознай колькасцю непрацаздольных членаў, ствараюць прыблізна аднолькавыя ўмовы для развіцця здольнасці да працы; матэрыяльна забяспечваюць часова ці пастаянна непрацаздольных членаў грамадства. Ва ўмовах Рэспублікі Беларусь большая частка грамадскіх фондаў спажывання размяркоўваецца цэнтралізавана: праз дзярж. бюджэт, сац. страхаванне, цэнтралізаваныя фонды сац. забеспячэння і інш.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРКО́СМАС»,

1) савет па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касм. прасторы пры АН СССР (існаваў у 1966—91).

2) Сумесная праграма касм. даследаванняў краін — членаў Савета эканамічнай узаемадапамогі.

3) ШСЗ, што запускаліся з 1969 па гэтай праграме.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ДЗЯРЖА́ВЫ,

тэрмін, прыняты для абазначэння найб. магутных і ўплывовых у міжнар. палітыцы дзяржаў свету. Пасля 2-й сусв. вайны да Вялікіх дзяржаў адносяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанію, ЗША, Кітай, Расію (правапераемніца СССР) і Францыю. Гл. таксама «Вялікая сямёрка».

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНАСЦЬ у матэматыцы,

вынік аднімання лікаў, вектараў, матрыц і інш. Р. арыфметычнай прагрэсіі — пастаянны лік, які дадаецца да папярэдняга члена прагрэсіі, каб атрымаць наступны. Р. мностваў A і B — сукупнасць (мноства) членаў мноства A, якія не ўваходзяць у мноства B.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.​Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.​Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ ПРА́ВА», партыя «Народнага права»,

рэвалюцыйна-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1890-я г. Утворана пры ўдзеле б. членаў «Народнай волі» і інш. народніцкіх арг-цый. Мела на мэце аб’яднанне рэв. і інш. апазіц. сіл для звяржэння самадзяржаўя і ўсталяванне ў краіне дэмакр. ладу. Групы «Н.п.» дзейнічалі ў Пецярбургу, Маскве, Арле, Саратаве, Ніжнім Ноўгарадзе, Баку, Тбілісі і інш. Арг-цыя мела друкарню ў Смаленску, вяла прапаганду сярод інтэлігенцыі і рабочых. Лідэры: М.​А.​Натансон, М.​Ф.​Аненскі, А.І.Багдановіч (ураджэнец Беларусі) і інш. У 1894 большасць членаў «Н.п.» арыштавана. Уцалелыя нарадапраўцы (Багдановіч і інш.) у 1896—98 выдалі нумар газ. «Борьба», шэраг брашур, 2 зб-кі «Наше время». У пач. 20 ст. многія б. члены «Н.п.» сталі эсэрамі, некаторыя сацыял-дэмакратамі, кадэтамі.

т. 11, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,

матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),

захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)