«ТРЫБУ́НА МАСТА́ЦТВА»,

бел. тэатральна-маст. ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лют.—чэрв. 1925 у Мінску Цэнтр. праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем маст. творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літ.-маст. крытыкі з нар. масамі, распрацоўка эстэт. прынцыпаў бел. мастацтва, выяўленне ў ім нац. стылю, развіццё маст. самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні маст. творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-маст. ўзровень творчасці тэатр. і муз. калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўл. і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё бел. культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на бел. мастацтва толькі як на этнаграфічнае, засн. на стылізацыі фалькл. тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыяліст. мастацтва. Часопіс знаёміў з бел. л-рай, адзначыў юбілеі А.​Гурло, Е.​Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асн. маст. падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я.​Барычэўскі, С.​Вальфсон, Ю.​Дрэйзін, Я.​Дыла, З.​Жылуновіч, М.​Каспяровіч, Міровіч, М.​Шчакаціхін і інш. Выйшла 14 нумароў.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУМАНІТА́РНА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ ВЕ́СНІК»,

навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з чэрв. 1996 у Мінску штоквартальна на бел. і рус. мовах. Засн. недзяржаўным Гуманітарна-эканам. ін-там. Асвятляе пытанні гісторыі, філасофіі, паліталогіі, сацыялогіі, культуралогіі, экалогіі, філалогіі, педагогікі, права, эканомікі.

А.​Ф.​Мяснікоў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКІ СШЫ́ТАК»,

гістарычны навук.-папулярны часопіс. Выходзіць з 1995 у Віцебску на бел. мове. Заснавальнікі: Віцебскі абл. краязн. музей, Віцебскае абл. краязн. аб’яднанне. Асвятляе пытанні гісторыі і культуры Віцебшчыны, публікуе малавядомыя факты, крыніцы матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна.

Л.​У.​Хмяльніцкая.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХИТЕКТУ́РА И СТРОИ́ТЕЛЬСТВО БЕЛАРУ́СИ»,

навукова-тэхнічны часопіс. Выходзіць з 1970 у Мінску на рус. мове раз у 2 месяцы; да 1991 наз. «Строительство и архитектура Белоруссии». Публікуе матэрыялы па архітэктуры, праектаванні, эканоміцы, арг-цыі і тэхналогіі буд-ва, буд. матэрыялах, арх. спадчыне.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́ССКИЙ ФИЛОЛОГИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

філалагічны і навукова-педагагічны часопіс. Выдаваўся ў 1879—1917 у Варшаве на рус. мове па 4 кніжкі ў год. Першыя рэдактары — праф. Варшаўскага ун-та М.​А.​Коласаў і А.​І.​Смірноў (з 1880), з 1905 гал. рэдактар Я.Ф.Карскі. Часопіс друкаваў матэрыялы і даследаванні па мове, нар. паэзіі і стараж. л-ры славян, пераважна рускай, крытычныя матэрыялы, нататкі, рэцэнзіі, бібліяграфію, хроніку. Асвятляў праблемы педагогікі, рабіў агляды падручнікаў.

У часопісе ўдзельнічалі вядучыя вучоныя: І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф.​І.​Буслаеў, Дз.​К.​Зяленін, Б.​М.​Ляпуноў, У.​Ф.​Мілер, І.​Поліўка, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў і інш. Значную навук. каштоўнасць маюць працы А.​А.​Патабні «Агляд паэтычных матываў калядак і шчадровак» (1884—87), М.​Халанскага «Велікарускія быліны Кіеўскага цыкла» (1884—85), М.​Ф.​Сумцова «Эцюды пра Пушкіна» (1893—97), Карскага «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.» (1884—85), «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.» (1889), «Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы» (1890—93), «Да пытання аб межах беларускай гаворкі» (1905) і інш., А.​В.​Ветухова «Замовы, заклінанні, засцярогі і іншыя віды народнага лячэння, заснаваныя на веры ў моц слова» (1904—05), Р.​М.​Волкава «Народная драма «Цар Максімілян» (1912), нататкі У.​Дабравольскага і інш. Друкаваліся паказальнікі апублікаваных у часопісе работ, складзеныя па дзесяцігоддзях (напр., 1879—88, 1888—98 і г.д.). Часопіс адыграў важную ролю ў развіцці бел. літ.-знаўства, мовазнаўства і фалькларыстыкі.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДУКА́ЦЫЯ І ВЫХАВА́ННЕ»,

штомесячны часопіс. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. мове (асобныя матэрыялы на англ., ням. і рус. мовах). Асвятляе навук.-тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні грамадскага і сямейнага выхавання, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пед. кадраў, замежны вопыт у галіне адукацыі і выхавання.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С У АМЕ́РЫЦЫ»,

бел. часопіс у ЗША. Выдаваўся ў вер. 1948 — сак. 1949 у Саўт-Рыверы на бел. мове. Выдавец Я.​Ніхаёнак. Змяшчаў хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра грамадска-паліт. сітуацыю ў свеце і на Бацькаўшчыне, абвесткі пра пошукі родных і блізкіх. Выйшлі 4 нумары.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯСЁЛКА»,

штомесячны дзіцячы літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з крас. 1957 у Мінску на бел. мове. Друкуе апавяданні, вершы, казкі бел. пісьменнікаў, пераклады, загадкі, рэбусы, галаваломкі, песні бел. кампазітараў для дзяцей. Мае рубрыкі: «Наша спадчына», «Урок цікавых сустрэч», «Мой сябар» і інш.

Вокладкі часопіса «Вясёлка».

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.

Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час. «Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб. т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.

Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТУДЭ́НЦКАЯ ДУ́МКА»,

грамадска-палітычны, навук. і літ. часопіс Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1924—26, 1928—30, 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы: А.​Зянюк, І.​Гагалінскі, Я.​Шутовіч, М.​Шкялёнак, С.​Станкевіч, М.​Якімец. Часопіс імкнуўся прадстаўляць «агульны ідэйны кірунак адраджэнскай беларускай моладзі». Змяшчаў хроніку найважн. падзей грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця ў Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі, Латвіі, падрабязна асвятляў дзейнасць саюза, змяшчаў паведамленні аб працы Т-ва прыяцеляў беларусаведы, пра ўдзел вучняў Віленскай бел. гімназіі ў нац.-вызв. барацьбе. Шмат увагі аддаваў Аб’яднанню беларускіх студэнцкіх арганізацый у Празе, гісторыі бел. студэнцкага руху, зберажэнню і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны Беларусі. Узнімаў праблемы філасофіі, культуралогіі і паліталогіі, нац.-культ. адраджэння, псіхалогіі. Змяшчаў літ.-знаўчыя і навук. працы, лекцыі, успаміны, паэт. творы, запісы вуснай нар. творчасці, апавяданні, рэпрадукцыі карцін. Выйшла 15 нумароў, з іх 1 канфіскаваны.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 15, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)