ІНГРЭДЫЕ́НТЫ ў біялогіі,
віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС»,
«ПП», навуковыя абсерваторыі на дрэйфуючых ільдзінах Паўн. Ледавітага ак. Вынікі назіранняў станцый «ПП» выкарыстоўваюцца для прагназіравання надвор’я і лядовых умоў суднаходства на Паўночным марскім шляху. «ПП-1» арганізавана ў маі 1937 у раёне Паўн. полюса пад кіраўніцгвам І.Дз.Папаніна. Працавалі: «ПП-22» (1973—82), «ПП-23» (1975—78), «ПП-24» (1978—80), «ПП-25» (1981—84), «ПП-26» (1983—86), «ПП-27» (1984—87), «ПП-28» (1986—88), «ПП-29» (1987—88), «ПП-30» (1987—91), «ПП-31» (1988—91). У 1990-х г. дзейнасць такіх абсерваторый часова спынена.
т. 12, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
т. 5, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),
працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку без севазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКА́РСКІ ПРЫКА́З,
цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд. засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.
т. 13, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЗЯМЕ́ЛЬНЫХ УЛА́СНІКАЎ,
палітычная арганізацыя памешчыкаў Расіі ў 1905—08 і 1916—20. Засн. ў ліст. 1905 у С.-Пецярбургу для абароны буйнога прыватнага землеўладання і самадзярж. ладу ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07. Пасля яе задушэння часова спыніў існаванне (1908). Адноўлены ў ліст. 1916 з мэтай дапамогі арміі с.-г. прадуктамі і абароны прыватнай уласнасці на зямлю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 С.з. у. — падп. манархічная арг-цыя, звязаная з белым рухам. Адзін з яго кіраўнікоў А.В.Крывашэін у 1920 узначальваў белагвардзейскі «Урад Поўдня Расіі». Пасля разгрому Чырв. Арміяй асн. сіл белагвардзейцаў саюз распаўся.
т. 14, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТАЎДА́ЛА», «Книга о Таудале-рыцеры»,
помнік бел. перакладной л-ры 16 ст., твор царк.-рэліг. характару. Арыгінал аповесці ўзнік у 12 ст. на лац. мове ў Ірландыі. Бел. пераклад з чэшскай крыніцы. У аповесці выкарыстаны папулярны матыў тагачаснай л-ры — дзівоснае перавыхаванне героя-грэшніка. У аснове сюжэта незвычайнае падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны страшнымі пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысц. запаветах. Твор цікавы як сведчанне духоўных запатрабаванняў таго кола бел. чытачоў эпохі Адраджэння, у асяроддзі якіх былі яшчэ жывыя сярэдневяковыя ўяўленні і густы.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАБАРАЦЫЯНІ́СТЫ (ад франц. collaboration супрацоўніцтва),
асобы, партыі, грамадскія рухі і арг-цыі, якія ў 2-ю сусв. вайну супрацоўнічалі з ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраваных тэрыторыях сваіх краін. Да ліку К. належалі А.Ф.Петэн, П.Лавіт (Францыя), В.Квіслінг (Нарвегія), Р.Астроўскі (Беларусь) і інш. Бел. К. ставілі за мэту стварэнне бел. войска (гл. Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона) і бел. нац. дзяржавы пад пратэктаратам Германіі (гл. Беларуская народная самапомач, Беларуская рада даверу). Становішча на франтах, разгортванне антыфаш. барацьбы на акупіраваных тэрыторыях вымушалі акупантаў пашыраць сац. базу калабарацыі. У снеж. 1943 створана Беларуская цэнтральная рада, якая фактычна спыніла дзейнасць у чэрв. 1944.
А.М.Літвік.
т. 7, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.
Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Утвораны ў 1944 у г. Скідзель Гродзенскага р-на як райпрамкамбінат на базе прамысл. арцелі. У 1945 далучаны цагельныя з-ды «Міхайлаўка» і «Луна», у 1954 — лесазавод «Азёры», у 1963 — кафляныя цэхі «Агароднікі» і «Астрына», цагельны з-д «Догі» і вапнавы з-д «Ішчална», у 1964 — быткамбінат. У 1966 пасля рэарганізацыі ўсе майстэрні перададзены райбыткамбінату. З 1975 — сучасная назва. У 1990—91 уваходзіў у склад Ваўкавыскага ВА «Будматэрыялы». На 2001 у камбінаце працуюць лесацэх і цэх гумава-тэхн. вырабаў (часова закансерваваны). Асн. прадукцыя: піламатэрыялы, сталярныя і паганажныя вырабы, драўляная скрынкавая тара, паліцы драўляныя для даспявання і захоўвання сыроў і інш.
т. 14, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)