АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),
стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. ч. Ціхага ак. (паміж 35 і 42° паўн. ш.), працяг цячэння Курасіо. Накіравана на У ад в-ва Хонсю да берагоў Паўн. Амерыкі. Утварае пераходную зону на мяжы трапічных вод і вод умераных шырот. Т-ра вады 7—16 °C зімой, 18—23 °C летам. Скорасць 0,9—1,1 км/гадз. Ва ўсх. ч. Ціхага ак. разгаліноўваецца на Аляскінскае цячэнне і Каліфарнійскае цячэнне.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НЫ КІСЕ́ЛЬ,
старадаўняя бел. мучная страва. Варылі з аўсянай мукі грубага памолу, часам з вотруб’я. Муку залівалі вадой і ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай выціскалі на рэшаце (сітку) і цэд варылі. Пасля разлівалі ў посуд і ставілі ў халоднае месца, каб кісель застыў. Елі з алеем, малаком, маслам, сытою. На посную куццю аўсяны кісель быў адной з абрадавых страў. Сыры цэд давалі дзецям ад глістоў. Вадкі аўсяны кісель наз. журам.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ПРЫ,
бальнеагразевы курорт на Украіне, на ўскраіне г. Голая Прыстань, за 18 км ад г. Херсон. Вядомы з канца 19 ст. (пабудавана першая гразелячэбніца). Асн. лек. фактар — сульфідная мулавая гразь з вял. колькасцю вуглякіслых солей кальцыю і магнію і хларыдна-натрыевая рапа мясц. салёнага возера. Лячэнне імі ў спалучэнні з бальнеа- (штучныя мінер. ванны) і клімататэрапіяй (вельмі цёплае, сухое і сонечнае лета) эфектыўнае пры хваробах органаў руху і апоры, гінекалагічных, перыферычнай нерв. сістэмы.
т. 5, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ цёплае паверхневае цячэнне Нарвежскага м., галіна Паўночна-Атлантычнага цячэння. Накіравана на Пн уздоўж берагоў Нарвегіі. Каля 67° паўн. ш. ад яго адгаліноўваецца Нардкапскае цячэнне, якое цячэ ў Баранцава мора; Н.ц. далей на Пн працягваецца як Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады 5—7 °C зімой, 10—12 °C летам. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Салёнасць 34—35‰. Аказвае змякчальны ўплыў на клімат Скандынаўскага п-ва і на гідралагічныя ўмовы ўсх. ч. Нарвежскага мора.
т. 11, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСТА́Т (ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш. Гл. таксама Паветраплаванне.
т. 2, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,
пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБЕ́НА (Албена),
прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ,
1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.
2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.
Г.Ф.Вештарт.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)