ГУ́МЕН (Фелікс Фёдаравіч) (н. 28.3.1941, в. Кальцова Амурскай вобл., Расія),
бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́Н (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КВАДРА́Т»,
бел.маст. аб’яднанне ў Віцебску ў 1987—94. Створана мастакамі розных відаў, жанраў і кірункаў мастацтва (А.Малей, М.Дундзін, А.Дасужаў, А.Слепаў, В.Чукін, В.Шылко, В.Шчасны, да 1990 — В.Міхайлоўскі, Т. і Ю. Рудэнкі) як альтэрнатыва афіц. плыні ў мастацтве (т. зв. сацрэалізму). За гал. канцэпцыю дзейнасці «К.» былі ўзяты ідэі К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», права на творчы эксперымент і самаст. погляд на праблемы мастацтва. Вял. увагу аддавалі адраджэнню духоўнасці, правядзенню маст. акцый і акцый-выставак («Эксперымент», прысвечаная 110-годдзю Малевіча, 1988, Віцебск, і інш.), у т. л. сумесных з мастакамі інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Уладзімір Усцінавіч) (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Фёдар Сцяфанавіч) (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХО́ВІЧ (Валянціна Антонаўна) (н. 3.5.1945, чыг. ст. Дзівенская Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўніца Віцебскай школы акварэлі. Скончыла Віцебскі пед.ін-т (1969) і выкладае ў гэтым ін-це. Раннія творы, выкананыя ў традыц. жанрах, вылучаюцца лірычнай трактоўкай тэмы: партрэты дзяўчыны (1971), старой (1972), бацькі (1983); пейзажы «Восень» (1966), «Куточак старога Віцебска» (1972), трыпціх «Ранняя вясна» (1976), «Вясна» (1980), «Дрэвы над ракой» (1984), «Стары дом» (1987); нацюрморты «Кветкі зімой» (1987), «Галінка рабіны» (1994) і інш. Творам 1990-х г. уласцівы эмацыянальная выразнасць колеру, гарманічная лінейна-жывапісная арганізацыя кампазіцыі, дэкар. ўпарадкаванасць фармальных элементаў: «Разбураны свет» (1991), «Мігценне думак» (1994), «Ачышчэнне агнём» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,
групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.Ганчарова, К.Малевіч, А.Маргуноў, В.Татлін, А.Фанвізін, М Шагал, А.Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.
Літ.:
«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 28.10.1950, в. Чырвоны Бор Чавускага Р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Квадрат» (1987). Сярод асн. твораў: серыі «Ікар» (1975—77), «Гараскоп» (1985), «Індыйскі цыкл» (1989—95), «Хрысціянскі цыкл» (1989), «Час збіраць камяні» (1992—93), трыпціх «Веліч» (1993), дыпціх «Песня песняў Саламонавых» (1996) і інш. Пераважаюць філас.-метафарычныя і сімвалічныя вобразы, біблейскія і гіст. матывы, складаная архітэктоніка, спалучэнне рэальных і ўмоўных форм. Творам уласціва экспрэсіўнасць і чысціня колеру. Аўтар экспазіцый у Бярэзінскім запаведніку (1983), віцебскіх музеях, маст. афармлення Палаца шлюбаў у Барысаве (1996).
М.Л.Цыбульскі.
М.Дундзін. «Я прыйшоў у сад мой...» З дыпціха «Песня песняў Саламонавых». 1996.