КУЮНДЖЫ́К,

гарадзішча на левым беразе р. Тыгр насупраць г. Масул (Ірак), руіны сталіцы Асірыі — Ніневіі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, б-ка цара Ашурбаніпала і інш. (гл. Ніневія).

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,

«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.​А.​Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад ўрада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.​А.​Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.

Літ.:

Восстание в Москве 1682 г.: Сб. док. М., 1976.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КШМАНА,

герой стараж.-інд. эпасу «Рамаяна», сын цара Дашаратхі, зводны брат і адданы сябар Рамы, якога часам падмяняе сабой. Лічыцца, што ў Л. ўвасобілася восьмая доля боскай прыроды Вішну. Паводле аднаго з міфаў, ён памёр, ратуючы Раму.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДО́НА, Эліса,

у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.​Мантэнья, Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс), літаратары (Г.​Сакс, Я.​Б.​Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.​Пёрсел, А.​Скарлаці, Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн) і інш.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ТЫ, касеі,

кісіі (акадскае кашы),

старажытныя плямёны, якія жылі ў гіст. вобласці Лурэстан (ПдЗ сучаснага Ірана) у 2—1-м тыс. да н.э. Этн. прыналежнасць дакладна невядома. Часткова насялялі дзяржаву Элам. З сярэдзіны 18 ст. да н.э. рабілі набегі на Вавілонію, да пач. 16 ст. заваявалі, у 1518—1157 да н.э. правілі ў ёй (т.зв. касіцкая дынастыя; найб. вядомы помнік архітэктуры гэтага перыяду — храм 15 ст. да н.э. цара Караіндаша ва Уруку).

Апошняга цара касіцкай дынастыі Эліль-надзіна-аху [1159—57 да н.э.] скінуў цар Элама Шутрук-Нахунтэ I, які заваяваў Вавілонію і падпарадкаваў К. У ант. крыніцах у апошні раз К. згадваюцца ў 324 да н.э. пры Аляксандру Македонскім.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКУ́Л (Луцый Ліцыній) (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУЭ́Л, Манвел,

армянскі архітэктар 10 ст. Прыдворны дойлід цара Гагіка Арцруні. Стваральнік комплексу збудаванняў на в-ве Ахтамар (цяпер тэр. Турцыі) — палаца, прыстані, абарончых умацаванняў (не захаваліся) і арм. царквы св. Крыжа (915—921), аздобленай фрэскамі і разьбой па камені.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв. Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.​Дзюрэра, Я.​Тынтарэта, П.​П.​Рубенса, Дж.​Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.

Л.​М.​Драбовіч.

Да арт. Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст. н.э.
Да арт. Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.​Бандынелі. 1534.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛЬНІЧЫ,

прыдворны чын, другі пасля баярына, у Рускай дзяржаве ў 13 — пач. 18 ст. У 14—15 ст. акольнічы ўваходзілі ў склад Думы вял. князёў, займалі пасады ваяводаў, намеснікаў, паслоў, стаялі на чале прыказаў. У 16—17 ст. блізкія да цара акольнічы атрымалі баярскія званні.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КЛЯ Іван, бел. пеўчы 17 ст. Служыў у Полацкім Богаяўленскім манастыры. У 1656 паводле ўказа цара Аляксея Міхайлавіча запрошаны з сям’ёй у Маскву з абяцаннем «аддзякаваць за службу», а ў тым выпадку, калі ён не пажадае працаваць у Маскве, адпусціць яго назад у Полацк.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)