ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛОНАМЕ́ТРЫЯ,
электрахімічны метад аналізу і фіз.-хім. даследаванняў, заснаваны на вымярэнні колькасці электрычнасці (эл. зараду), якая прайшла праз электралізёр пры электрахім. рэакцыі рэчыва.
Адрозніваюць прамую К. — непасрэдна вызначаюць электрахімічна актыўныя рэчывы, і кулонаметрычнае цітраванне — у даследуемы раствор дадаюць, электрахімічна актыўны рэагент, прадукт электрахім. пераўтварэння якога хімічна ўзаемадзейнічае з рэчывам, што вызначаюць. Выкарыстоўваюць для вызначэння таўшчыні метал. пакрыццяў і аксідных плёнак, для аналізу многіх неарган. (напр., металы) і арган. рэчываў (напр., араматычныя аміны, фенолы), даследаванняў кінетыкі і механізму хім. рэакцый і інш. Гл. таксама Фарадэя законы.
т. 9, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~104К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.
Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.
т. 12, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛСПІРТАВЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з водных раствораў полівінілавага спірту. Асн. гандл. назвы: вінол, віналон, вінілон, куралон, м’юлон.
Моцныя, зноса- і атмасфераўстойлівыя, гіграскапічныя, мала электрызуюцца, хімічна стойкія, добра афарбоўваюцца. маюць добрую адгезію да пластыкаў і гумы. Для надання водаўстойлівасці П.в. ацэталіруюць (гл. Ацэталі) пераважна фармальдэгідам ці бензальдэгідам. Выкарыстоўваюць для вырабу розных тканін (адзежных, бялізнавых, кашульных) і трыкатажу, канатаў, рыбалоўных сетак, арміравання пластыкаў, водарастваральныя (не ацэталіраваныя) — як сувязнае ў вытв-сці паперы, кардону, нятканых матэрыялаў, дапаможны (растваральны) кампанент пры вырабе гіпюру і інш. ажурных тканін.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНА́ТЫ,
солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЙ І НЕАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т Акадэміі навук Беларусі, навукова-даследчая ўстанова па распрацоўцы тэарэт. і практычных праблем агульнай і неарган. хіміі. Засн. ў 1959 у Мінску на базе Ін-та хіміі АН БССР (з 1929). Асн. кірункі навук. даследаванняў: сінтэз адсарбентаў і каталізатараў, неарган. матэрыялаў з зададзеным комплексам спец. Уласцівасцяў; паверхневыя з’явы і дысперсныя сістэмы. Распрацаваны: тэхналогіі атрымання новых формаў мінер. угнаенняў; рэагентныя сумесі для флатацыі калійных рудаў Старобінскага радовішча; тэхналогіі хімічна ўстойлівых шклоэмаляў для апаратуры і трубаправодаў са сталі, актываваных вугальных валокнаў і тканін, вогнебіяахоўных матэрыялаў, святлоадчувальных кампаўндаў і лакаў, медыцынскіх геляў.
т. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,
1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.
2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЮ КАРБІ́Д, карбарунд,
хімічнае злучэнне крэмнію з вугляродам, SiC.
Бясколерныя крышталі з алмазным бляскам (пры наяўнасці прымесей мае зялёны, цёмна-шэры ці чорны колер). Тугаплаўкі (tпл 2830 °C, плавіцца з раскладаннем); па цвёрдасці саступае толькі алмазу і карбіду бору; паўправаднік. Хімічна ўстойлівы: не ўзаемадзейнічае з к-тамі (акрамя канцэнтраваных плавікавай і азотнай), растворамі шчолачаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем дыаксіду крэмнію з вугалем пры 1600—2800 °C, крэмнію з вугляродам пры т-ры вышэй за 1150 °C. Выкарыстоўваюць як абразіўны матэрыял для шліфавальных кругоў, брускоў, як кампанент вогнетрывалых матэрыялаў, для вырабу варыстараў, паўправадніковых дыёдаў і фотадыёдаў.
т. 8, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́Н (лац. Argon),
Ar, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: 36Ar (0,337%), 38Ar (0,063%), і 40Ar (99,6%). У атмасферы 16∙1012 т аргону, у зямной кары 0,165∙1012 т, у вадзе 0,75∙1012 т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.
т. 1, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЫЙ (лац. Barium),
Ba, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78∙103 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5∙10−2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)