манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн.Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЬ (Giedroyć) Міхал Ян Генрык
(25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,
грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБО́Н
(ад грэч. ambōn узвышэнне),
казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,
бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,
царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЫ́,
у беларусаў і інш.слав. народаў хросныя бацькі (кум і кума), дзейныя асобы ў радзіннай абраднасці. У далёкім мінулым К. — выканаўцы рытуалу прыняцця нованароджанага ў род. З пашырэннем хрысціянства — тыя, што прымалі дзіця пасля абраду хрышчэння. У адносінах да дзіцяці яны выконвалі патранажныя функцыі. За К. бралі сваякоў і чужых людзей. У беларусаў разам з бабкай кум і кума адыгрывалі вял. ролю на радзінах. К. памагалі адзін аднаму ў с.-г. работах, адзначалі разам святы. Звычайна К. не мянялі за выключэннем, калі дзеці ў сям’і паміралі, тады за К. бралі маладых брата і сястру ці першых стрэчных раніцай на перакрыжаванні дарог. Традыцыі кумаўства захоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ ВЯЛІ́КАЯ,
старажытная дзяржава армян, якая займала большую частку Армянскага нагор’я. Пачала складвацца ў 6 ст. да н.э., пазней — сатрапія Ахеменідаў. У канцы 4—3 ст. да н.э. самастойнае царства. У 3—2 ст. да н.э. заваявана Арташэсам І і абвешчана незалежнай дзяржавай. Пры Тыгране II [95—56 да н.э.] самая вял. дзяржава эліністычнага Усходу. У вайне з Рымам страціла амаль усе заваяванні, у 114 абвешчана рымскай правінцыяй. Пазней царская ўлада ў Арменіі Вялікай адноўлена. На пач. 4 ст.н.э. пры Аршакідах уведзена хрысціянства як афіц. рэлігія. Феад. раздробленасць, барацьба паміж Іранам і Рымам за панаванне на Усходзе аслабілі Арменію Вялікую. У 387 падзелена паміж іранскімі Сасанідамі і Візантыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр.паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г.Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст.н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.