НАГАЛЕ́НД,

штат на крайнім ПнУ Індыі. Пл. 16,5 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1991), пераважна група роднасных плямён і народнасцей нага. Адм. ц.г. Кахіма. На тэр. Н. Асама-Бірманскія горы (выш. да 3824 м). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Да выш. 1000 м пераважаюць трапічныя вечназялёныя і мусонныя лістападныя лясы, вышэй — хвойныя лясы, на вяршынях — лугі. Амаль усё насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Пашырана лядна-агнявое земляробства. На тэрасаваных схілах вырошчваюць пераважна рыс. Лесанарыхтоўкі. Саматужная вытв-сць тканін. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс. га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар. Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́РСКАЕ НАГО́РЕ (Dinarsko gorje),

нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕ́МІЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yosemite National Park),

у ЗША (штат Каліфорнія), у гарах Сьера-Невада. Пл. 304 тыс. га. Першы ў ЗША ахоўны ландшафт (з 1864), нац. парк з 1890. Маляўнічыя зах. схілы хр. Сьера-Невада з гранітнымі пікамі і купаламі (выш. да 3997 мг. Лаел), горнымі азёрамі і вадаспадамі (у т. л. Іасеміцкі вадаспад у аднайм. даліне), даліна р. Іасеміты-Крык. Хвойныя лясы, гаі гіганцкай секвоі, альпійскія лугі. У фауне 78 відаў млекакормячых, у т. л. мядзведзь-барыбал, чарнахвосты алень; каля 200 відаў птушак. Турызм. Парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

востраў у Атлантычным ак., каля ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі (Канада, ч. правінцыі Ньюфаўндленд). Пл. 111 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. чал. (1996). Ад мацерыка аддзелены пралівам Бел-Айл. Паверхня — плато з асобнымі кражамі і масівамі (найб. выш. 814 м). Берагі пераважна скалістыя, высокія. Клімат умераны, вільготны. Ападкаў 750—1500 мм за год. Рэкі кароткія, парожыстыя. Шмат азёр і балот. Радовішчы жал., медных і свінцовых руд. Да выш. 350—400 м хвойныя лясы, вышэй — участкі тундравай расліннасці. Рыбалоўства. Кансерваванне рыбы. Лесанарыхтоўкі, цэлюлозна-папяровая вытв-сць. Гал. горад і порт Сент-Джонс.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСКА́ДНЫЯ ГО́РЫ (Cascade Range),

хрыбет у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Даўж. каля 1000 км. Некалькі дзеючых і патухлых вулканаў (Рэйнір, 4392 мнайб. вышыня хрыбта; Шаста, 4317 м; Ласен-Пік, 3187 м, і інш.) узвышаюцца над моцна расчлянёным вулканічным пласкагор’ем (выш. 1800—2500 м). Складзены з мезазойскіх крышт. і палеагенанеагенавых вулканічных парод. Радовішчы медзі і золата. Вяршыні ўкрыты снежнікамі і ледавікамі. На схілах фумаролы і гарачыя крыніцы. Шматлікія каскады вадаспадаў на рэках Калумбія, Фрэйзер, Кламат і інш. далі назву хрыбту. На схілах хвойныя лясы, вышэй за 2800—3000 м субальпійскія і альпійскія лугі. Нац. паркі: Крэйтэр-Лейк, Маўнт-Рэйнір, Ласен-Волканік (ЗША).

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРО́ЦЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Wrocławskie),

у паўднёва-заходняй частцы Польшчы. Пл. 6287 км², нас. 1130,7 тыс. чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц.г. Вроцлаў. Рэльеф пераважна раўнінны. На Пн Жмігрудская катлавіна і Тшабніцкая града (257 м), у сярэдняй ч. Вроцлаўская раўніна, на Пд — перадгор’і Судэтаў (г. Шленжа 718 м). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 500—900 мм. Гал. рака — Одра з прытокамі Відава, Алава, Шленза і інш. Хвойныя і мяшаныя лясы. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Развіта маш.-буд., харч., фармацэўтычная, хім., металургічная прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Алясніца, Ельч-Ляскавіцы, Бжэг Дольны, Алава. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, тэхн. культуры. Гадуюць свіней. Санаторна-курортныя цэнтры: Тшабніца і Абарнікі-Шлёнске.

т. 4, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАІ́ЦІ (Haïti; стараж. назва Кіскея),

востраў у групе Вялікіх Антыльскіх астравоў, у Вест-Індыі. На Гаіці дзяржавы Гаіці і Дамініканская Рэспубліка. Абмываецца на Пн Атлантычным ак., на Пд — Карыбскім м. Ад в-ва Куба аддзелены Наветраным пралівам, ад в-ва Пуэрта-Рыка — пралівам Мона. Пл. 77 тыс. км². Нас. 14,4 млн. чал. (1994). Берагі моцна парэзаныя залівамі пераважна рыясавага тыпу. Складзены з вулканічных і асадкавых парод. Рэльеф гарысты, выш. да 3175 м (г. Дуартэ — самая высокая ў Вест-Індыі). Частыя землетрасенні. Клімат трапічны пасатны. На ПнУ і Пд схілы гор укрыты вечназялёнымі і мяшанымі трапічнымі лясамі. На З і ва ўнутр. раёнах — лістападныя лясы і хмызнякі, на вяршынях — хвойныя і цвердалістыя лясы. Адкрыты ў 1492 Х.Калумбам і названы ім Эспаньёлай.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),

у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч. Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),

горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з ЗАпалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч.хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.

М.В.Лаўрыновіч.

Апалачы. Хрыбет Блу-Рыдж.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)