ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ((Duponts de Nemours) П’ер Самюэль) (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),
французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПЛЕ́ЎСКІ (Рыгор Майсеевіч) (1.5. 1889, г. Брэст — 1939),
савецкі дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1915). 3 мая 1917 чл. Палескага к-таРСДРП(б), потым выканкома Гомельскага Савета. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначальваў ВРКг. Гомель. Дэлегат Дэмакр. нарады 1917, II (1917) і III (1918) Усерас. з’ездаў Саветаў. 3 сак. 1918 нам. старшыні Самарскага губвыканкома і гар. Савета. 3 мая 1920 заг. аддзела НКУС. З 1921 чл., старшыня Малога Саўнаркома, адм.-фін. камісіі СНКСССР. З 1934 нам. пракурора СССР. Чл.ЦВКСССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў «Аб рабоце У.І.Леніна ў Саўнаркоме ў 1921—1922 гг.» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗДРЫ́Н-ПЛАТНІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (н. 3.10.1932, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1987), праф. (1988). Засл. работнік культуры (1976). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам.ін-т (1956). З 1963 у Бел.дзярж.эканам. ун-це (у 1972—74 і 1988—97 прарэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах узнаўлення і павышэння эфектыўнасці асн. фондаў, выдаткаў вытв-сці, гасп. (камерц.) разліку, сукупнага грамадскага прадукту, удасканалення арганізац.-эканам. механізму кіравання вытв-сцю ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.
Тв.:
Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;
К экономике высшей эффективности. Мн., 1987;
Актуальные проблемы интенсификации общественного производства. Мн., 1988 (у сааўт.);
Основы экономической теории. Мн., 1999 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,
галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал.к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец.к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец.к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),
Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп 89Y. У зямной кары 2∙10−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.Вёлерам.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м³. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер.к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́РЫ,
шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл.Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЎЛЕНД (Cleveland),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо, порт на паўд. беразе воз. Эры. Засн. ў 1796. 492,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 2,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандлёва-фін. і культ. цэнтр краіны. Адзін з буйнейшых у ЗША цэнтраў чорнай і каляровай металургіі, металаапрацоўкі, машынабудавання. Найб. развіта аўтамаб. і ваен.прам-сць. Вытв-сць штампаваных дэталей, буд. канструкцый, станкоў і інструментаў, кампанентаў для ракет і самалётаў, прамысл. і быт. электрапрылад, дарожна-буд. машын, абсталявання для горнай, харч., паліграф. прам-сці, кантрольна-вымяральных прылад, рознага прамысл. абсталявання. Прадпрыемствы хім., паліграф., харч. прам-сці. Метрапалітэн. 8 ун-таў і каледжаў. Музеі. Тэатры, у т. л. адзін з старэйшых у краіне. У К. працуе некалькі арг-цый бел. эміграцыі.
Літ.:
Кушнер В., Сяргеева Г. Беларусы ў Кліўлендзе // Бел.гіст.часоп. 1993. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУ́ТА,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Зах. Бенгалія. Каля 3,3 млн.ж., у агламерацыі Вял.К. 11, 9 млн.ж. (1997). Буйны трансп. вузел: чыгункі, аўтадарогі, рачны і марскі порт на рукаве Ганга—Хуглі, за 140 км ад Бенгальскага заліва. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: джутавая (каля 9/10 агульнаінд. вытв-сці), разнастайнае машынабудаванне (судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, эл.-тэхн.), хім., лёгкая, у т. л. гарбарна-абутковая, фармацэўтычная, папяровая, паліграф, харчасмакавая. База марскога і рачнога рыбалоўства. Буйнейшая ў свеце чайная і джутавая біржа. Метрапалітэн (з 1984). 3 ун-ты. Інд.геагр.т-ва. Інд. музей (з 1814), гісторыка-маст. музей Вікторыі. Бат. сад.
Горад вырас з факторыі і форта Уільям, заснаваных англ. Ост-Індскай кампаніяй у 1690—91 Назва ад в Калігхат, далучанай да форта ў 1698. З 1707 сталіца Бенгаліі. З 1773 фактычна, з 1854 і юрыдычна сталіца англ. уладанняў у Індыі (да 1911, калі сталіца Індыі перанесена ў Дэлі). У 19 ст. буйны прамысл гандл.цэнтр. У К. адкрыта першае ў Індыі метро.
Калькута. У цэнтры горада.Музей Вікторыі ў Калькуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.Чавусаў, К.Фальковіч, В.Аляксандрава, А.Аляксандраў, Д.Мейчык, В.Сушчынскі, К.Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.Чэхава, «Плады асветы» Л.Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.Чырыкава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.Арцыбашава» У.Майстраха і інш.Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСКА́РБІ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.
2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.
3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛК.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.