ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),

галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.

Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Гальванатэхніка: а) Схема стацыянарнай ванны з бесперапыннай цыркуляцыяй электраліту: 1 — анодныя і катодныя штангі; 2 — вырабы; 3 — кран; 4 — фільтр; 5 — труба падачы ачышчанага электраліту; 6 — ячэйка ачысткі раствору; 7 — помпа; 8 — рухавік. б) Схема электрахімічнай устаноўкі для размернай апрацоўкі металічных загатовак: 1 — электраліт; 2 — помпа; 3 — катод (электрод-інструмент); 4 — крыніца пастаяннага току; 5 — анод (загатоўка).

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.

Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.

Літ.:

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.

І.​І.​Леановіч.

Пнеўматычны транспарт. Прынцыповая схема ўстаноўкі нагнятальнага тыпу: 1 — паветрадуўная машына; 2 — сілкавальнік; 3 — змяшальнік; 4 — пераключальнік; 5 — аддзяляльнік; 6 — бункер.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)