АМА́ЛЬДЗІ ((Amaldi) Эдаарда) (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.​Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.

Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

фундаментальны закон статыстычнай фізікі, які выражае размеркаванне імавернасцей знаходжання сістэмы, што складаецца з вял. колькасці часціц (т.зв. макраскапічнай сістэмы) у розных магчымых станах. Устаноўлена Дж.У.Гібсам (1901).

Гібса размеркаванне выражаецца як функцыя энергіі, тэрмадынамічнай імавернасці (кратнасці выраджэння) і колькасці часціц сістэмы. Для макраскапічных сістэм, якія знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе з навакольным асяроддзем, дзе падтрымліваецца пастаянная т-ра, сярэднія значэнні фіз. велічынь, вызначаныя на аснове Гібса размеркавання, супадаюць са значэннямі фіз. велічынь, знойдзеных пры адпаведных вымярэннях. Пры пэўных умовах, якія вызначаюцца ўласцівасцямі часціц сістэмы і магчымымі значэннямі яе энергіі, Гібса размеркаванне для класічнага ідэальнага газу пераходзіць у Больцмана размеркаванне, для квантавага газу базонаў — у Бозе—Эйнштэйна размеркаванне, для квантавага газу ферміёнаў — у Фермі—Дзірака размеркаванне.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ФШЫЦ (Ілья Міхайлавіч) (13.1.1917, г. Харкаў, Украіна — 23.10.1982),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1960), АН Украіны (1967). Брат Я.М.Ліфшыца.

Скончыў Харкаўскі ун-т (1936) і Харкаўскі політэхн. ін-т (1938). У 1937—68 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны. З 1969 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, электроннай тэорыі металаў, фіз. кінетыцы, статыст. тэрмадынаміцы палімераў. Устанавіў сувязь паміж назіранымі ўласцівасцямі металаў і геаметрыяй іх паверхні Фермі, абгрунтаваў магчымасць аднаўлення энергет. спектра кандэнсаваных цел па эксперым. даных. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Электронная теория металлов. М., 1971 (у сааўт.).

Літ.:

И.М. Лифшиц, 1917—1982. М., 1989.

І.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ФСКІ ((Panofsky) Вольфганг Курт Герман) (н. 24.4.1919, Берлін),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас. АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.​Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.​Фермі 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.​Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Панофскі.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).

Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш. фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Ліэе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.​Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.​Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.​Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,

квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл. Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.

Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл. таксама Квантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.

П.​С.​Габец.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЕРЛС ((Peierls) Рудольф Эрнст) (5.6.1907, Берлін — 19.9.1995),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.​Фермі 1980.

Тв.:

Рус. пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;

Законы природы 2 изд М., 1962;

Сюрпризы в теоретической физике. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)