ВА́ДКІЯ КРЫШТАЛІ́,

стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым крышталічным і ізатропным вадкім. Характарызуецца цякучасцю і поўнай ці частковай адсутнасцю трансляцыйнага парадку ў структуры пры захаванні арыентацыйнага парадку ў размяшчэнні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак). Вадкія крышталі маюць пэўны тэмпературны інтэрвал існавання.

Пераходы цвёрдага крышталічнага рэчыва ў вадкі крышталь і далей у ізатропную вадкасць і адваротныя працэсы з’яўляюцца фазавымі пераходамі. Паводле спосабу атрымання вадкія крышталі падзяляюцца на ліятропныя (утвараюцца пры растварэнні шэрагу злучэнняў у ізатропных вадкасцях; напр., сістэма мыла — вада) і тэрматропныя (узнікаюць пры плаўленні некаторых рэчываў). Па арганізацыі малекулярнай структуры адрозніваюць вадкія крышталі нематычныя (з вылучаным напрамкам арыентацыі малекул — дырэктарам і адсутнасцю трансляцыйнага парадку), смектычныя (з пэўнай ступенню трансляцыйнага парадку — слаістасцю) і халестэрычныя (нематычныя, у якіх дырэктары сумежных слаёў утвараюць паміж сабою вугал, з-за чаго ўзнікае вінтавая структура). Узаемная арыентаванасць малекул абумоўлівае анізатрапію фіз. уласцівасцей вадкіх крышталёў: пругкасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці, дыэлектрычнай пранікальнасці і інш., што выкарыстоўваецца для выяўлення і рэгістрацыі фіз. уздзеянняў (эл. і магн. палёў, змены т-ры і інш.). Многія арган. рэчывы чалавечага арганізма (эфіры халестэрыну, міэлін, біямембраны) знаходзяцца ў стане вадкіх крышталёў.

Вадкія крышталі выкарыстоўваюцца ў інфарм. дысплеях (калькулятары, электронныя гадзіннікі, вымяральныя прылады і інш.), пераўтваральніках відарысаў, прыладах цеплабачання, мед. тэрмаіндыкатарах і інш. На Беларусі даследаванні вадкіх крышталёў праводзяцца ў БДУ, Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і інш.

Літ.:

Чандрасекар С. Жидкие кристаллы: Пер. с англ. М., 1980;

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987.

В.​І.​Навуменка.

Тыпы вадкіх крышталёў: а — нематычны; б — смектычны; в — халестэрычны.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),

мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл. Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Сапфір.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́БЕЛЬ (ням. Tabelle ад лац. tabell дошчачка),

1) спіс для ўліку чаго-н. у пэўным парадку. Напр., Т.-каляндар змяшчае распісаныя па графах дні года.

2) Ведамасць паспяховасці школьнікаў.

т. 15, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФМАЎ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, у якім у алфавітным парадку зафіксаваны словы-рыфмы, ужытыя ў творчасці пэўнага паэта або ў нац. паэзіі канкрэтнага перыяду. Да 1917 у Расіі выйшла некалькі Р.с., якія адлюстроўвалі характар рыфмаў асобных рус. паэтаў, выяўлялі рыфматворныя магчымасці рус. мовы. Аднак гэтыя слоўнікі мелі нарматыўную скіраванасць і скоўвалі развіццё паэзіі. Першы Р.с. ва ўсх. славян пасля 1917 — «Слоўнік украінскіх рыфмаў» А.​А.​Бурачка і І.​І.​Гурына (1979). У пэўнай ступені Р.с. нагадваюць адваротныя слоўнікі, дзе лексіка размяшчаецца ў парадку алфавіта з канца слова. Р.с. не можа замяніць наватарскай працы паэта ў падборы неабходных сугучных слоў. Характар і якасць усіх элементаў формы, у т. л. і рыфмы, залежыць ад канкрэтнага зместу паэт. выказвання.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́К ВЕРШАВА́НЫ,

графічна і інтанацыйна выдзелены моўны рад у вершаваным творы; адзінка вершаванага рытму. Р.в. розных памераў спалучаюцца ў пэўным парадку, утвараючы строфы (страфоіды). Р.в., у якім поўнасцю змяшчаецца схема вершаванага памеру, наз. вершарадам.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл. Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве,

аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНЖЫ́Р (ням. Rangierung ад франц. ranger ставіць у рад),

1) расстаноўка ваеннаслужачых у шарэнзе (калоне) па росце, пачынаючы з правага фланга (галавы калоны).

2) У пераносным сэнсе — размяшчэнне ў пэўным парадку па ступені важнасці і значнасці.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́МІЙ (ад грэч. korēma мятла) у грыбоў, шчыльны пучок канідыяносцаў, на верхавінках якіх утвараюцца споры бясполага размнажэння — канідыі. З’яўляецца найпрасцейшай формай агрэгацыі канідыяносцаў. Характэрны для сям. стыльбелавых (Stilbellaceae) парадку гіфаміцэтаў і некат. пеніцылаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХСКЛАДО́ВЫЯ ПАМЕ́РЫ,

у сілаба-танічным вершаскладанні памеры, у якіх націскныя склады чаргуюцца з ненаціскнымі ў цотным (ямб) ці няцотным (харэй) парадку. У метрычным вершаскладанні Д.п. ўтварае спалучэнне доўгага склада з кароткім, кароткага з доўгім, двух доўгіх і двух кароткіх.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)