ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),
павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.
У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВА́Л,
раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАБІЯЦЭНО́З,
аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРЫ́ДА,
мацярык, які існаваў на месцы Паўн. Азіі ў 2-й палавіне палеазою і пачатку мезазою. Утварыўся ў выніку герцынскага тэктагенезу, што злучыў у адзіны кантынент Сібірскую і Кітайска-Карэйскую стараж. платформы і некат. зоны байкальскай і каледонскай кансалідацыі. На Пд аддзяляўся морам Тэтыс ад Гандваны, у выніку распаду якой да Ангарыды далучыліся Аравійская пліта і Індыйская платформа і ўтварыўся суперкантынент Еўразія.
т. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.
т. 11, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЭ́ЗІІ І НЬЯСАЛЕ́НДА ФЕДЭРА́ЦЫЯ (Federation of Rhodesia and Nyasalend),
адм.-паліт. ўтварэнне ў 1953—63, створана Вялікабрытаніяй у выніку аб’яднання яе афр. калоній: Радэзіі Паўднёвай, Радэзіі Паўночнай і Ньясаленда. Мела ўнутр. самакіраванне, але ўлада амаль цалкам належала еўрап. каланістам пераважна з Паўд. Радэзіі (каля 3% насельніцтва). Афр. насельніцтва выступала супраць федэрацыі, у выніку з яе выйшлі Ньясаленд (1962) і Паўн. Радэзія (1963). Фармальна скасавана 31.12.1963.
т. 13, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАМ (ад ням. Stamm літар. — ствол, аснова; сям’я, племя),
чыстая культура мікраарганізма, выдзеленага з пэўнай крыніцы ці атрыманага ў выніку мутацый. Розныя Ш. аднаго мікраарганізма часам адрозніваюцца па ўласцівасцях (напр., па вірулентнасці, адчувальнасці да антыбіётыкаў). Культуры Ш., што выкарыстоўваюцца ў прам-сці для мікрабіял. сінтэзу бялкоў (у т. л. ферментаў), антыбіётыкаў, вітамінаў, арган. к-т і інш. рэчываў, у выніку селекцыі маюць большую прадукцыйнасць, чым дзікія.
т. 17, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць асяроддзеўтваральных кампанентаў — прыродная энергія, гадавы склад атмасферы, вада, глеба, рэльеф, расл. і жывёльны свет. Збалансаванае ўзаемадзеянне Э.р. забяспечвае раўнавагу экалагічную біясферы і стварае ўмовы, неабходныя для існавання чалавецтва. Змены балансу Э.р., што ўзнікаюць у выніку выкарыстання іх чалавекам ва ўсё большых маштабах у вытв-сці і інш., у выніку прыродных катастроф (землетрасенні, навадненні, засухі і інш.) могуць весці да катастрофы экалагічнай ці крызісу экалагічнага.
т. 18, кн. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗІ́Р-ШАХ Мухамед Афшар (22.10.1688, Дэрэгёз, Іран — 20.6.1747),
шах Ірана [1736—47]. Паходзіў з цюркскага племя афшар. З 1726 на службе сефевідскага шаха Тахмаспа II, узначальваў паспяховую барацьбу супраць афганцаў і туркаў. У 1732 скінуў Тахмаспа II, у 1736 абвясціў шахам сябе. У выніку серыі захопніцкіх войнаў стварыў вял. імперыю, у склад якой увайшлі Закаўказзе, Афганістан, Хівінскае ханства і Бухарскае ханства. У 1739 захапіў і разрабаваў г. Дэлі — сталіцу Магольскай імперыі. Загінуў у выніку змовы ханаў, незадаволеных яго палітыкай.
т. 11, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́КЦЫЯ (лац. contractio) у мовазнаўстве, сцяжэнне двух або некалькіх гукаў у адзін; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае пры словаўтварэнні на стыку кораня, які заканчваецца гукамі «к», «ч», «ц», «т», і суфіксаў, што пачынаюцца з «с», у выніку частковай асіміляцыі і К. ўтвараецца зычны «ц» (напр., «казак + скі — казацкі», «ткач + ства — ткацтва», «купец + скі — купецкі»). К. галосных узнікае радзей, у некаторых бел. гаворках утвараюцца кароткія прыметнікі ў выніку выпадзення «й» (напр., «чырвонайа → чырвонаа → чырвона»).
А.І.Падлужны.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)