найбольш эканамічны від транспарціроўкі грузаў ва ўнутр. і міжнар. зносінах пры дапамозе здымных трансп. прыстасаванняў — кантэйнераў. Ажыццяўляюцца рознымі відамі сухап., воднага і паветр. транспарту, дазваляюць значна скараціць трансп. выдаткі і паскараюць перавозку. Упершыню К.п. выкарыстаны ў Расіі ў 1889, у пач. 1930-х г. у СССР паявіліся універсальныя кантэйнеры для бястарнай перавозкі штучных грузаў.
Бел. чыгунка арганізуе перавозку грузаў ва універсальных сярэднетанажных (грузападымальнасць 3 і 5т) і буйнатанажных (грузападымальнасць 20, 24 і 30 т) кантэйнерах паркаў краін СНД і Балтыі ў прамых чыгуначных, змешаных і міжнар. зносінах; рэгулюе кантэйнерныя паркі, укараняе і ажыццяўляе кантэйнерныя цягнікі і маршрутныя групы; развівае бесперагрузачныя перавозкі грузаў у кантэйнерах і каардынуе дзеянні з інш. відамі транспарту; кантралюе ўлік работы кантэйнернага парку на чыгунцы; ажыццяўляе ўвесь комплекс тэхн. прагрэсу, звязанага з К.п. На Бел. чыгунцы дзейнічае 37 станцый для перапрацоўкі сярэднетанажных і 16 для буйнатанажных кантэйнераў. Аб’ём перавозак па чыгунцы за 1997 склаў 35,4 тыс. буйнатанажных і 32,8 тыс. сярэднетанажных кантэйнераў. У напрамку Захад—Усход за 1997 перавезена 28 859 буйнатанажных кантэйнераў. Сумесна з Літ. і Рас. чыгункамі падрыхтавана перавозка кантэйнераў са Скандынаўскіх краін чаўнаковымі кантэйнернымі цягнікамі Клайпеда—Вільнюс—Мінск—Масква. Завершана падрыхтоўка для арганізацыі перавозак кантэйнераў з Японіі, Карэі і краін Д. Усходу хуткаснымі кантэйнернымі цягнікамі Находка—Масква—Брэст за 9 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСА́ВІН Леў Платонавіч (13.12.1882, С.-Пецярбург — 20.7.1952),
рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус.рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.С.Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв.гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап.гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).
Тв.:
Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;
Монашество в средние века. М., 1992;
Философия истории. СПб., 1993;
Малые сочинения. СПб., 1994.
Літ.:
В память о Л.П.Карсавине. Брюссель, 1990;
Историк-медиевист — Л.П.Карсавин (1882—1952). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК ЗЯМЛІ́ (ШСЗ),
касмічны anapam (КА), выведзены на арбіту вакол Зямлі. У адпаведнасці з міжнар. дамоўленасцю касм. апарат наз.ШСЗ, калі ён зрабіў не менш як 1 абарот вакол Зямлі. Каб цела стала ШСЗ, яму трэба надаць 1-ю касмічную скорасць, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў.
Першы ў свеце ШСЗ («Спадарожнік-1») створаны ў СССР і запушчаны 4.10.1957 з касмадрома Байканур; 1.2.1958 на арбіту выведзены першы амер.ШСЗ («Эксплорэр-1»), ШСЗ стварылі яшчэ 36 краін і шэраг міжнар. арганізацый. Але толькі 8 краін і Еўрапейскае касмічнае агенцтва маюць уласныя ракеты-носьбіты для запуску ШСЗ і лічацца касм. дзяржавамі. Усяго на пач. 2003 ШСЗ сталі каля 5000 КА. Адрозніваюць ШСЗ: аўтаматычныя, пілатуемыя і арбітальныя станцыі (АС). Аўтаматычныя ШСЗ падзяляюцца на эксперыментальныя (адпрацоўка канструкцый КА; напр., «Космас», «Палёт»), навукова-даследчыя (даследаванне Зямлі і каляземнай прасторы, астр., медыкабіял. даследаванні і інш.; напр., «Авангард», «Арыябхата», «Астрон», «Інтэркосмас», «Прагноз», «Пратон», «Эксплорэр», «Электрон», Хабла тэлескоп, «Чандра» і інш.), прыкладныя (метэаралагічныя, геад., спадарожнікі сувязі, для даследавання прыродных рэсурсаў, экалагічнага маніторынгу і інш.; напр.: «Лэндсэт», «Маланка», «Метэор», «Экран»). ШСЗ ажыццяўляюць кантроль за выкананнем міжнар. пагадненняў, збіраюць інфармацыю ў інтарэсах мін-ваў абароны і інш. Пілатуемыя ШСЗ і арбітальныя станцыі прызначаны для палёту чалавека. Першы ў свеце пілатуемы ШСЗ — «Усход» (гл. таксама «Джэміні», «Меркурый», «Саюз», «Спейс шатл», «Узыход»). Першая ў свеце эксперым. АС створана 16.1.1969 стыкоўкай на арбіце караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая сав. АС «Салют» выведзена на арбіту 19.4.1971. Гл. таксама «Скайлэб», «Мір», Касманаўтыка.
Літ.:
Аксенов Е.П. Теория движения искусственных спутников Земли. М., 1977;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,
перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал.ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-вадзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс.чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаўзах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст.мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал.ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн.чал.Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.
Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн.чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн.чал. У 1907—14 з 5зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс.чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс.чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр.рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.
Літ.:
Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СГАЛЫ́ПІНСКАЯ АГРА́РНАЯ РЭФО́РМА,
буржуазная рэформа сял.надзельнага землеўладання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1906—17. Названа па прозвішчы П.А.Сталыпіна, ініцыятара і кіраўніка рэформы. Выклікана развіццём капіталізму, барацьбой сялян за ліквідацыю панскага землеўладання і інш. рэшткаў прыгонніцтва ў час рэвалюцыі 1905—07. С.а.р. праводзілася з мэтай захавання манархіі, стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця капіталіст. адносін у с.-г. вытв-сці, умацавання слоя сял. буржуазіі і заможнага сялянства ў якасці, апоры самадзяржаўя, ператварэння асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых, паскарэння росту прадукц. сіл земляробства пры захаванні памешчыцкіх латыфундый і прадухілення агр.-сял. рэвалюцыі. Гал. змест рэформы: разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны, насаджэнне дробнакапіталіст. сял. зямельнай уласнасці і хутарской формы землекарыстання, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір, на Д. Усход, у Казахстан і інш. ўскраінныя рэгіёны імперыі. Пачалася паводле ўказа ад 22.11.1906, які дазваляў выхад сялян з пазямельнай абшчыны і замацаванне за імі зямлі ў асабістую ўласнасць. Указ з некат. папраўкамі ўхвалены Дзярж. Саветам, зацверджаны царом і прыняты Дзярж. думай як Закон 27.6.1910, дапоўнены палажэннем аб землеўпарадкаванні ад 11.6.1911, якое ўсталёўвала прымусовы выхад сялян з абшчыны і пераход да спадчыннага падворнага землеўладання.
У 1905 абшчыннае землеўладанне ахоплівала 77,1% сял. двароў і 83,2% надзельных зямель Еўрап. Расіі. На Беларусі яно не мела значнага пашырэння і захавалася пераважна ў Магілёўскай (80,5% сял. двароў, 79,3% надзельнай зямлі) і Віцебскай (53% сял. двароў, 44,6% надзельнай зямлі) губ. Падворнае ўладанне ворнымі землямі і сенажацямі панавала ў Прыбалтыцы, Зах. і Цэнтр. Беларусі, на Правабярэжнай Украіне. Нягледзячы на адм. націск улад, на пач. 1916 з пазямельнай абшчыны выйшла толькі 26% сял. двароў, на долю якіх прыпадала 14,7% сял. абшчыннага землеўладання. Найб. актыўны выхад з абшчыны назіраўся на Пд Украіны і ў Стэпавым Заволжы — у рэгіёнах адносна высокага ўзроўню развіцця агр. капіталізму. Значным быў выхад з абшчыны і на У Беларусі. Да 1916 у Магілёўскай і Віцебскай губ. з яе выйшла 139,4 тыс.сял. двароў, (63% іх агульнай колькасці). Найменш закрануты рэфармаваннем Земляробчы цэнтр, паўн.-ўсх. і паўн. губерні. Землеўпарадкаванне, якое праводзілася ў ходзе С.а.р., найперш было накіравана на стварэнне хутароў і адрубоў (гл.Водруб) на сял. надзельнай зямлі. Аднак спадзяванні ўрада на масавае ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак як апорнай базы «моцнага» сялянства не апраўдаліся. У еўрап. частцы імперыі яны ў 1907—16 складалі толькі 13,6% усіх надзельных двароў, на долю якіх прыпадала 12,2% надзельнага землеўладання. На надзельнай зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. за гэты час створана 113,8 тыс. хутарскіх і адрубных гаспадарак пл. 1147,2 тыс.дзес. (10% сял. двароў і 18,7% надзельнага землеўладання). Апрача таго, Сял. пазямельны банк прадаў пад хутары і адрубы ў гэтых губернях у 1907—16 228,7 тыс.дзес. банкаўскіх зямель, на якіх узнікла 13,5 тыс. гаспадарак. На купленай сялянамі казённай зямлі (5,4 тыс.дзес.) створана 813 хутарскіх і адрубных гаспадарак. Па адноснай колькасці хутароў і адрубоў, створаных пры выдзелах з абшчыны асобных гаспадароў дамоў, Беларусь стаяла на перадапошнім месцы сярод рэгіёнаў еўрап. часткі імперыі. Пры ўсіх намаганнях урада ў 5зах. губернях на хутары і адрубы выйшла толькі 1/8сял. двароў. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам кулакі і сял. бедната. Адным з элементаў С.а.р. было заахвочванне ўрадам сял.перасяленства. У 1906—16 з еўрап. часткі краіны ў Сібір і на Д. Усход перасялілася 3134,8 тыс.чал., у т. л. з 5зах. губерняў — 335,4 тыс.чал. (11,6% перасяленцаў з еўрап. часткі імперыі). З іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. З 1910, калі ў сялянства з’явіліся надзеі на атрыманне панскай зямлі, перасяленні рэзка скараціліся. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала сял. бедната. Царская адміністрацыя не змагла належным чынам арганізаваць перасяленчую справу, аказаць істотную грашовую дапамогу перасяленцам. У выніку значная частка іх вымушана была вяртацца ў родныя мясціны. У 1907—14 з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 546,6 тыс. (17,4%) перасяленцаў, у т. л. ў 5зах. губерняў — 36,5 тыс. (10,9%). Перасяленчая палітыка царызму не дасягнула мэты.
С.а.р. садзейнічала абеззямеленню бяднейшых слаёў сялян (якія былі вымушаны прадаваць кулакам атрыманыя ва ўласнасць землі) і канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках сял. буржуазіі. Адносна адсталая рас.прам-сць не магла прыняць у якасці рабочай сілы масу малазямельнага і беззямельнага сялянства, што захоўвала і ўзмацняла высокі ўзровень сац. напружанасці ў вёсцы. У эканам. плане С.а.р. мела прагрэсіўнае значэнне, бо паскарала рост капіталізму ў вёсцы, стварала новыя магчымасці для ўздыму с.-г. вытв-сці; расла прадукцыйнасць працы, развівалася гандл. земляробства. З выхадам на хутары і адрубы зменшыліся цераспалосіца, дробнапалосіца і далёказямелле сял. палёў, што садзейнічала развіццю сял. гаспадаркі. Аднак рэформа не прывяла да карэнных сац.-эканам. зрухаў, не вырашыла агр. пытання і не змагла прадухіліць наспяванне новай рас.бурж.-дэмакр. рэвалюцыі. Абсалютная большасць сял. гаспадарак не мела магчымасці карыстацца агранамічнай і тэхн. дапамогай, каап. крэдытам і інш. С.а.р. пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, панскіх латыфундый, за кошт згалення сял. мас. Афіцыйна яна спынена пастановай Часовага ўрада ад 28.6(11.7).1917.
Літ.:
Дубровский С.М. Столыпинская земельная реформа. М., 1963;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Аврех А.Я. П.А.Столыпин и судьбы реформ в России. М., 1991;
Зайцева Л.И. Аграрная реформа П.А. Столыпина в документах и публикациях конца XIX — начала XX в. М., 1995;
Теляк Л.В. Столыпинская аграрная реформа: Историогр. (1906—1917 гт.). Самара, 1995. Тюкавкин В.Г. Великорусское крестьянство и Столыпинская аграрная реформа. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш.).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева А.В. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1960 — пач. 1990-х гадоў.
У архітэктуры найбольшае развіццё атрымала тыпавое праектаванне, якое ажыццяўлялася ў межах пануючага кірунку функцыяналізму. Другім шляхам стаў зварот да нац. спадчыны, дасягненняў сусветнага дойлідства. Замацаванню наватарскіх рыс садзейнічала тэхніка, з дапамогай якой выпрацоўваліся новыя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. Адной з характэрных рыс архітэктуры 1960—70-х г. стаў яе кірунак на комплекснае ансамблевае буд-ва. Мастацкая выразнасць новых арх. кампазіцый забяспечвалася адпаведным размяшчэннем грамадскіх будынкаў, якія акцэнтавалі горадабудаўнічае значэнне пэўнага раёна, стылістычным адзінствам і аб’ёмна-прасторавым вырашэннем ансамбляў, добраўпарадкаваннем галоўных плошчаў, магістралей і іншых гарадскіх вузлоў. Пачаўся адыход ад традыцыйных горадабудаўнічых вырашэнняў, у аснове якіх ляжала супрацьпастаўленне цэнтраў ускраінам. Пры праектаванні і буд-ве архітэктары пачалі звяртацца да нац. традыцый, што ўзбагаціла вобразную выразнасць пабудоў. Нар. традыцыі з найбольшай паўнатой захаваліся ў сельскай архітэктуры. Невялікія памеры сельскіх населеных месцаў, аддаленасць ад гарадоў сталі ўмовай захавання і развіцця нар. асаблівасцей дойлідства. Гэтаму спрыялі культурна-быт. традыцыі і спецыфіка жыццядзейнасці насельніцтва. Блізкасць да прыроды як спецыфічная асаблівасць бел. вёскі паўплывала на вырашэнне аб’ёмна-прасторавых кампазіцый пабудоў, больш арганічнай стала сувязь з наваколлем. Узнімаліся праблемы сувязі арх. і прыродна-ландшафтнага асяроддзя, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. У выніку асноўным падыходам да арганізацыі горадабудаўнічых комплексаў стала ансамблевае буд-ва, якое ажыццяўлялася разнастайнымі арх. метадамі: гібкасцю і дынамічнасцю кампазіцый, сінтэзам арх. і прыроднага асяроддзя, сувяззю пабудоў з гіст. асяродкам, кантрастам форм і кампазіцый пабудоў, разнастайнасцю тыпаў будынкаў і інш. Адным з фактараў фарміравання арх.-маст. вобраза стаў колер і звязаны з ім маст. сінтэз, а ў якасці сродкаў арганізацыі арх.-маст. кампазіцый — маштаб, прапорцыі і рытм. У шэрагу выпадкаў ролю структурных адзінак, якія фарміруюць арх.-маст. аблічча, узялі на сабе функцыянальныя і канструкцыйныя элементы — балконы, лоджыі, галерэі, эркеры і інш. Усё адзначанае ва ўзаемадзеянні спрыяла станаўленню спецыфічнага маст. аблічча архітэктуры 1960 — пач. 1990-х г. У горадабудаўніцтве 1960—70-х г. асаблівая ўвага звярталася на сістэму развіцця грамадскіх цэнтраў. У вялікіх гарадах фарміравалася поліцэнтрычная лінейна-восевая кампазіцыя з зорчатай структурай, якая складвалася на аснове планіроўкі радыяльна-кальцавой (Мінск, Віцебск, Гомель), ці веернай, што развівалася на базе існуючай асіметрычнай кампазіцыі цэнтра (Брэст, Пінск). У 1980-я г. ў буйных гарадах складвалася разгалінаваная шматвузлавая поліцэнтрычная структура грамадскіх цэнтраў. Напр., у Віцебску цэнтр развіваўся за кошт асваення пешаходных прыбярэжных тэр.р.Зах. Дзвіна, цэнтр Магілёва фарміраваўся ўздоўж другога кампазіцыйнага дыяметра — праспекта Міру. Грамадскі цэнтр з’яўляўся ядром у фарміраванні кампазіцый бел. пасёлкаў і ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваў арх. спецыфіку населенага месца. Аблічча сельскага грамадскага цэнтра заснавана на творчым развіцці традыцый нар. дойлідства ў спалучэнні з наватарскімі пошукамі. Кампазіцыя грамадскага цэнтра, што звычайна складалася з некалькіх элементаў, размяшчалася на азялененай тэрыторыі ці каля вадаёма, вырашалася шматфасадна і стылістычна працягвалася ў забудове прылеглых тэрыторый грамадскімі і жылымі будынкамі (вёскі Акцябрская Віцебскага, Верцялішкі Гродзенскага, Зашыр’е Ельскага, Новы Двор Шчучынскага р-наў і інш.).
У гіст. раёнах гарадоў фарміраваліся пешаходныя зоны. Упершыню пешаходная зона створана ў г. Ліда, пазней — у Гродне і Брэсце; у Мінску такая зона сфарміравана ўздоўж праспекта Машэрава. Увага пры арганізацыі такіх зон аддавалася пры развіцці агульнагарадскіх цэнтраў у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Мазыры, Оршы. Маст. выразнасць дасягалася ў выніку добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі з уключэннем архітэктуры малых форм і дэкар. скульптурных кампазіцый. Планіровачная структура гарадоў узбуйнялася шляхам фарміравання новых раёнаў, працягвалася забудова і мікрараёнамі. Новыя раёны фарміраваліся каля водна-зялёных зон ці буйных гар. магістралей. Кампазіцыйным дыяметрам сталі водна-зялёныя зоны ў асобных раёнах Мінска (Серабранка, Чыжоўка), Гомеля (Валатава), Магілёва, Віцебска, Гродна, Брэста. У межах буйных гарадскіх магістралей ствараліся раёны Усход, Серабранка, Чыжоўка, Захад у Мінску і інш. Забудова новых раёнаў вялася з максімальным выкарыстаннем рэльефу і навакольных лясных масіваў. Іх маст. і дэкар. выразнасць дасягаецца пры дапамозе будынкаў рознага тыпу (прамавугольных і крывалінейных у плане, вышынных вежавага тыпу і інш.), якія кантрастуюць паміж сабой і ўтвараюць рытмічнае чаргаванне, дынамічныя ансамблевыя кампазіцыі. Рознае канструкцыйнае вырашэнне набылі жылыя дамы. Забудова вялася з выкарыстаннем маналітных, буйнапанэльных, цагляных і аб’ёмна-блочных дамоў. У 1980 — пач. 90-х г. гарады развіваліся за кошт асваення прылеглых тэрыторый (Кунцаўшчына, Зялёны Луг 6, 7, Уручча, Ангарская 3, 4, Серабранка ў Мінску, Перасёлка 3, Фарты 2, Румлёва ў Гродне; Поўдзень 5, 6, 7 у Віцебску, мікрараёны №11 і 12 у Гомелі і інш.). На прынцыпах будаўніцтва адбіўся ўлік прыродна-ландшафтнага фактару. Узгорысты рэльеф з перападамі адводзілі пад вышыннае будаўніцтва, тэрыторыі з раўнінным рэльефам забудоўвалі гарызантальна выцягнутымі дамамі. Новыя раёны гар. забудовы нярэдка фарміраваліся ўздоўж буйных магістральных вуліц з улікам трансп. сувязей. Паступова ўзбуйняўся маштаб забудовы. У розных раёнах Мінска ўзводзілі жылыя дамы на 9—20 паверхаў: у жылых раёнах Усход 1 (арх. Г.Сысоеў, І.Жураўлёў, І.Папова), Усход 2 (арх.
Г.Сысоеў, А.Белаконь, Н.Грачова), інтэрнат ΡΤ1 па вул. Першамайскай (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), дамы з магазінамі «Трыкатаж» па вул. Першамайскай (арх. Э.Святлова), «Несцерка» па вул. М.Багдановіча (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая), у мікрараёне Сярова 1 (арх. К.Сакалова, Л.Мартынаў, У.Крывашэеў, А.Сабалеўскі і інш.) і інш. Часам яны ўяўляюць сабой каскады аб’ёмаў розных вышынь: комплекс жылых будынкаў у мікрараёне Усход 3 у Брэсце (арх. В.Арсеньеў, В.Гапіенка, А.Ляшук). Жылыя дамы з убудаванай выставачнай залай па праспекце Леніна ў Гомелі (арх. С.Пеўны), па вул. Першамайскай у Магілёве (арх. Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), 300-кватэрны ў Барысаве (арх. А.Нікіцін, А.Федарэнкаў) і інш. Значнае пашырэнне атрымалі класічная прамавугольная ў плане кампазіцыя, строгасць, сіметрыя ў аб’ёмна-прасторавым вырашэнні (будынкі абкомаў КПБ у Магілёве, Брэсце, Гомелі; гаркома КПБ, Палаца культуры чыгуначнікаў у Мінску, тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, жылыя дамы па вул. Леніна ў Віцебску, па вул. Першамайскай у Магілёве). У асобных выпадках выкарыстоўваецца пірамідальная ці складаная асіметрычная кампазіцыя: корпус №15 БПІ (арх. І.Есьман, В.Анікін), ін-т меліярацыі і воднай гаспадаркі па вул. М.Багдановіча (арх. П.Кракалёў) у Мінску; жылыя дамы па бульвары Касманаўтаў у Брэсце (арх. А.Казюкоў, Г.Будзько, І.Карват, Р.Шылай); комплекс жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку (арх. Л.Краўчыня).
Буд-ва культурна-асветных устаноў вялося пераважна паводле тыпавых праектаў. Маст. выразнасць будынкаў дасягалася сістэмай аздаблення фасадаў. Пры ўзвядзенні грамадскіх пабудоў часта выкарыстоўваліся класіцыстычныя парталы: Палацы культуры Мінпрамбуда Беларусі (арх. А.Тэн, С.Неўмывакін, С.Кожар), Рэспублікі (кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) у Мінску. Выкарыстоўваліся таксама скульптурныя кампазіцыі (абл.драм. тэатр у Гродне, арх. Г.Мачульскі), дэкар. нішы (інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінжылкамгаса ў Магілёве, арх. М.Янчык), арнаментальныя дэкар. паясы (сталовая завода «Калібр» у Мінску, арх. А.Крутава), розныя віды аздаблення шкла з рэльефнай і гладкай паверхняй (школа па навучанні замежных спецыялістаў у Мінску, арх. А.Зензін). Аднак у большасці выпадкаў маст.-эстэтычны акцэнт робіцца на аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і канструкцыйныя асаблівасці. Блакіроўка аб’ёмаў розных вышынь, адсутнасць чыста дэкар. элементаў у аздабленні, правільныя геаметрычныя формы сведчаць пра наяўнасць рыс канструктывізму ў грамадзянскім дойлідстве: будынкі канцэртнай залы «Мінск» (арх. Л.Патапаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), рэсп. Дома тэхнічнай творчасці (арх. У.Даніленка, А.Зензін, М.Навумаў) у Мінску, гасцініц «Гродна» ў Гродне (арх. Ю.Патапаў, В.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў) і «Маладзечна» ў Маладзечне (арх. У.Крывашэеў) і інш. У гандлёвых, гасцінічных і спартыўных збудаваннях маст. выразнасць дасягалася канструкцыйным вырашэннем: у Мінску — Палац тэніса (арх. С.Баткоўскі, Л.Гельфанд), крыты каток у дзіцячым парку імя М.Горкага (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Бабашкін, В.Гразноў), гасцініца «Турыст» (арх. Л.Пагарэлаў), выставачны цэнтр «БелЭкспа» на праспекце Машэрава (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая, Г.Федасенка, В.Капылоў), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, М.Ткачук, У.Крывашэеў), універсамы «Рыга» (арх. Я.Дзятлаў, А.Жалдакоў), «Талін» (арх. А.Жалдакоў, Р.Яўменаў, Ф.Пархімовіч), комплекс аўтавакзала «Усходні» (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі); комплекс міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. (арх. Ю.Шпіт, Э.Вішнеўская), аэравакзалы ў Гродне (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч, М.Куняўскі, В.Васілюк, В.Чубіч) і Брэсце (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка). У жыллёвым будаўніцтве індывідуальнае вырашэнне набылі асобныя арх. элементы — балконы, лоджыі, парапеты, а таксама аздабленне панэлей (комплекс Дома быту і ін-та «Белбыттэхпраект» у Мінску, жылыя дамы па вул. Мічурына ў Брэсце, Першамайскай у Магілёве і інш.). Архітэктурная выразнасць дасягалася за кошт уключэння твораў манум.-выяўл. і дэкар. характару (мазаічныя кампазіцыі ў тарцовых частках вышынных будынкаў у жылым раёне Усход 1 у Мінску, дэкар. кампазіцыі манум. жывапісу жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку). У аздабленні выкарыстоўваліся таксама вітражы (тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску). У жыллёвым буд-ве пашырэнне набыў колер у афармленні тарцоў, элементаў балконаў, лоджый (інтэрнат РТІ па вул. Я.Коласа, жылыя дамы ў мікрараёне Сярова 1 у Мінску, на бульвары Касманаўтаў у Брэсце). На працэс форма- і стылеўтварэння паўплываў гіст. фактар. Пераасэнсаванне гіст. і нар. традыцый выявілася ў забудове новых гар. раёнаў. Сучасную інтэрпрэтацыю атрымалі формы і прынцыпы функцыяналізму і канструктывізму. У пач. 1990-х г. архітэктура знаходзілася пад уплывам постмадэрнізму; пашыраны пірамідальная ці асіметрычная планіроўка аб’ёмаў, выкарыстанне ў канструкцыях пабудоў грамадскага і жыллёвага прызначэння вежавых форм, адсутнасць чыста дэкар. аздаблення фасадаў. Нацыянальныя рысы ўвасобіліся пераважна ў сельскай архітэктуры. Аблічча сельскіх пабудоў у многім вызначылі традыцыйныя мясц. матэрыялы (дрэва, прыродны камень, цэгла): комплекс прадпрыемства быт. абслугоўвання ў в. Блонь Пухавіцкага, аднакватэрныя жылыя дамы ў пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Сухары Магілёўскага р-наў. Разнастайнасць тыпаў і канструкцый пабудоў дазволіла стварыць індывідуальны маст. вобраз архітэктуры пасёлкаў. Падтрыманню адзінай стылістычнай лініі пры захаванні нац. каларыту спрыяла дэкар. аздабленне фасадаў з выкарыстаннем традыцыйнага арнаменту (жылыя дамы па вул. Юбілейнай у в. Верцялішкі Гродзенскага, блакіраваныя з кватэрамі ў двух узроўнях у в. Сноў Нясвіжскага, сядзібны мансарднага тыпу ў в. Нявелічы Дзяржынскага р-наў і інш.). Перавага нар. і нац. традыцый над наватарскімі пошукамі стала характэрнай асаблівасцю сельскага буд-ва.
Выгляд Мінска ў раёне праспекта Машэрава.Корпус № 15 Беларускага політэхнічнага інстытута. 1976—83.Кастрычніцкая плошча ў Мінску. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.
У цэнтр.ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс.км²Нас. 49,5 тыс.чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх.ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. З Пн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварэзкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на У — р. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПРАЦО́ЎЕ,
сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.