МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),

1) камедыйны жанр у ант. нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.

2) Акцёр ці актрыса, выканаўцы М.

3) У сучасным т-ры — акцёр пантамімы.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,

караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст. н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ Аляксей Архіпавіч (н. 30.5. 1934, с. Лісцвянка Кемераўскага р-на, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1965), ген.-маёр авіяцыі (1975, з 1997 у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1981). Чл. Саюза мастакоў Расіі. Скончыў Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з П.І.Бяляевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-2» (як 2-і пілот), у час якога ўпершыню ў свеце выйшаў у адкрыты космас (12 мін); 15—21.7.1975 з В.​М.​Кубасавым — палёт на касм. караблі «Саюз-19» (як камандзір) па праграме ЭПАС. У космасе правёў 7,02 сут. Аўтар кн. «Сонечны вецер» (1977), кнігі-альбома «Жыццё сярод зорак» (1981, з А.​К.​Сакаловым). Дзярж. прэмія СССР 1981. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.А.Лявонаў.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Герман Сцяпанавіч (11.9.1935, с. Верхняе Жыліна Касіхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.9.2000),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1961). Лётчык-касманаўт СССР (1961). Ген.-палк. авіяцыі (1988). Канд. ваен. н. (1980). Скончыў ваен.-авіяц. вучылішча лётчыкаў (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968), Ваен. акадэмію Генштаба (1972). У 1960—70 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. 6—7.8.1961 здзейсніў 2-і ў свеце касм. палёт на караблі «Усход-2».

У космасе правёў 1,05 сут. Ленінская прэмія 1988. Залаты медаль імя Цыялкоўскага АН СССР. Яго імем названы кратэр на Месяцы. У 1972—91 на кіруючых пасадах ва Упраўленні касм. сродкаў Мін-ва абароны СССР.

Тв.:

700 000 километров в космосе. М., 1961;

Семнадцать космических зорь. М., 1962;

Авиация и космос. М., 1963;

Голубая моя планета. [2 изд.] М., 1982;

На звездных и земных орбитах. М., 1987.

У.​С.​Ларыёнаў.

Г.С.Цітоў.

т. 17, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫ́ТНЫ СВЕТ,

прынятае ў гістарыяграфіі абазначэнне першага і найб. працяглага перыяду ў гісторыі чалавецтва ад пачатку фарміравання грамадства (800—100 тыс. да н.э.) да пачатку сярэдневякоўя (першыя ст. н.э.). Ахоплівае 2 перыяды: першабытнага грамадства і стараж. дзяржаў (Стараж. Усход і антычнасць). У сучаснай гіст. навуцы ў больш вузкім сэнсе С.с. — стараж. цывілізацыі. Навука, якая вывучае С.с., — стараж. гісторыя, а таксама спец. гіст. дысцыпліны; гісторыя Стараж. Грэцыі, гісторыя Стараж. Рыма, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, іраністыка, семіталогія, сіналогія, усходазнаўства, хеталогія і інш. У часы антычнасці пад старажытнасцю разумелі паданні і міфы пра подзвігі багоў і герояў. У сярэдневякоўі ў развіцці чалавецтва вылучалі 2 эпохі — язычніцтва і хрысціянства. Паняцце стараж. гісторыі з’явілася і пачало набываць сучасны змест у эпохі Адраджэння і Асветніцтва. У 18—19 ст. С.с. вывучаўся гал. чынам праз творы ант. аўтараў. З 2-й пал. 19 ст. новыя звесткі пачалі прыносіць археал., этнаграфічныя і інш. даследаванні. Сучасная гісторыя С.с. вылучае 2 гал. групы цывілізацый — Усходу і Захаду і вывучае іх механізм і развіццё.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС (Anders) Уладзіслаў (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),

польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл. Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.

У.​Я.​Калаткоў.

Уладзіслаў Андэрс.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ Фёдар Іванавіч (н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),

рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв. міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. помнікаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕШО́КАЎ Алім Пшэмахавіч (н. 22.7.1914, с. Шалушка Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя),

кабардзінскі пісьменнік. Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1964). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Паўн.-Каўк. пед. ін-т (1935). Друкуецца з 1934. Першы зб. вершаў і паэм — «Каля падножжа гор» (1941). У кнігах паэзіі «Шлях конніка» (1946), «Зямля маладосці» (1948), «Сагрэтыя камяні» (1964), «Таўро» (1969), «Волатаўская чаша» (1977), рамане-дылогіі «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66; Дзярж. прэмія РСФСР імя Горкага 1968), раманах «Зламаная падкова» (1973), «Усход месяца» (1977) і інш. гіст. этапы жыцця каб.-балк. народа, каларытныя вобразы суайчыннікаў, глыбіня філас. думкі. Аўтар п’ес, твораў для дзяцей і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі К.​Камейша, Л.​Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Зламаная падкова. Мн., 1981;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981—82.

Літ.:

Сокуров М. Лирика А.​Кешокова. Нальчик, 1969.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,

паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс. чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там ​1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЕРГЕЙМ (Mannerheim) Карл Густаў Эміль (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),

фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933 1942), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнік рус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл. «Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).

К.Г.Манергейм.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)