АДКА́ЗЧЫК,

бок цывільнай справы ў судзе або спрэчкі ў гасп. судзе, якому прад’яўлена патрабаванне істца. Паводле бел. права адказчыкам можа быць грамадзянін, а таксама прадпрыемства, арг-цыя, установа, якія з’яўляюцца юрыд. асобамі; у гасп. судзе адказчыкам — толькі юрыд. асобы. Становішча адказчыка ў судзе, яго працэсуальныя правы і абавязкі прадугледжаны цывільным і гасп. працэсуальным заканадаўствамі. У крымін. працэсе магчымы ўдзел адказчыка, калі ён нясе матэрыяльную адказнасць за шкоду, прычыненую абвінавачаным.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

1) установа па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў на пэўнай тэрыторыі. Абагульняе і апрацоўвае матэрыялы назіранняў на гідралагічных пастах. На Беларусі з 1928 дзейнічаюць рачныя гідралагічныя станцыі (Паўд.-Бел., у гарадах Вілейка, Магілёў, Мінск і інш.), азёрная (у курортным пас. Нарач Мядзельскага р-на), балотная (у пас. Палескі Лунінецкага р-на) і інш., а таксама ў цэнтрах па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах.

2) Пункт з вызначанымі геагр. каардынатамі на вадаёме, дзе вядуцца гідралагічныя назіранні.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1992 як установа культуры Гродзенскага гарвыканкома. Арганізатар і маст. кіраўнік А.Бандарэнка, з 1996 — А.​Саладухін. У складзе капэлы камерныя хор (дырыжор Л.​Іконнікава) і аркестр (дырыжор У.​Борматаў), інстр. ансамбль салістаў, салісты-вакалісты. У праграмах капэлы муз. творы розных стыляў, эпох і жанраў, ад камерных (рамансы, інстр. п’есы) да сімфанічных і вак.-сімфанічных (сімфоніі, кантаты, араторыі), старадаўніх і сучасных бел. кампазітараў, рус. і зах.-еўрап. класікаў 17—20 ст., духоўная музыка, бел. нар. песні і інш. Мае на мэце адраджэнне і развіццё традыцый бел. муз. мінуўшчыны, прапаганду лепшых узораў бел. і сусв. муз. мастацтва, культ.-асв. і выдавецкую дзейнасць.

т. 5, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСІЯНА́Т,

установа (гасцініца або дом адпачынку) у курортнай мясцовасці для індывід. ці сямейнага адпачынку. Знаходзіцца ў распараджэнні ведамстваў, арг-цый, прадпрыемстваў, курортных аб’яднанняў. Мае спальныя памяшканні, кухню са сталовай, памяшканні культ.-масавага абслугоўвання, спарт. пляцоўкі. Адрозніваюць П. адпачынку і П. з лячэннем. П. адпачынку мае таксама мед. пункт (звычайна з фізіятэрапеўт. і зубаўрачэбным кабінетамі). У іх могуць адпачываць сем’і з дзецьмі пасля 4 гадоў (ёсць урачы-педыятры, выхавальнікі, дзіцячыя спарт. пляцоўкі і пакоі гульняў). П. з лячэннем звычайна размешчаны паблізу курортных мед. устаноў (санаторыяў, паліклінік, бальнеагразелячэбніц); мед. абслугоўванне амбулаторнае. На Беларусі 17 дамоў адпачынку і П. (1999).

Э.​А.​Вальчук.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Адукацыйная камісія (установа) 1/132, 506; 4/377; 5/273; 7/55, 396; 9/625; 10/485

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (Komisja Edukacji Narodowej),

установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.​Я.​Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.​Калонтай, І.​Патоцкі, Г.​Пірамовіч, Я.​Снядэцкі, І.​Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗА (грэч. basis),

1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.

2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.

3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.

4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.

5) У матэматыцы — тое, што базіс.

6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).

7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,

установа ці яе арганізацыйнае падраздзяленне для збору, назапашвання, апрацоўкі, захавання, пошуку і перадачы інфармацыі, забяспечанае тэлекамунікацыямі і ЭВМ. Выкарыстоўваецца ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання, вытв-сці, навуцы, медыцыне, транспарце і інш.

І.-в.ц. маюць супер-, міні- і мікраЭВМ, аб’яднаныя ў лакальныя камп’ютэрныя сеткі, а таксама сродкі і метады для апрацоўкі вял. масіваў даных, доступу да розных інфарм. сістэм і рэгіянальных (тэрытарыяльных) і глабальных сетак (напр., да Інтэрнета). Адрозніваюцца складам абсталявання. характарам вырашальных задач, узроўнем аўтаматызацыі і інш.

На Беларусі распрацоўку і ўкараненне інфарм. тэхналогій і інфарм. забеспячэнне ўстаноў Нац. АН праводзіць навук.-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» ў складзе н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац. АН. Гл. таксама Вылічальная сістэма, Вылічальны цэнтр.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.​Галаўня і Я.​Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.​Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),

комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш. гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.

Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш. Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)