ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),

грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ. псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.

В.​У.​Скалабан.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ (Зора Лявонаўна) (н. 1.7.1927, Мінск),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, літаратуразнавец. Жонка В.Кіпеля. Вучылася ў Бел. настаўніцкай семінарыі ў Мінску. Скончыла Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1955), бібліятэчны (1966) і параўнальнага літаратуразнаўства (1983) ф-ты Ратгерскага ун-та ў г. Нью-Брансуік (ЗША). З 1944 у Германіі. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працавала ў навук. лабараторыі ун-та Дж.​Хопкінса (1956—58). У 1966—91 у Нью-Йоркскай публічнай б-цы. Рэдактар газ. «Беларус» (ліп. 1991 — вер. 1992, з 1994). Чл. Амер. асацыяцыі слав. даследаванняў, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Разам з В.​Кіпелем склала бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988). Даследуе рукапісную бел. л-ру 16 ст. Пераклала на англ. мову «Аповесць пра Трышчана».

С.​Б.​Сачанка.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Міхайлавіч; 1896, Дзісеншчына — ?),

бел. пісьменнік. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агр. курсах. У 1915—17 у арміі, у 1919—20 у Чырв. Арміі. У 1920—30-я г. працаваў у Наркамаце земляробства БССР, чл. прэзідыума секцыі бел. мовы і л-ры Інбелкульта, Цэнтр. бюро літ. аб’яднання «Маладняк», адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Працаваў нам. дырэктара Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, дырэктарам 2-га Бел. дзярж. т-ра ў Віцебску. Рэдагаваў газ. «Камуніст» (Бабруйск). У час ням фаш. акупацыі Беларусі заг. літ. часткі Мінскага гар. т-ра. З 1944 у Германіі, потым у ЗША. У 1951—55 дырэктар управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Друкаваўся з 1920. Аповесці «Адшуканы скарб» (1925), «Два шляхі» (1926), «Вецер з усходу», «Над абрывам» (абедзве 1928) пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Пасля вайны ад літ. творчасці адышоў.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Эдвард Адам) (13.10.1847, Сляпянка, цяпер у межах Мінска — 16.6.1928),

гаспадарчы і паліт. дзеяч Беларусі. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. Скончыў Слуцкую гімназію (1865), Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1869). З 1878 член, віцэ-старшыня, старшыня Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. У 1906 ад памешчыкаў Мінскай губ. выбраны чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. З 1911 дэп. Мінскай губ. земскай управы ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага пав. У 1917 працаваў у земскіх арг-цыях, падтрымаў утварэнне БНР, удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР. У 1918 выступіў з планам аднаўлення ВКЛ. Стварыў «Саюз памешчыкаў Мінскай губерні». У снеж. 1918 у Варшаве, адзін з арганізатараў «Саюза палякаў з беларускіх ускраін». У 1919 удзельнічаў у пераўтварэнні «Саюза памешчыкаў Мінскай губерні» ў «Саюз памешчыкаў Літвы і Беларусі ў Варшаве», адзін са стваральнікаў «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі». Займаўся грамадскай дзейнасцю ў Мінску, Варшаве і Слуцку. Быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў саюзе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі. У доме Вайніловаіча ў Слуцку 14—15.11.1920 праходзіў бел. з’езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне 1920. Аўтар успамінаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел. бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час. «Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,

першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд. т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П.Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.​С.​Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.​С.​Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра I (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.​Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у т. л., магчыма, з А.​Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш. рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.

Літ.:

Гл. пры арт. Дзекабрысты.

В.​В.​Швед.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс. ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс. ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс. чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс. ж., у 1970—16 тыс. ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.

Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.​Казлоў, А.​Лебедзеў, інж. М.​Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Кашырын, Т.​Спірына, інж. Л.​Пірожнік, В.​Пузік). Асн. гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр. ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах. прамысл. зоны.

Працуюць прадпрыемствы харч. (найб. Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.

Г.​С.​Ларкін, М.​А.​Найшулер (архітэктура).

Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач 20 ст.
Рагачоў. Будынак земскай управы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,

перайманне стараж.-рус. ці нар. рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.

Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв. рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.​А.​Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.​М.​Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.​А.​Гартмана, І.​П.​Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.

На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл. драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.

В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),

граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл. Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).

Літ.:

Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863—1865 гг.: (Муравьевское время). СПб., 1898;

Паўловіч І., Лукашэвіч А. Талент, аддадзены праклёну // Культура. 1994. 26 студз., 2 лют.;

Таляронак С.В. Генерал М.​М.​Мураўёў-Віленскі. Мн.. 1998.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў,

горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс. ж. (1998).

Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн. Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл. Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс. ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс. ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл. Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс. ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.

Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл. Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл. Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.

Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.

Літ.:

Ясинский О.А., Гасенков ВЛ. Мстиславль: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Караткевіч У. Мсціслаў=Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі. Мн., 1985;

Ткачоў М.А., Трусаў А.А. Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.
Да арт. Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.
У цэнтры Мсціслава.
Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)