ФАМІ́Н Іван Аляксандравіч (3.2.1872, г. Арол, Расія —12.6.1936),
рускі архітэктар, гісторык архітэктуры. Акад. архітэктуры (1915). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—97, 1905—09) у Л.Бенуа, выкладаў у ёй. У 1897—1905 працаваў у Маскве пам.арх. Л.Кекушава, Ф.Шэхтэля; зазнаў уплыў мадэрна. У 1900—10 даследаваў архітэктуру рус. класіцызму. Стваральнік неакласіцызму ў рус. архітэктуры: дамы А.Полаўцава (1911—13), С.Абамелек-Лазарава (1912—14) у Пецярбургу і інш. У 1920—23 выканаў планіроўку і азеляненне Марсава поля. З 1929 у Маскве. Распрацоўваў тэктанічную структуру будынкаў: у Маскве — дом т-ва «Дынама» (1928—30), новы корпус Массавета (1930), будынак Мін-ва шляхоў зносін (1933—36), станцый метрапалітэна «Красныя вароты» (цяпер «Лермантаўская»; 1935), «Плошча Свярдлова» (цяпер «Тэатральная»; 1936—38) і інш.; Савет Міністраў Украіны ў Кіеве (1934—39, пры ўдзеле П.Абросімава). На Беларусі ўдзельнічаў у конкурсе па распрацоўцы праекта будынка Мінскай губ. управы, стварыў абеліск у памяць разгрому напалеонаўскіх войск пад Віцебскам (1911), распрацаваў для гарадоў Барысаў і Ваўкавыск праекты помнікаў воінам, якія загінулі ў вайну 1812, праект царквы св. Мікалая ў Барысаве. У 1940 у парку імя М.Горкага ў Мінску адбылася выстаўка работ Ф. (чарцяжы, фотаздымкі, малюнкі, кампазіцыі лепшых арх. твораў).