найбуйнейшая горная сістэма дна Атлантычнага ак., частка сусветнай сістэмы сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Агульная даўж. больш за 18 тыс.км. Асобныя ўчасткі маюць уласныя назвы: хрыбты Кніповіча. Мона; Ісландска-Янмаенскі, Рэйк’янес. Паўн.-Атлантычны, Паўд.-Атлантычны, Афрыканска-Антарктычны. Папярочнымі разломамі разбіты на ссунутыя адносна адзін аднаго сегменты, амплітуда перамяшчэнняў дасягае 300—600 км. У Паўд. паўшар’і С.-А.х. больш маналітны, на яго схілах размешчаны падводныя вулканы, вяршыні некат. з іх утвараюць астравы (напр., Ушэсця, Св. Алены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІЁН (англ. dominion ад лац. dominium уладанне),
аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт.Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ ЎМО́ЎНЫЯ ЗНА́КІ,
графічныя, каляровыя і шрыфтавыя абазначэнні для адлюстравання мясцовасці на тапаграфічных картах. Паказваюць становішча, форму і памеры аб’ектаў, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. На картах рознага маштабу яны маюць адзіную аснову паводле рысунка, колеру, шрыфтоў. Графічныя абазначэнні падзяляюцца на маштабныя (знешні контур аб’екта). пазамаштабныя (знакі ў выглядзе геам. фігур), лінейныя (для аб’ектаў лінейнай формы, напр., рэкі, дарогі, таксама гарызанталі рэльефу) і тлумачальныя (дапаўняюць характарыстыку аб’ектаў). Шрыфтавыя надпісы перадаюць уласныягеагр. назвы, від, якасныя і колькасныя характарыстыкі аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТО́СІК Іван (Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́,
1) тэрытарыяльная адзінка дзярж. утварэнняў ва Усх. Еўропе ў 9—16 ст., якія карысталіся пэўнай самастойнасцю. У Кіеўскай Русі існавалі Кіеўская, Полацкая, Тураўская, Смаленская і іншыя З. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў дзярж. ўтварэнні — княствы, на працягу 12—13 ст. з іх вылучыліся ўдзельныя княствы. У ВКЛ у 15—16 ст. існавалі Полацкая і Віцебская З. — адм.-тэр. адзінкі, узначаленыя намеснікамі (гл.Намесніцтвы), якія мелі элементы самастойнасці, замацаваныя абласнымі прывілеямі. З пач. 16 ст. яны называліся ваяводствамі.
2) У Аўстрыі і ФРГ федэратыўная адзінка. З. як члены федэрацыі маюць уласныя канстытуцыі і выбарныя органы ўлады (ландтагі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ХВА́ЛІ, уласныя хвалі,
бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.
Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.
У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл.Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл.Аўтаваганні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя (свабодныя) гарманічныя ваганні лінейных дынамічных сістэм з пастаяннымі параметрамі, дзе адсутнічаюць страты энергіі ці яе прыток ад знешніх крыніц. Характарызуюцца пэўным значэннем частаты, з якой вагаюцца элементы сістэмы, і формай (размеркаваннем амплітуд і фаз па элементах сістэмы).
Дыскрэтныя сістэмы, якія складаюцца з Ν звязаных гарманічных асцылятараў (напр., мех. маятнікаў, вагальных контураў), маюць роўна Ν Н.в. Размеркаваныя сістэмы (напр., струна, мембрана, рэзанатар) маюць бясконцае злічонае мноства Н.в. Адвольны свабодны рух сістэмы можна выявіць як суперпазіцыю Н.в., а поўная энергія руху распадаецца на суму парцыяльных энергій асобных Н.в. Пры знешнім узбуджэнні сістэмы Н.в. ў значнай ступені вызначаюць яе рэзанансныя ўласцівасці (гл.Рэзананс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВОЯДЭ́НДРАН,
мамантавае дрэва, велінгтонія (Sequoiadendron), род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. гіганцкі (S. giganteum). Пашыраны ў Паўн. Амерыцы (Каліфорнія). Выкапнёвыя рэшткі выяўлены ў Паўн. паўшар’і. Культывуецца ў парках і садах Сярэдняй Еўропы і на Пд Еўразіі.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы. Жывуць да 2,5 тыс. (паводле інш. звестак, да 3—4 тыс.) гадоў. Ствол прамы, стройны, выш. да 100 м, дыяметрам да 10 м, у старых дрэў свабодны ад галін амаль да палавіны. Крона густая, канічная або акруглая. Ігліца размешчана спіральна, шышкі даўж. 5—7,5 см. Некат. гіганцкія экзэмпляры маюць уласныя імёны. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,
найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.