ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,

сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,

паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГА́Й,

самец-вытворнік буйн. раг. жывёлы; бык. Пры адборы на племя лепшых бугаёў улічваюць выяўленасць іх пародных якасцей, стан здароўя, узровень палавой актыўнасці, якасць атрымліваемага патомства. Палавая спеласць у бугаёў настае ў 6—8 месяцаў. У злучку бугаёў скараспелых парод пускаюць у 14—16 месяцаў, познаспелых у 16—18 месяцаў. Тэрмін выкарыстання ў гаспадарцы — 6—8 гадоў (часам 12—14 гадоў). Бугаёў, не прыдатных на племя, кастрыруюць і адкормліваюць на мяса.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

Схема будовы і залягання ваданоснага гарызонту: 1 — пясок; 2 — гліна; 3 — воданасычаны пясок; 4 — крыніца; 5 — узровень грунтавых вод; 6 — напрамак руху грунтавых вод.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯГА́РА (Niagara),

рака ў Паўн. Амерыцы, служыць мяжой паміж ЗША і Канадай. Даўж. 56 км, пл. басейна 665 тыс. км². Выцякае з воз. Эры, упадае ў воз. Антарыо (узровень вады ў воз. Эры на 99 м вышэйшы. чым у воз. Антарыо). У сярэднім цячэнні ўтварае парогі і Ніягарскі вадаспад (суднаходства па абводным канале Уэленд на тэр. Канады). Сярэднегадавы расход вады 5,9 тыс. м³/с. Буйнейшая ГЭС Роберт-Мозес. На Н. гарады Буфала і Ніягара-Фолс.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Ш-АЛАКО́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Балхаш-Алакульская катлавіна,

плоская замкнёная ўпадзіна на У Казахстана. Даўж. больш за 700 км, выш. 342 (узровень воз. Балхаш) — 600 м над узр. м. Утварылася ў выніку прагіну, які запоўнены рачнымі пясчанымі адкладамі. Уключае на З воз. Балхаш, на У азёры Сасыкколь і Алаколь, на Пд пясчаныя масівы Таўкум, Муюнкум і інш. Ападкаў 135—200 мм за год. Пануюць пустынныя і паўпустынныя ландшафты. Перавеяныя пяскі ўтвараюць грады (выш. да 30 м), паўзарослыя саксаулам, джузгунам, палыном, салянкамі.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.

т. 11, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Дзмітрый Георгіевіч) (н. 22.9.1940, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1993), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965; у 1961 выключаны за т.зв. антысавецкую дзейнасць, аднавіў навучанне ў 1964). З 1969 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це. Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі камунікатыўнай лінгвістыкі (з 1991 яе прэзідэнт). Распрацоўвае пытанні тэорыі моўных узроўняў («Адзінка, функцыя, узровень. Да праблемы класіфікацыі адзінак мовы», 1985), семантычнага сінтаксісу, прагмалінгвістыкі. Адзін з аўтараў «Практыкуму па параўнальнай тыпалогіі англійскай і рускай моў» (1988).

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)