ВЕЗІ́Р, візір (араб.),
тытул міністраў і вышэйшых саноўнікаў у некаторых краінах Б. і Сярэдняга Усходу гал. чынам у сярэднія вякі і новы час.
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́Р,
1) уласнік, уладальнік чаго-небудзь.
2) У ВКЛ у 15—17 ст. тытул вялікага князя, а таксама іншаземных манархаў, вышэйшых духоўных асоб.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКА́ДА (яп., літар. велічная брама),
адзін з тытулаў японскага імператара. Паходзіць ад назвы імператарскага палаца. Выкарыстоўваўся пераважна іншаземцамі (еўрапейцамі), у Японіі ўжываецца пераважна тытул «тэна».
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЛА́Т (польск. prełat ад лац. praelatus пастаўлены над кім-н.),
у рымска-каталіцкай і англіканскай цэрквах тытул, які надаецца прадстаўнікам вышэйшага дыяцэзіяльнага і ордэнскага духавенства.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТЫ́ТУЛ (ад аван... + тытул),
першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МА (тыбецкае, літар. вышэйшы),
будыйскі манах у краінах, дзе пашыраны ламаізм. Тэрмін з’явіўся ў 8 ст. ў Тыбеце, напачатку толькі як тытул манахаў, што мелі вышэйшую вучоную ступень.
т. 9, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.
А.П.Грыцкевіч.
т. 8, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НДЫ (Grandes),
у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІКО́С (ад грэч. katolikos усяленскі, усеагульны),
тытул кіраўнікоў Армянскай апостальскай царквы (з 4 ст.), Грузінскай праваслаўнай царквы (з 5 ст.), монафісіцкай царквы (гл. Монафісіцтва) армян-католікаў. Спалучаецца з тытулам патрыярха і раўназначны яму.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)