ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,

смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БИ́РЖИ И БА́НКИ. БЕЛОРУ́ССКАЯ ДЕЛОВА́Я ГАЗЕ́ТА»,

прыватнае інфармацыйна-аналітычнае выданне. Выходзіць з 1992 у Мінску на рус. мове 2 разы на тыдзень. Разлічана на дзелавыя колы. Асвятляе паліт. і эканам. праблемы, пытанні падатковай і фінансавай палітыкі, рыначных адносін, цэнаўтварэння і інш.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НАЯ ЗМЕ́НА»,

маладзёжная газета, орган Бел. рэсп. саюза моладзі. Выдаецца з 21.4.1921 у Мінску на бел. мове, да 6.4.2002 выходзіла 4—5 разоў на тыдзень, з 23.4.2002 выходзіць як дадатак да газеты «Звязда» раз у тыдзень.

У 1921—24 і 1925 [па № 18 (166)] выдавалася на рус. мове пад назвай «Красная смена», у 1925—26 на бел. і рус. мовах. У Вял. Айч. вайну з 1943 да ліп. 1944 выходзіла як орган ЦК і Мінскага падп. абкома ЛКСМБ.

Асвятляе пытанні дзярж. маладзёжнай палітыкі. Публікуе аналіт. матэрыялы па праблемах адукацыі, маралі і права, экалогіі, гісторыі Беларусі, рэпартажы пра найб. значныя падзеі і дасягненні моладзі ў культ. і спарт. жыцці краіны, інтэрв’ю з дзярж. і культ. дзеячамі. Асн. тэматычныя рубрыкі і раздзелы: «Новыя павевы», «Соцыум», «Прафесіяналы», «Свая справа», «Студгарадок», «Пакаленне NEXT» і інш. Пры газеце працавала літ. аб’яднанне «Крыніцы» (да 2002), у 2001 створаны Клуб юнага журналіста.

Т.​У.​Люковіч.

т. 17, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ТОРГО́ВАЯ ГАЗЕ́ТА».

Выходзіць з мая 1995 у Мінску на рус. мове 1 раз на тыдзень. Выдаецца пры ўдзеле Мін-ва гандлю, Мін-ва знешніх эканам. сувязяў, Гандлёва-прамысл. палаты і Белкаапсаюза Рэспублікі Беларусь. Публікуе нарматыўныя дакументы гандл. галіны, паведамляе пра змены ў падаткаабкладанні, мытным заканадаўстве і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ СЛО́ВА»,

грамадска-паліт. газета, орган Віцебскага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць з 4.1.1991 у Віцебску на бел. і рус. мовах 3 разы на тыдзень. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Віцебска і вобласці. Друкуе матэрыялы на тэмы маралі, асвятляе вострыя сац. з’явы ў грамадстве, рэформы ў галіне эканомікі.

т. 11, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),

самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРЯ́»,

грамадска-паліт. газета. Выходзіць з 1939 у Брэсце 3 разы на тыдзень на рус. і бел. мовах. У 1939 наз. «Рабочий», у маі 1943 — ліп. 1944 выдавалася ’падпольна. Асвятляе падзеі грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны. Змяшчае на літ. старонках «Заранка» маст. творы, «Далягляд» — матэрыялы па л-ры і мастацтве, гіст.-культурнай спадчыне.

П.​В.​Ялец.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТРУД»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 19.2.1921 у Маскве на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі. Мае рубрыкі: «Падзеі і каментарыі», «Свет сёння», «Культура», «Дзелавая інфармацыя», «Рэпарцёр», «Абставіны і мы» і інш. Выходзіць штотыднёвы выпуск «Труд-7», у якім змяшчаюцца інфарм. матэрыялы і па Беларусі.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»

(«Głos znad Niemna»),

газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)