МАНЭ́ ((Monet) Клод) (14.2.1840, Парыж — 6.12.1926),

французскі мастак; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў Э.Будэна ў Гаўры (1858—59), у акадэміі Сюіса (1859—60) і ў майстэрні Ш.​Глейра (1862—63) у Парыжы. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Развіваў традыцыі пленэрнага жывапісу майстроў барбізонскай школы і Будэна, імкнуўся да перадачы асабістых уражанняў ад пейзажнага або арх. матыву праз колеравае багацце свету і эфекты зменлівасці святлопаветранага асяроддзя і мяккай вібрацыі паветра. Выпрацаваў тэхніку жывапісу раздзельнымі мазкамі і чыстымі фарбамі, разлічаную на аптычнае іх сумяшчэнне ў зрокавым успрыняцці. У серыях карцін-варыяцый «Стагі сена» (1890—91), «Руанскі сабор» (1893—95), «Німфеі» (1904—18) праз адлюстраванне аднаго і таго ж матыву ў розныя часы дня і пры розным надвор’і выяўляў разнастайнасць станаў прыроды. Сярод твораў: «Шпацыр» (1865), «Жанчыны ў садзе» (1866—67), «Сняданак на траве», «Тэраса над морам у Сент-Адрэс» (абодва 1866), «Жабнікі» (1869), «Атэль на пляжы» (1870), «Уражанне, узыход сонца» (1872), «Макі», «Вячэра» (абодва 1873), «Мост у Аржантэйлі» (1874), «Вакзал Сен-Лазар» (1877), «Берагі Сены ў Ветойль» (1880), «Скалы вострава Бель-Іль» (1886), «Белыя гарлачыкі» (1899), «Туман у Лондане» (1903), серыя пано «Гарлачыкі» (1914—22) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Сапего И. К.​Моне: [Альбом]. Л., 1969;

Георгиевская Е.Б. К.​Моне: [Альбом]. 2 изд. М., 1974;

Богемская К.Г. К.​Моне. М., 1984.

В.​Я.​Буйвал.

К.Манэ. Руанскі сабор апоўдні. 1894.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.​Л.​Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАКІ,

сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).

Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 10​9 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.

І.​Я.​Афнагель.

Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.
Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.
Высока-кучавыя воблакі пад крылом самалёта.
Кучава-дажджавыя воблакі.
Кучавыя воблакі добрага надвор’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)